Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лета крылатых словаў


Летні конкурс «Афарызмы славутых беларусаў» адзначыўся нечакана вялікай актыўнасьцю слухачоў і наведнікаў сайта Радыё Свабода. Дзясяткі людзей даслалі нам сотні цытат зь беларускай літаратуры. Другая нечаканасьць – улоў аказаўся непрапарцыйна сьціплым. Ці то лета выпала закароткае, ці то рака патрапілася нярыбная, але ўласна афарызмаў менавіта славутых беларусаў з дасланага не набярэцца ня тое што на кнігу, на кніжную старонку.

Некалькі разоў давялося ўдакладняць крытэрыі, бо ня ўсякае прыгожае слова яшчэ й крылатае (як і ня ўсякі беларускі пісьменьнік – славуты беларус). Хоць, па вялікім рахунку, задача ставілася цалкам зразумелая – якраз таму, што – па вялікім рахунку. Кожны народ імкнецца атрымаць прызнаньне ў сьвеце ня толькі сваіх трактароў і міс на конкурсах прыгажосьці, але й сваёй мудрасьці, і сваіх славутых прадстаўнікоў. Прычым знакавае імя і трапнае выказваньне ў афарыстыцы ўтвараюць адно цэлае.

Да прыкладу: «Няма такіх кніг, у якіх нельга было б чаму-небудзь навучыцца» – банальнае, а да таго ж спрэчнае выказваньне, калі яно належыць мне. А калі яно належыць Сымону Буднаму (ці Бэрнарду Шоў ці «старажытным грэкам»)? Аўтарытэт імені быццам выцягвае банальнасьць («стомленую праўду») да ўзроўню навізны, ісьціны і першакрыніцы.

Адваротны прыклад, сустрэты ў сеціве: «Нашы галіны ўлады паводзяць сябе як сукі» – напісаў Анатоль Кудласевіч. «Забойнае» выказваньне ўздымае аўтарытэт аўтара. А калі б тое самае сказаў Васіль Быкаў, мы б атрымалі – па самым вялікім рахунку – афарызм славутага беларуса, «экспартны варыянт».

Лета і сапраўды закароткае для такой сур'ёзнай задачы – сабраць менавіта афарызмы і менавіта славутых беларусаў. Да таго ж тая самая рака ў розныя леты па-рознаму рыбная. Збольшага мы атрымалі не афарызмы, а цытаты беларусаў рознай ступені славутасьці. Прычым гэта цытаты ня экспартнага, а нашага, унутрыбеларускага карыстаньня. Цытата – шмат шырэйшы жанр, які апроч афарызмаў уключае і паэтызмы, і прыказкі, і ўвогуле любое выказваньне, якое падаецца нам прыгожым ці важным. Але гэта ўжо не па вялікім рахунку.

Найболей выказваньняў даслалі нам Марыя Лукашук зь Берасьця, Галіна і Антось зь Віцебску, Алена Завадзкая і Яўгенія Казлова з Воршы, Алена з Гомеля, Вікторыя з Горадні, Ніна Марчук з Кобрынскага раёну, Аксана, Алена Л., Вольга, Кацярына, Ільля Копыл, Людміла Літвінава, Натальля, Алег Трусаў, Таня, Ігар Элімелах і Яўген зь Менску, Алесь з Полацку, Любоў з Варшавы, Людвіка зь Вільні, Ірына Варабей з Таронта, а таксама тыя, хто начытаў афарызмы на наш аўтаадказьнік, – Марыя Кемерава з Горадні і Ніна Ермалінская з Салігорску.

... і дзясяткі, дзясяткі іншых. Во як шмат людзей уключыліся па ўсім сьвеце ў зьбіраньне афарызмаў. Каб добрая справа не сканчалася, дасылайце вашы новыя знаходкі на мой электронны адрас: dubaviecs@gmail.com, а я час ад часу буду вяртацца да гэтай тэмы ў блогу на сайце Радыё Свабода. Усё ж мне верыцца, што нам разам удасца сабраць кнігу менавіта афарызмаў менавіта славутых беларусаў – па самым вялікім рахунку. А выданьне такой кнігі будзе для ўсіх нас найлепшым прызам гэтага летняга конкурсу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG