Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць мітаў аб 11 верасьня 2001 году


Паводле афіцыйных падлікаў, у тэрарыстычных атаках супраць ЗША 11 верасьня 2001 году агулам загінулі 2992 чалавекі.

Браян Майкл Джэнкінс, амэрыканскі экспэрт ў пытаньнях тэрарызму і бясьпекі на транспарце, перад 10-мі ўгодкамі тэрарыстычных атакаў на ЗША апублікаваў артыкул у газэце "Washington post", у якім ён разьвенчвае пяць з «найбольш устойлівых мітаў» аб гэтай трагедыі.


Міт 1: Атаку 11 верасьня 2001 нельга было прадбачыць.


Джэнкінс піша, што удар самалёта ў адну зь вежаў Сусьветнага гандлёвага цэнтру называўся экспэртамі сярод магчымых тэрарыстычных пагрозаў пасьля бомбавай атакі на цэнтар у 1993 годзе. Тады пад адным з хмарачосаў цэнтру узарваўся грузавік з выбухоўкай, у выніку чаго загінула шэсьць чалавек і было паранена больш за тысячу. Джэнкінс быў адным з тых экспэртаў, якія такую пагрозу прадбачвалі. Джэнкінс таксама прыгадвае паведамленьні, паводле якіх выкрадальнікі францускага рэйсавага самалёта ў 1994 годзе разважалі магчымасьць пратараніць ім Эйфэлеву вежу. І ён яшчэ паведамляе, што ў 1995 годзе амэрыканскія ўлады выкрылі тэрарыстычную змову, у якой змоўнікі (адным зь іх быў Халід Шэйх Мухамэд, які заплянаваў атаку 11 верасьня 2001) намерваліся ўдарыць самалётам, напоўненым выбуховымі матэрыяламі, у галоўную кватэру ЦРУ.


Міт 2: Атака была стратэгічным посьпехам Аль-Каіды.


Джэнкінс лічыць, што атака аказалася стратэгічным промахам Аль-Каіды, хоць была несумненна яе тактычным посьпехам. У даўжэйшай пэрспэктыве, аргумэнтуе Джэнкінс, Усама бін Лядэн разьлічваў, што ЗША пасьля атакі адмовяцца ад сваёй палітыкі на Блізкім Усходзе. Гэтак ня сталася.


Міт 3: Вашынгтон перагнуў палку ў сваёй рэакцыі на атаку.

Пасьля атакі на Сусьветны гандлёвы цэнтар і Пэнтагон, амэрыканцы ня ведалі, ці пагражаюць іх краіне далейшыя тэрарыстычныя атакі Аль-Каіды, піша Джэнкінс. Узмацненьне выведкі і ўнутранай бясьпекі ды вайсковая інтэрвэнцыя за мяжою, паводле яго, былі неабходнымі захадамі, каб разьбіць вучэбныя лягеры Аль-Каіды і прадухіліць далейшыя атакі.

Міт 4: Тэрарыстычная ядзерная атака зьяўляецца непазьбежнасьцю.


Не існуе і мінімальнага доказу, цьвердзіць Джэнкінс, што Аль-Каіда валодае ядзернай бомкай.

Міт 5: Грамадзянскія свабоды былі падрэзаныя ў корані пасьля 11 верасьня 2001.


Джэнкінс не пагаджаецца зь меркаваньнем, што узмоцненыя захады бясьпекі, якія зрабіў амэрыканскі ўрад пасьля 11 верасьня 2001, насамрэч парушылі канстытуцыйныя свабоды грамадзянаў ЗША. Аднак ён прызнае, што амэрыканскія каштоўнасьці не заўсёды браліся пад увагу пры абыходжаньні з замежнымі ўдзельнікамі баявых дзеяньняў супраць ЗША, у адносінах да якіх ужываліся катаваньні падчас допытаў і зьняволеньне ў сакрэтных турмах за мяжою.

У разбураных хмарачосах Сусьветнага гандлёвага цэнтру ў Нью-Ёрку загінулі 2759 чалавек (уключаючы 9 чалавек экіпажу, 76 пасажыраў і 5 тэрарыстаў на борце самалёту American Airlines Flight 11 ды 9 чалавек экіпажу, 51 пасажыра і 5 тэрарыстаў-выкрадальнікаў на борце самалёта United Airlines Flight 175).


У атацы супраць Пэнтагону, сядзібы Міністэрства абароны ЗША, загінулі 189 чалавек (125 чалавек у Пэнтагоне, 6 чалавек экіпажу, 53 пасажыры і 5 тэрарыстаў-выкрадальнікаў на борце самалёта American Airline Flight 77).

У катастрофе самалёта United Airlines Flight 93, які разьбіўся каля мясцовасьці Шанксвіл у Пэнсыльваніі, загінулі 44 чалавекі (7 чалавек экіпажу, 33 пасажыры і 4 тэрарысты-выкрадальнікі).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG