Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвята з прысмакам хаўтураў



Доўгі час самым загадкавым для мяне словам ва ўсёй шматжанравай творчасьці Іосіфа Бродзкага было слова “бо”: “Бо никто нас не слышит, словно мы троглодиты”. У рафінаванай расейскай мове піцерскага паэта-дысыдэнта гэтае “бо”, несумненна, вылучалася, а ягоным беларускім прыхільнікам, бясспрэчна, лашчыла слых сваім беларускім гучаньнем.

Магчымая прычына такога моўнага адхіленьня адкрылася мне над старонкамі “Большой книги интервью” Бродзкага. Аказваецца, ягоная маці паходзіла зь Дзьвінску (цяперашняга латыскага Даўгаўпілсу), дзе спрадвек жылі беларусы і дзе ў 20-я гады мінулага стагодзьдзя існавала Дзьвінская беларуская гімназія. “Бо” – матчына слова? Цалкам верагодна.

Са шматлікіх інтэрвію Бродзкага (а іх у зборніку – 60) вынікае, што вялікі паэт быў і вялікім чытачом: ён свабодна арыентаваўся ў расейскай, ангельскай, амэрыканскай, польскай, заходне-эўрапейскай і лаціна-амэрыканскай паэзіі, апэляваў да імёнаў, цытаваў вершы, выносіў прысуды (часам задужа рэзкія і суб’ектыўныя). А яшчэ ставіў над усім імпэратыў кнігачытаньня. Сам асуджаны за тунеядзтва (насамрэч – за вальнадумства), сьведка дзяржаўнага зьдзеку над Ганнай Ахматавай, ён, тым ня менш, лічыў, што “сярод злачынстваў супраць літаратуры найбольш цяжкім зьяўляецца не перасьлед аўтараў, не цэнзурныя абмежаваньні, ня спальваньне кніг на вогнішчах. Існуе злачынства больш цяжкае – гэта грэбаваньне кнігамі, іх не-чытаньне. За гэтае злачынства чалавек разьлічвацца ўсім сваім жыцьцём, калі ж злачынства гэтае ўчыняе нацыя – яна плаціць за яго сваёй гісторыяй”.

Катэгарычна сказана, але – нібы адрасавана нам, беларусам. Бо гэта ж мы 120 гадоў таму былі абуджаныя да нацыянальнага жыцьця “Дудкай беларускай” Францішка Багушэвіча і заадно – зь яе ж! – даведаліся, “дзе ж цяпер Беларусь”. Ужо адзін гэты факт змушае нас глядзець на кнігу як на рэч сакральную. У Індыі ніхто не асьмеліцца падняць руку на сьвяшчэнную карову. Беларуская “сьвяшчэнная карова” – гэта Кніга.

Таму натуральным для нашай краіны выглядае Дзень беларускага пісьменства і друку. Ён і задумваўся спачатку 90-х як Сьвята Кнігі і яе стваральнікаў – пісьменьнікаў і выдаўцоў.

Чым жа сталася васямнаццатае па ліку нацыянальнае Сьвята Кнігі для тысячаў суайчыньнікаў, якія ў мінулую нядзелю пабывалі ў Ганцавічах? Чым заўгодна, толькі не самім сабой.

Цягам усяго сьвята бутля падазрона прастаяла нечапанай.


Сьвяда духу ператварылася ў сьвята жывата. Рэстаранная разьвясёлая атмасфэра лунала над бясконцымі прылаўкамі, якія ламаліся ад розных прысмакаў. Сям-там, праўда, трапляліся і кнігі. З пап’е-машэ, бутафорскія. Бутафорскімі аказаліся і ёмістыя бутлі з надпісам “Самагон”, якія стаялі на бутафорскіх сталах, вакол якіх сядзелі бутафорскія беларусы ў вышываных строях.

Сьвята кнігі ператварылася ў бясконцы марафон расейскамоўнай папсы, якая гучала з усіх дынамікаў і ад якой было немагчыма схавацца. Ледзь выйдзеш з “зоны дзеяньня” адной песьні – адразу трапляеш пад дэцыбэлы другой. Гэта было сапраўднае катаваньне чужамоўнай папсой, якое ня кожны змог вынесьці – сыходзілі і зьяжджалі прэч раней часу.

Сьвята пісьменьнікаў і кнігавыдаўцоў стала днём гандлю для разьбяроў, ганчароў, гутнікаў, майстроў саломапляценьня і прадстаўнікоў іншых вольных прафэсій, якія занялі пад сваё рамяство дзьве цэнтральныя вуліцы. Супраць іх ня маю нічога, але ці ж заменіш збанком ці саламяным брылём кнігу?

Ганцавіцкая бутафорыя: кніга і чытач.



Адзін з чыноўных мужоў, выступаючы на адкрыцьці сьвята, усіх зьдзівіў ды, відаць, і сам зьдзівіўся, назваўшы лічбу выдадзеных за мінулы год кніг – 5 600. Агульным накладам ажно 17 мільёнаў. Ці гэты муж ня ведае, што беларускі Дом друку ледзь пасьпявае выконваць замовы маскоўскіх выдавецтваў, якія потым фурамі вывозяць сваю прадукцыю ў Расею, перад гэтым заваліўшы ёю і нашы кнігарні? Чаму дзяржаўны муж не назваў другую лічбу – той малы адсотак, які займае ў агульным кніжным Манбляне кніга беларуская, выпуск якой у нас з кожным годам зьмяншаецца?

Каб уявіць сабе той мізэрны адсотак, параўнаем наклады нядаўна выдадзеных беларускіх кніг і агучаныя на сьвяце 17 мільёнаў. Паэтычныя “Лісты да запатрабаваньня” Генадзя Бураўкіна – 1000 асобнікаў. “З апокрыфа ў канон” Алеся Разанава – 500 асобнікаў. “Творы” Алеся Салаўя – 400 асобнікаў. Дэбютны зборнік “Ня ўпаў жолуд” Антона Францішка Брыля – 200 асобнікаў. “Нацыянальна-культурнае жыцьцё Беларусі (1941—1944)” доктара гісторыі Леаніда Лыча – 100 (!) асобнікаў. Збор твораў народнага паэта Ніла Гілевіча – 70 (!!) асобнікаў…

Як з гэтых лічбаў скласьці сьвяточныя 17 мільёнаў? Відаць, у нашай краіне кнігі лічаць таксама, як і галасы выбарнікаў…

Ганцавіцкая раённая бібліятэка не пабаялася проста на вуліцы зладзіць выставу старадрукаў. Сярод іх я прыкмеціў і “Беларускую граматыку” Браніслава Тарашкевіча, наклад якой (100 000 асобнікаў) яскрава паказвае, пры якіх акупантах беларускай мове і беларускай кнізе жылося лягчэй. Са мной моўчкі пагадзіліся два дзясяткі кнігалюбаў, якія засяроджана гарталі кніжныя рарытэты.

Беларускія кнігі і дыскі прывезьлі на сьвята Ўладзімер Содаль і Вітаўт Мартыненка.


Дасхочу надыхаўшыся шашлычнымі пахамі і яўна не патрапляючы ў рытм народнага гуляньня, якое з прытупам і прысьпевам кацілася па Ганцавічах, я сумна падумаў, што ўпершыню пакіну падобнае сьвята бяз кніжных навінак. І тут бачу – у сьвяточным натоўпе з хаўтурным выглядам ідзе паэт Алесь Каско. Павіншаваў калегу з увекавечаньнем у бронзе – тым самым днём у Ганцавічах адкрылі Алею пісьменства, дзе на адным з помнікаў – поруч з імёнамі Аляксандра Сержпутоўскага, Васіля Праскурава і Міхася Рудкоўскага – пазначана і яго імя. Алесь толькі сумна ўсьміхнуўся, дастаў з торбы і надпісаў сваю новую кнігу “Нічога больш”, сьціпла выдадзеную ў Берасьці на сродкі спонсараў. Вось такое салямонавае рашэньне ганцавіцкіх уладаў: помнік мы табе паставілі, а кніжкі сам выдавай. Нібыта і ганарацца таленавітым земляком, і адначасова – пабойваюцца. А раптам паэт вылузьнецца з бронзы і грымне на ўсе Ганцавічы вершам, напісаным калісьці перад сумнавядомым рэфэрэндумам:

Вось – гвалтоўны гісторыі ход:
Пагарджаны вякамі народ,
Што душою аглух і асьлеп,
Плюне ў мову, і ў сьцяг свой, і ў герб.
І тады, як адвернецца сьвет,
Ці апомніцеся, прэзыдэнт?
– Нет.


Перад тым прыжыцьцёвым помнікам на Алеі пісьменства прыгадаліся мне і радкі другога паэта (беларуса паводле пашпарту) – Яраслава Сьмелякова: “Приснилось мне, что я чугунным стал – мне двигаться мешает пьедестал”. Кажуць, найцяжэйшае выпрабаваньне – меднымі трубамі. Да трубаў тых можна дадаць і чыгунныя ці бронзавыя п’едэсталы…

Тым самым днём у Ганцавічах адкрывалі яшчэ адзін помнік – Якубу Коласу, які ў маладосьці настаўнічаў у недалёкім Люсіне. І тут ужо чыноўнікі ня боязь сваю паказалі, а непрыхаванае хамства. Прысутнаму на ўрачыстасьці сыну народнага песьняра Міхасю Канстанцінавічу Міцкевічу не далі слова. Інтэлігентны і стрыманы чалавек, ён ня стаў тое слова прасіць ці патрабаваць. З-пад гарачаватага па-летняму сонца сышоў у цянёк, пад дрэвы, дзе мы зь ім і пагутарылі.

Міхась Міцкевіч каля помніка Якубу Коласу.


Мне было цікава пачуць думку Міхася Канстанцінавіча пра новы Збор твораў Якуба Коласа ў 20 тамах, дзе творы клясыка (верш “Першы гром”, паэмы “Сымон-музыка”) друкуюцца ў несуразных савецкіх рэдакцыях. Аказалася, што мы аднолькава глядзім на праблему, але акадэмічны Інстытут літаратуры стаіць непахісна за савецкага Коласа і на дацэнзурныя варыянты і выданьні не зважае.

Што мой шаноўны суразмоўца – доктар тэхнічных навук, адмысловец у галіне апрацоўкі мэталяў, я ведаў. Але нават і не падазраваў у ім таленавітага паэта-эпіграміста. Эпіграмы Міхась Міцкевіч піша на дзьвюх мовах. Вось адна зь іх, прысьвечаная, па словах аўтара, унуку-неслуху:

Рождаются нечасто гении
На протяжении веков.
Бывают чаще огорчения –
Рождают бабы дураков.
Идут на смену поколений
Трудяги, умники, бомжи.
Явился Саша – чем не гений?
Возможно. Только гений лжи.


Тым і застанецца ганцавіцкае сьвята пісьменства ў маёй памяці: нешта бязгучна прамаўляюць мясцовыя паэты каля гэтак званай літаратурнай ратонды, над людзкімі галовамі лунае ўсенародны шлягер “Чарка на пасашок”, а сын Якуба Коласа непадалёк ад толькі што адкрытага помніка бацьку чытае мне свае эпіграмы.

Пагадзіцеся – ужо з-за аднаго гэтага варта было праехаць чатырыста кілямэтраў. Але на зваротным шляху ў Менск нас чакала яшчэ адно неспадзяванае дзіва. Па падказцы мясцовага краязнаўца мы заехалі ў вёску Малыя Круговічы, дзе ёсьць вуліца імя Віктара Гардзея.

Малыя Круговічы. Вуліца імя земляка.


Вуліца насіла імя Суворава, але на ёй нарадзіўся не Сувораў, а Гардзей (дай Божа яму доўгіх гадоў жыцьця). Старшыня сельсавету правёў вясковы плебісцыт, і імя слаўнага земляка заняло ганаровае месца на крайняй хаце. І гэта быў адзіны ў гісторыі выпадак, калі беларускі пісьменьнік сам-адзін перамог расейскага генэралісімуса з усім ягоным незьлічоным войскам!

Марыя Муха і Надзея Пакумейка (між імі ганцавіцкі “малец”Анатоль Сідарэвіч) галасавалі за Віктара Гадзея.


А гэта значыць, айчынная літаратура – жыцьцястойкая і заслугоўвае сапраўднага дзяржаўнага прызнаньня, а не звульгарызыванага сьвята з прысмакам хаўтураў.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG