Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка не зьбіраецца весьці перамовы з апазыцыяй. Дасталося і МВФу


Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ня будзе весьці перамоваў з апазыцыяй. Пра МВФ: "Ня хочуць дапамагаць — няхай мазгі нам ня пудраць".







15.46 Рымашэўскі: "Заява Лукашэнкі перабольшвае яго магчымасьці"

15.15 Губарэвіч: "Заява Лукашэнкі — элемэнт вялікай гульні"

15.03 Лябедзька: "Інвэстыцыі прыйдуць толькі празь перамоўны працэс з апазыцыяй"


Лукашэнка Пра круглы стол


"Яны гэта ўспрымаюць як перамовы з апазыцыяй. Я пра перамовы не казаў і казаць не зьбіраюся. Я ні з кім зь іх (апазыцыі — Інтэрфакс) не зьбіраюся перамаўляцца", — заявіў Лукашэнка.

Лукашэнка параіў уносіць "разумныя прапановы, але там (за "круглым сталом" — Інтэрфакс) павінен быць прадстаўлены ўвесь спэктар".

Іх апазыцыйнасьць — гэта бізнэс, іх не цікавіць, што будзе з краінай і народам
"Калі там будзе выпрацавана штосьці добрае, станоўчае, то мы гэта з задавальненьнем прымем", — паабяцаў Лукашэнка.

Гаворачы пра апазыцыю, ён адзначыў, што "апазыцыя адрозьніваецца ад пятай калёны тым, што любіць сваю краіну, свой народ".

"Яны сваю краіну любяць? Іх апазыцыйнасьць — гэта бізнэс, іх не цікавіць, што будзе з краінай і народам. Таму хай ня крыўдзяцца за тое, што я называю іх пятай калёнай, яны робяць усё, каб разбурыць краіну і сесьці ў крэсла ўлады", — заявіў Лукашэнка.

Гаворачы пра асуджаных за падзеі 19 сьнежня, ён зноў падкрэсьліў: "У нас няма палітычных артыкулаў у Крымінальным кодэксе… Мы караем бандытаў, боўдзілаў, лайдакоў ды іншую рвань, якая перашкаджае жыць нашым людзям".

Мы караем бандытаў, боўдзілаў, лайдакоў ды іншую рвань, якая перашкаджае жыць нашым людзям
Гаворачы пра магчымасьць вызваленьня асуджаных у сувязі зь неабходнасьцю вырашэньня эканамічных праблемаў у краіне, ён заявіў: "Справа ня ў крызісе… Яшчэ ў траўні ў Казахстане была мая заява пра тое, што ў месцах, дзе яны знаходзяцца, ім там рабіць няма чаго. Прыйдзе час, мы не крыважэрныя, і мы іх выпусьцім".

"Мы ні з кім не гандлюемся. Нас гэты торг не цікавіць… Калі нехта думае, што вось крызіс і мы шукаем падтрымкі на Захадзе празь пятую калёну, то гэта поўная лухта. Захад нас ніколі не падтрымліваў і наўрад ці падтрымае", — заявіў беларускі прэзыдэнт.

Пра магчымую замежную дапамогу Лукашэнка сказаў: "Ніколі б не адмовіліся ад дапамогі ў гэты час, ні ад заходняй, ні ад расейскай, ні ад кітайскай… І такія прапановы ёсьць. Мы іх атрымаем, хоча гэтага апазыцыя ці не".


Лукашэнка на адрас МВФ: "Ня хочуць дапамагаць — няхай мазгі нам ня пудраць"


"Яны — эканамісты, фінансісты — ведаеце да чаго дайшлі? Яны ўжо патрабуюць вызваліць палітвязьняў. Якое гэта мае дачыненьне да МВФ? Вы ж займаецеся фінансамі і эканомікай. А яны нам першым пунктам вылучаюць гэтае патрабаваньне", — заявіў Лукашэнка.

Усе сёньня адчулі пах крыві
"Вось яны і паказалі свой сапраўдны твар", — зрабіў выснову Лукашэнка.

"Езьдзяць з патрабаваньнем вызваліць зьняволеных, а зь іншага боку — кажуць пра незалежнасьць судовай сыстэмы… Якая ж тут незалежнасьць, калі вы ад мяне патрабуеце лезьці ў судовыя пытаньні і прымаць рашэньні?" — кажа Лукашэнка.

"Ніякай дэмакратыі там (на Захадзе — ІФ) няма, ім трэба вучыцца дэмакратыі ў беларусаў".

"Пра якую дэмакратыю можа ісьці гаворка, калі яны карыстаюцца момантам, калі ў нас узьніклі праблемы на валютным рынку, а яны спрабуюць нас прыдушыць? (…) Усе сёньня адчулі пах крыві: "Вось, беларусы на калені ўсталі і іх трэба дабіць, народ падпарадкаваць, забраць прадпрыемствы, нейкую замежную валюту ўвесьці (…) Не атрымаецца, гэтага ня будзе", — паабяцаў кіраўнік краіны.

Мы будзем рэфармаваць, прыватызаваць, але ў інтарэсах нашай дзяржавы
"Мы гэты плян (стабілізацыі на валютным рынку — Інтэрфакс) выпрацавалі самі, і там, дзе ён супадае з рэкамэндацыямі МВФ, — гэта выдатна. За што нас папракаць? (…) У нас ёсьць плян, па шэрагу пытаньняў ён супадае з МВФ. Калі ён супадае, то гэта трэба ацаніць МВФ і дапамагаць. Ня хочуць дапамагаць — няхай мазгі нам ня пудраць", — заявіў Лукашэнка.

"Вазьміце прыватызацыю. Мы што, нічога не прыватызуем? Прыватызуем. Але ў нас свая сыстэма прыватызацыі, у нас ня шокавая, не аднамомантавая прыватызацыя, што нам прапануе Захад і збольшага Расея… Мы будзем рэфармаваць, прыватызаваць, але ў інтарэсах нашай дзяржавы", — сказаў Лукашэнка.


Лукашэнка гатовы будаваць стасункі з Захадам


Мы рабілі крокі насустрач і робім
Аляксандар Лукашэнка заявіў, што гатовы рабіць крокі насустрач Захаду, каб выбудаваць узаемавыгадныя адносіны: "Мы заўсёды рабілі крокі насустрач Захаду. Мы зрабілі ўсё, пра што прасіў Захад перад выбарамі, у інтарэсах нашай пятай калёны… Хто з вас скажа, што выбары прайшлі несправядліва? Ніхто. Нават на Захадзе гэтага ніхто ня скажа".

"Мы рабілі крокі насустрач і робім. Я не хачу, каб у нас былі дрэнныя стасункі з Захадам… Я хачу, каб нашы людзі туды свабодна езьдзілі, і да нас прыяжджалі", — сказаў Лукашэнка.

Гаворачы пра санкцыі ў дачыненьні да Беларусі, Лукашэнка адзначыў: "Гэтыя санкцыі — ня супраць мяне… Гэтыя санкцыі — супраць людзей. А я гэтага не хачу".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG