Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рускі мядзьведзь на Каралеўскай гары. Убачанае на ўласныя вочы. Ч.1. Кёнігсбэрг


Калінінградзкая вобласьць — самая заходняя і самая малая па плошчы вобласьць Расейскай Фэдэрацыі. Але, дзякуючы аддаленасьці ад цэнтру і пакінутай немцамі спадчыне, можа дазволіць сабе жыць ня так, як астатняя Расея.

Сувязь з рэгіёнам — праз "Маскву" (гатэль)

Гэта адзіны адміністрацыйны суб'ект Расеі, які ня мае сухапутнай мяжы зь іншай тэрыторыяй. Дарэчы, зь мільённага насельніцтва вобласьці 50 тысяч складаюць беларусы — другая паводле колькасьці пасьля ўласна расейцаў нацыянальная групоўка ў анкляве. Немцаў, якія гаспадарылі на экспрапрыяваных 65 гадоў таму прускіх землях, не набіраецца і 10 тысяч.

Кёнігсбэрскі беларус Яўген Ліс

Нараджэнец Смаргоншчыны Яўген Ліс — мой гід па Калінінградзе і ваколіцах. Жыве тут амаль паўстагодзьдзя. Кіраваў акцыянэрным таварыствам "Аўтакалёна 1359", якое забясьпечвала пастаўкі прадукцыі па горадзе і за мяжу. Цяпер на пэнсіі.


Мяшанка архітэктурных стыляў

Прусы-паганцы жылі тут ад V стагодзьдзя. У хрысьціянскую веру іх спачатку заганялі місіянэрскія атрады, камандзіраваныя рымскімі папамі, а потым Тэўтонскі ордэн. Цягам наступных стагодзьдзяў прусы згубіліся ў масе нямецкіх каляністаў, а герцагства пераходзіла ад Польшчы да Расейскай імпэрыі, пакуль не прыбілася да Нямеччыны. Пасьля ІІ усясьветнай вайны траціна Ўсходняй Прусіі адышла Савецкаму Саюзу, астатняя тэрыторыя — Польшчы. Да лета 1946-га нават захоўвалася гістарычнае адценьне — Кёнігсбэрская асобая ваенная акруга, аднак потым горад і вобласьць перайменавалі ў гонар "усесаюзнага старасты" Міхайлы Калініна.


Нямецкім духам толькі пахне

Да 1947-га завяршылася перасяленьне "ворагаў савецкага народа": у Нямеччыну дэпартавалі тысячы немцаў і прускіх літоўцаў. Архіўныя дакумэнты сьведчаць, што многім далёка зьехаць не ўдалося: у Польшчы некалькі эшалёнаў зь "невядомых" прычынаў пайшлі пад адхон. Кожнаму дэпартаванаму дазвалася мець з сабой усяго 7 кіляграмаў маёмасьці. Іншымі словамі, пакідалі ўсё, што было нажыта многімі пакаленьнямі.
Некалі нямецкі хутар, цяпер — "русский теремок"

Са слоў цяперашніх калінінградцаў, іх продкі ў другой палове 1940-х заяжджалі на бюргерскія хутары ды ў кватэры літаральна на ўсё гатовае: стаялі ложкі зь пярынамі і падушкамі, кухні з посудам і сталовымі прыборамі, дамы-замкі пад чырвонай чарапіцай з поўным наборам фэрмэрскага абсталяваньня. Такія ўмовы былі раем для савецкіх перасяленцаў, уключна зь беларускімі, якія ахвотна ехалі на прускія землі з дабітых вайной тэрыторый.
Шмат якія "цытадэлі" на маюць патрэбнага дагляду

Напамінам пра былы дабрабыт — усё такія ж моцныя нямецкія дамы-цытадэлі. Асноўная маса пабудоў ня ведала капітальнага рамонту як мінімум 65 гадоў — ад моманту пераўвасабленьня Кёнігсбэргу ў Калінінград. Як правіла, новыя гаспадары ня надта дбалі пра стан халяўнай уласнасьці, і таму шмат якія будынкі выглядаюць не найлепшым чынам. Але агульнае адчуваньне, што рускім духам тут патыхае збольшага выпадкова, суправаджае амаль няспынна.
Закінуты форт "аброс" лесам

Іншая справа — ваколіцы горада. Тут якраз усё па-расейску. Калі бур'ян — то ў чалавечы рост. Калі запусьценьне — то на гектары. Апрацаваных і дагледжаных палеткаў — мізэр. На ўскрайку — мёртвыя ваенныя гарадкі: пустыя афіцэрскія інтэрнаты з выбітымі шыбамі і дзьвярыма... Цяжка верыцца, што ў часы вэрмахту Кёнігсбэрг меў статус "жытніцы з малочнымі берагамі" для ўсёй Нямеччыны. Дарэчы, усю дарогу да мора — больш за 40 кілямэтраў — спэцыфічны пах. Паўмільённы горад дагэтуль карыстаецца каналізацыяй даваенных часоў. Дакладней, комплексам каналаў, па якіх у бухту плывуць прадукты жыцьцядзейнасьці. Мясцовыя іх называюць проста — "гаўнацечка". Толькі сёлета пачалі мантаж ачышчальных збудаваньняў.
Кавалачак Прусіі пад мадэрн

Адміністрацыйны цэнтар заўважна пераўвасабляецца. Гэта адзначаюць і беларусы, якія час ад часу наведваюць калінінградзкіх сваякоў. Кажуць, што не без дапамогі вядомай зямлячкі — Людмілы Пуцінай, нараджэнкі Калінінграду, жонкі расейскага прэм'ера... Да пачатку 1970-х горад фактычна ляжаў у руінах — да Стакгольмскай канфэрэнцыі не было пэўнасьці, хто далей будзе гаспадарыць у былым Кёнігсбэргу: саветы ці немцы? За наступныя гады аблічча Калінінграду максымальна наблізілася да "саўка": на месцы разбомбленых раёнаў вырасьлі "хрушчоўкі" і "брэжнеўкі", вуліцы атрымалі назвы савецкіх партыйных і ваенных начальнікаў. У самым цэнтры дагэтуль ёсьць вуліца Чэкістаў.
Замарожаны Дом саветаў
Замест Леніна — памятны слуп
Праваслаўны сабор — маштабны, з залатымі цыбулінамі

Толькі апошнім часам пачалі зьяўляцца сучасныя будынкі са шкла і бэтону. Але ёсьць і яскравыя напаміны пра савецкую эпоху. Замарожаны Дом саветаў — помнік безгаспадарлівасьці. Ніхто ня ведае, пад што прыстасаваць цалкам гатовы будынак. Дарэчы, Леніна з цэнтральнай плошчы даўно зьнесьлі. Цяпер тут — традыцыйная "піка ў неба" і фантаны. А канчатковы трыюмф расейшчыны на паганска-лютэранскіх землях сымбалізуецца вялізным праваслаўным саборам.
Катэдральны сабор, колішняя Альбэрціна
Магіла Імануіла Канта

Галоўнае месца паломніцтва — Катэдральны сабор XIV стагодзьдзя, а пазьней будынак першага Кёнігсбэрскага ўнівэрсытэту, заснаваны герцагам Альбрэхтам (адсюль другая назва — Альбэрціна). Тут пахаваны выбітны філёзаф, роданачальнік нямецкай клясычнай філязофіі Імануіл Кант. На гэтай падставе асобныя разумнікі намагаліся нават выстаўляць Канта "вялікім савецкім мысьляром". Цяпер тут з ранку да вечара таўкуцца натоўпы немцаў, якія жадаюць выказаць павагу да знакамітага земляка. У самім саборы на міжнародныя ахвяраваньні выдатна адрэстаўравалі багатае ўнутранае аздабленьне, аднавілі Валенродзкую бібліятэку XVII стагодзьдзя, тут праходзяць канцэрты арганнай музыкі.
Нямецкі антураж кавярняў
Нямецкі антураж кавярняў
Вітражы з кёнігсбэрскімі матывамі

Немцы актыўна вяртаюцца ня толькі як турысты, але і з інвэстыцыямі. Масава адчыняюцца нямецкія рэстарацыі і піўныя бары. Тут ракой ліецца сапраўднае нямецкае піва па прымальных коштах, да якога падаюцца баварскія каўбаскі, шніцэлі, сьвіныя вушы і рэбры. Мэню — абавязкова і па-нямецку. Узводзяцца гандлёвыя цэнтры зь нямецкім капіталам. З падачы маркетолягаў ідзе добра прадуманая спэкуляцыя на пруска-нямецкай мінуўшчыне. Назва "Кёнігсбэрг" — на шыльдах крамаў і кавярняў, на цукерках і гарэлцы, у назвах фірмаў і прадпрыемстваў.
Cтары заапарк — улюбёнае месца дзяцей…



…і дарослых таксама

Яшчэ адно знакавае месца для мясцовых і гасьцей — заапарк. Адзін зь першых у СССР з прасторнымі вальерамі і з набліжанымі да натуральных умовамі для жывёл. Зрэшты, таксама нямецкая спадчына. Падчас апошняй вайны ў кёнігсбэрскім заапарку выжылі толькі чатыры гадаванцы — лань, асёл, барсук і бэгемот… Да гонару, пераможцы не зруйнавалі апусьцелую тэрыторыю, а аднавілі папуляцыі ў ранейшай колькасьці. Хоць заапарк месьціцца ў самым цэнтры горада, адміністрацыя знаходзіць магчымасьць пашырацца, будаваць новыя вальеры, басэйны для вадаплаўных. Прыкладам, цяпер будуецца новы малпятнік.


Уваход у Музэй бурштыну
шахматы з каштоўнай смалы
Адноўленыя фрагмэнты Бурштынавага пакою
Адноўленыя фрагмэнты Бурштынавага пакою

Яшчэ адзін гонар калінінградцаў — бурштын. Яго здабыча перавышае некалькі сотняў тон на год, на шэрых схемах паставак робяцца мільённыя багацьці, за кантроль над векавой смалой ідуць крымінальныя разборкі. Дарэчы, знакаміты "бурштынавы пакой", сьляды якога загадкава зьніклі ў часе вайны, быў падараваны расейскаму імпэратару Пятру І менавіта прускімі каралямі. Цяпер адноўленыя фрагмэнты пакоя выстаўляюцца ў Музэі бурштыну, які месьціцца ў адным з фортаў — патройнай лініі ўмацаваньняў вакол Кёнігсбэргу.
Часы зьмяняюцца, а гульня мускуламі працягваецца


За савецкім часам Калінінградзкая вобласьць стала адной з самых мілітарызаваных тэрыторый. У Калінінградзе месьціцца штаб Чырванасьцяжнага Балтыйскага флёту, тут працуюць вучэльні, дзе рыхтуюць ваенныя кадры, а горад Балтыйск, дзе базуюцца асноўныя марскія сілы, да мінулага году заставаўся закрытым нават для жыхароў рэгіёну.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG