Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: адкруціць курс да 7000 рублёў за даляр можна за пару дзён


Курс беларускага рубля ў адносінах да найважнейшых валют працягвае ўмацоўвацца. Сёньня на чорным рынку наяўны даляр каштуе ў сярэднім 8200 рублёў, тады як яшчэ на пачатку тыдня гэтая лічба дасягала 9000. Экспэрты лічаць, што імклівае падзеньне затармазілася на тле абяцаньняў уладаў пачаць паступовы выхад на раўнаважны курс ужо ад сярэдзіны месяца. Паводле Нацбанку, 14 верасьня на дадатковай сэсіі Беларускай валютна-фондавай біржы рэальны курс рубля будзе фармавацца на падставе попыту і прапановы. У які бок схіляцца рублёвыя шалі?

Вынікі пробных таргоў, якія прайшлі напярэдадні і мелі, як запэўніваюць у Нацыянальным банку, «тэхнічны характар», не агучваюцца. Між тым некаторыя аналітыкі пасьпяшаліся абвясьціць, што, па іх зьвестках, сярэдняе арытмэтычнае попыту і прапановы ў безнаяўным сэктары наблізілася да 10 000 рублёў за даляр, што павінна азначаць адпаведны прырост і на наяўным рынку. Але няўжо рынкавы патэнцыял менавіта такі — амаль удвая большы за афіцыйны курс? Фінансавы аналітык Сяргей Чалы ў гэтай сувязі кажа: ёсьць падставы спадзявацца, што спэкулятыўныя працэсы будуць спыненыя, а лічбы, якія расьлі збольшага ад неакрэсьленасьці плянаў вышэйшага кіраўніцтва, усё ж будуць зьніжацца:
Пасьля некалькіх дзён рэальных таргоў курс будзе зьніжацца, прычым істотна ніжэй за той узровень, які ёсьць цяпер.

«Па вялікім рахунку, учора проста быў укід ад банкаў. Трэба разумець, што лічба ў 9800 за даляр ніякага фізычнага сэнсу ня мае, паколькі было чыста віртуальнае практыкаваньне. Але я практычна перакананы: пасьля некалькіх дзён рэальных таргоў курс будзе зьніжацца, прычым істотна ніжэй за той узровень, які ёсьць цяпер. Мяркую, што будзе нават ніжэй, чым цяперашнія лічбы ў раёне 8000. То бок усё вернецца прыкладна да таго ўзроўню, калі курс рэзка стартаваў цягам двух тыдняў, даючы рост па 2–3% на дзень. Мой прагноз — 6500–7000».

Ці азначае гэта, што курс, які імкліва рос, адзін час дасягнуўшы нават 9000 рублёў за даляр, быў надуманы ды грунтаваўся на спэкулятыўных чаканьнях удзельнікаў рынку?

Сяргей Чалы: «Ня тое што надуманы, бо для гэтага, натуральна, былі падставы. Плюс улады сваімі ня вельмі ўдалымі нарадамі нарабілі спраў: маўляў, адкладзем рашэньне спачатку на тыдзень, потым адтэрмінуем яшчэ на два тыдні; пасьля заявілі, што для пачатку няхай будзе зробленая тэставая вэрсія, а потым яшчэ як-небудзь — вядома, усё гэта спрыяла нэрвознасьці. Але там псыхалягічныя фактары адыгрывалі большую ролю, чым фундамэнтальныя. Зноў жа, абяцаньні стабілізаваць сытуацыю цягам 1,5–2 месяцаў. Шчыра кажучы, выйсьці на адзіны курс можна нашмат хутчэй, але, мабыць, яны ўжо спэцыяльна адмяраюць тэрмін даўжэйшы, каб было гарантавана, з запасам. Трэба было раней не займацца гэтым глупствам, не прыдумляць усе гэтыя лішнія сэсіі, а зрабіць адну адзіную — і ўсё. Ну, зноў хочуць неяк так, у некалькі этапаў. Зразумела, што баяцца ўжо ўласнага ценю, бо столькі нароблена дурных рашэньняў, пасьля якіх рынкі так нэрвова рэагавалі. Таму ў гэтым сэнсе ўлады зразумець можна».

Дзелавая супольнасьць не хавае абурэньня, што запатрабавалася паўгода, каб улады нарэшце пачалі рабіць нейкія крокі дзеля разьвязаньня сытуацыі, якая склалася ў фінансавай сфэры. Кансультант Міхаіл Крычэўскі перакананы, што скіраваць працэсы ў цывілізаванае рэчышча можна было яшчэ ўвесну, калі банкіры і эканамісты прапаноўвалі Нацбанку распачаць выхад на адзіны курс праз вызначэньне попыту і прапановы. Тады чыноўнікі такую ініцыятыву праігнаравалі, урэшце вярнуўшыся да яе, але страціўшы шмат часу:
Калі ўрэшце нешта будзе рабіцца так, як цяпер нам абяцаюць, то мы яшчэ маем нейкі шанец адыграць сытуацыю.

«Мне здаецца, Беларусь не заслугоўвае таго, каб у яе былі менавіта такія падыходы да фінансавага мэнэджмэнту з боку ўраду. У Беларусі ж ужо паўгода мы назіраем гэткі практыкум маладога фінансіста. Прынамсі, складаецца ўражаньне, што наш урад выступае ў ролі такога маладога фінансіста, які, шчыра кажучы, ня мае вельмі адметных здольнасьцяў, але бярэцца за глябальныя задачы. Калі ўрэшце нешта будзе рабіцца так, як цяпер нам абяцаюць, то мы яшчэ маем нейкі шанец адыграць сытуацыю. Але калі ўсё будзе працягвацца, як апошнія паўгода — нейкі інфармацыйны футбол у нейкія незразумелыя вароты — ні аб чым, ні пры чым, без канкрэтыкі, — то, на жаль, сытуацыя пагражае хутка перайсьці ў крытычную».

Да якога паказьніку раўнаважнага курсу імкнуцца ўлады — пакуль не паведамляецца. Ня так даўно старшыня Нацбанку Надзея Ермакова супакоіла насельніцтва — маўляў, не хвалюйцеся, вышэй за 10 000 лічбы не перакрочаць. Іншыя чыноўнікі не такія катэгарычныя: напярэдадні віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Сяргей Румас сказаў, што ня будзе агучваць прагнозны ўзровень, але пры гэтым запэўніў: улады будуць працаваць над тым, каб курс, з аднаго боку, быў рынкавы, а з другога — прымальны для суб’ектаў гаспадараньня і насельніцтва.

Нацбанк абвясьціў, што дадатковая сэсія на Беларускай валютна-фондавай біржы запрацуе 14 верасьня. Удакладняецца мэханізм: банкі будуць падаваць папярэднія заяўкі на куплю і продаж валюты, а падчас таргоў пакідаецца магчымасьць для дадатковых заявак. У выніку вызначыцца розьніца паміж сумарнымі заяўкамі на куплю і продаж, пасьля чаго курс лоту будзе падвышацца ці паніжацца. Калі сумарныя аб’ёмы заявак супадуць, курс лічыцца вызначаным і ўдзельнікі заключаюць зьдзелкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG