Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валюту на дадатковай сэсіі біржы пачнуць прадаваць 14 верасьня


Будынак Беларускай валютна-фондавай біржы

Будынак Беларускай валютна-фондавай біржы

Нацыянальны банк Беларусі 14 верасьня правядзе дадатковую сесію валютных таргоў і ўводзіць новыя правілы валютна-абменных аперацыяў на ўнутраным валютным рынку.

Пра гэта паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на ўправу інфармацыі Нацыянальнага банку Беларусі.

На дадатковай гандлёвай сесіі БВФБ можна будзе прадаць і набыць замежную валюту. Курс пакупкі і продажу будзе вызначацца па выніках фіксінгу, зыходзячы з попыту і прапановы.

Нацыянальны банк будзе набываць і прадаваць валюту на асноўнай і дадатковай сэсіях.

14 верасьня Нацбанк уводзіць абмежаваньні па валютных зьдзелках на пазабіржавым рынку. Юрыдычныя асобы змогуць набыць у банкаў або прадаць ім па-за біржай суму, якая не перавышае 1 біржавага лота — гэта адна тысяча адзінак замежнай валюты.

Тэставыя таргі на асноўнай і дадатковай сэсіях БВФБ прайшлі 8 верасьня.

30 жніўня на нарадзе па пытаньнях сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ад сярэдзіны верасьня на БВФБ будуць праходзіць дадатковыя сэсіі, дзе ўдзельнікі змогуць свабодна набываць замежную валюту.

Нацбанк здымае абмежаваньні на вызначэньне абменнага курсу валюты


Нацыянальны банк абвясьціў, што скасоўвае абмежаваньні на фармаваньне абменнага курсу на пазабіржавым рынку, у тым ліку і на рынку наяўнай валюты.

"Валютна-абменныя апэрацыі з удзелам фізычных асобаў у рамках дзеючага заканадаўства будуць ажыцьцяўляцца без абмежаваньняў", – гаворыцца ў афіцыйнай заяве ўпраўленьня інфармацыі НБ. "Адмяняюцца ўсталяваныя скрайнія значэньні абменных курсаў, па якіх могуць ажыцьцяўляцца купля-продаж і канвэрсія замежнай валюты на ўнутраным валютным рынку".

"У сувязі з гэтым банкі… ўсталёўваюць абменны курс, арыентуючыся на курсы, якія склаліся па выніках дадатковай гандлёвай сэсіі на Беларускай валютна-фондавай біржы".

Пасьля таго, як 24 траўня ў Беларусі адбылася дэвальвацыя, Нацбанк зноў увёў абмежаваньні на вызначэньне абменнага курсу– не болей за 2% да афіцыйнага абменнага.
XS
SM
MD
LG