Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад ЗША мае інфармацыю пра магчымы тэракт 11 верасьня


За некалькі дзён да 10-й гадавіны тэрактаў 11 верасьня, амэрыканскія антытэрарыстычныя службы заявілі пра магчымыя пагрозы новых атакаў Аль-Каіды -- узарваць начынены выбухоўкай аўтамабіль на мосьце альбо ў тунэлі ў Нью-Ёрку ці Вашынгтоне, паведамляе агенцтва Associated Press.

Гэта першыя рэальныя пляны, прымеркаваныя да адзначэньня дзесяцігодзьдзя змрочнай тэрарыстычнай атакі 11 верасьня 2001 году, у выніку якой былі забітыя амаль 3000 чалавек.

Антытэрарыстычныя службы расьсьледавалі пагрозы на працягу ўсёй ночы і ў пятніцу, а паліцыя ў Нью-Ёрку і Вашынгтоне заявіла, што павялічваць свае і без таго актыўныя захады дзеля прадухіленьня тэракту.

Ёсьць усе падставы лічыць, што апошнія атрыманыя намі зьвесткі патрабуюць ад нас прыняцьця неадкладных захадаў

Супрацоўнікі спэцслужбаў сачылі за трыма асобамі, якія могуць прыехаць у ЗША або якія нядаўна прыбылі ў краіну, грунтуючыся на падрабязнай інфармацыі, атрыманай амэрыканскай выведкай позна ўвечары ў сераду, паведамілі чыноўнікі. Спэцслужбы кажуць пра верагоднасьць таго, што Аль-Каіда плянавала замініраваць аўтамабіль у адным з двух гарадоў, якія пацярпелі ад тэрарыстычнай атакі 10 гадоў таму.

Прымаюцца падвышаныя захады бясьпекі па ўсёй краіне на працягу некалькіх тыдняў да 10-годзьдзя тэрарыстычнай атакі.

У Нью-Ёрку ў чацьвер увечары адбылася экстранная прэсавая канферэнцыя, на якой было абвешчана пра існаваньне сур'ёзнай пагрозы тэрактаў у горадзе, паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода.


Мэр Нью-Ёрка Майкл Блумберг сказаў: "Інфармацыя, якую мы маем пра пагрозу тэракту, заслугоўвае даверу, але цяпер у нас няма канкрэтных пацьверджаньняў".

Мэр паўтарыў заклік да жыхароў гораду - праяўляць пільнасьць і апэратыўна паведамляць уладам пра аб тым, што выклікае ў іх падазрэньні. «Частка мер, якія мы робім, - адкрытыя, але іншую частку на першы погляд ўбачыць немагчыма», адзначыў Блумбэрг.

Па словах аднаго з кіраўнікоў нью-ёркскага аддзяленьня ФБР Джэйн Федарчак, дакумэнты, канфіскаваныя падчас рэйду супраць Усамы бін Лядэна ў Пакістане, пацьвярджаюць, што "Аль-Каіда" імкнецца прымеркаваць свае тэракты да важных дат, у прыватнасьці, да гадавіны трагедыі 11 верасьня. "Ёсьць усе падставы лічыць, што апошнія атрыманыя намі зьвесткі патрабуюць ад нас прыняцьця неадкладных захадаў", - адзначыла Федарчак.

Як распавёў шэф паліцыі Нью-Ёрку Рэй Кэлі, яго ведамства пераводзіць асабісты склад на ўзмоцнены рэжым нясеньня службы, павялічваючы працоўны дзень на чатыры гадзіны, пачынаючы з заўтрашняга дня і як мінімум да панядзелка. На асабліва важных аб'ектах - тунэлях, мастах, турыстычных славутасьцях - будуць разгорнутыя дадатковыя нарады паліцыі, павялічыцца колькасьць КПП, пачасьцяцца дагляды аўтамабіляў і праверка ручной паклажы на станцыях мэтро.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG