Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урачыстыя акорды палянэзу Агінскага, пахаваньне ў душы радзімы павінна чуцца, а чуецца адыход са сьцягамі са сваёй тэрыторыі, у баявых, зразумела, шыхтах. Нават пагрознасьць: мы яшчэ вернемся! Будзе яшчэ сьвята ў нас, загляне сонца і ў наша ваконца. Вось так: пляснуў дзьвярыма! Успамінаецца, мы “Разьвітаньне з Радзімай” гімнам спадзяваліся зрабіць дзяржаўным… Хаця ўсё адносна, зразумела: у гімне і пра свабоду радкі могуць быць, але гучаць няшчыра, нежыцьцёва, а ў “разьвітаньні” моц вяртаньня прагі чутна!

“Здраўствуй, родзіна…”


Выходзіш зь цягніка з пляцаком ці з валізкай, а навокал яна, твая радзіма. Можна часам і зажурыцца раптоўна. Залежыць ад стану радзімы. Пытаньне нават ня ў тым, што ліхаманка цэнаў. Што з краінай? Прадчуваньні самыя непрыемныя: іржа напаткала? Якія яшчэ варыянты адказу: апэндыцыт, пухліна? А хірургаў, звычка, пасадзілі пад фанфары працэсу “дактароў-шкоднікаў”. Як зірнеш на яе грымасу, яўна ў краіны штосьці ня так, цяжкі запор як найменш, можа рыцыны ёй?

Вяртаньне ў сваё жыцьцё пасьля хваробы, пасьля наркозу. Пасьля адсутнасьці на месцы. Хіба ўпершыню ня радуе зусім, ня хочацца акунуцца назад у вулічнае жыцьцё, адчуць знаёмае, звыклае асяродзьдзе. Навокал муляжы, манэкены, імітацыя жыцьця. Пыльныя дэкарацыі замест утульнага гораду, старых камяніц. У думках ужываеш да сваёй стужкі апрацоўку “пад сэпію”.

Час муляе, час зьялчэлы. Ён вытыхся, дзе абяцаная якасьць? Няма водару, віно, яшчэ ўчора віно, сёньня воцат. Рэшткі спадзяваньняў, стрыманага, цераз змаганьне сябе, аптымізму, выпарыліся. Слова “надзея” — засохлая кузурка за музэйнай вітрынай, нежывая абалонка. Яе працялі шпількай, яна ня мела шанцаў: ні дыхаць, ні жыць, ні адчуваць.

Хочацца пазбыцца рэчаіснасьці як цяжкага гнятлівага сну, прачнуцца ў іншым часе, у іншай краіне. Дзе фарбы, дзе хаця б падабенства смаку? Ня кажучы пра сьмех, радасьць, узьнёслы настрой. Слова “аптымізм” — з пажоўклага слоўніка, зьместу якога навокал ужо амаль не разумеюць, вочы кульгаюць па пазнаках “архаічнае”, “састарэлае”.

Галоўны парадокс жыцьця: нам хочацца, каб дзень хутчэй скончыўся і разам каб час наш не спьпяшаўся занадта. Гонім-спыняем. Схіляем падсьвядома да бегу на месцы. Хутчэй стараемся выпіць, але каб у бутэльцы заставалася яшчэ. Хочацца, каб недапечаная, недаробленая краіна, час-морак, засталіся ззаду, але ж тады і гады нашыя зьменшацца ў лічбе, ну проста “любоў-нянавісьць” атрымліваецца. Але гэта і ёсьць рэчаіснае жыцьцё, іншае бывае ў рамане ці ў кіно. Хіба што ўзяцца ды напісаць самому пра беларускую Беларусь… Але час прыгнятае, а ідылія ўсё ніяк ня можа натхніць.

Капітуляцыя кніжак


Вось навіна: у кнігарні больш ня пахне кніжкамі, а толькі затохлым духам таннага алькаголю. Шыльда: “Прыём шклотары”. А раней — Курт Вонэгут за макулатуру, Гэмінгуэй, Гамсун. Памятаю, купіў калісьці тут раман “Гаспадар-камень”. А сёньня хвост чаргі на паветры. Сівыя, схуднелыя, часам з даўжэйшымі валасамі, у заношаных джынсах. Даволі ахайная, як ні дзіўна, публіка, але відавочна, што на мяжы: з думкай пра танную пляшку з гучнай назвай.

Калісьці частка зь іх таксама здавала ў другасную сыравіну “Советскую Родину”, “Правду”, “Гудок”, “Заветы Ільліча”, каб мець права з талёнам у руцэ прэтэндаваць на літаратурныя шэдэўры. Зрэшты, кніжкі амаль адразу страцілі сваю вартасьць, для абсалютнай большасьці яны не зьяўляюцца больш прадметам хоць якой-колечы неабходнасьці.

Яны, з чаргі, толькі тэлевізар “чытаюць”, толькі яго (бо каму трэба цяпер макулатура?). Галоўны пэрсанаж нашага жыцьця тэлевізар: то пагоны пракурорскія ў яго, то баян у руках, прыпеўкі сельскагаспадарчыя на мяжы анэкдоту і нелітаратурнай лексыкі.

“Бацькова”


У адной краме, у другой, проста ў вочы лезе: мужчынкі бяруць павальна новую бутэльку, “Бацькову”. Гэта ў яблычак, дальбог! Афіцэрскіх гарэлак нарабілі дзясятак, ня меней, генэральскіх, імпэратарскіх якіхсьці. Але што чалавеку афіцэрская, калі ён мужык? А вось з такой назвай, часткова рызыкоўнай, бо могуць пахваліць, а могуць — наадварот, рашуча ў кожную руку лашчыцца!

І, глядзіш, дыскусіі ўзьнікаюць філялягічнага кшталту: як правільна — “бацькава” ці “бацькова”? І спрачаюцца нават, загрудкі яшчэ, праўда, ня бачыў, каб хапаліся. Але быў сьведкам, як грузчык, які падаваў праз прылавак алькаголь, аўтарытэтным голасам тлумачыў: ніякая ня “бацькава”, а — “бацькова”, ці чытаць развучыліся, хлопцы?
XS
SM
MD
LG