Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў не пайшоў у суд. Суд увёў дадатковыя абмежаваньні


Уладзімер Някляеў на ганку суду Ленінскага раёну Менску

Суд Ленінскага раёну Менску пастанавіў увесьці для Ўладзімера Някляева дадатковыя абмежаваньні — забараніў пакідаць межы Менску, наведваць сходы і мітынгі. Някляеў таксама павінен раз на тыдзень адзначацца ў міліцыі, а з 20.00 да 6.00 знаходзіцца дома.

На ганку суду Ленінскага раёну Менску былы кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў заявіў, што ня пойдзе ў суд. Ён сказаў, што робіць гэта на знак пратэсту, што ягоныя сябры, былыя кандыдаты на прэзыдэнта, і іншыя палітвязьні знаходзяцца за кратамі.

11.01 Суд пастанавіў увесьці для Някляева дадатковыя абмежаваньні. Усё як прасіла міліцыя. Суд толькі не падтрымаў прапанову міліцыі забараніць Някляеву наведваць рэстараны і кавярні. Пастанова не падлягае абскарджаньню.


10.37 Суд дасьледаваў пісьмовыя матэрыялы справы. Пракурор просіць падтрымаць пазоў міліцыі на дадатковыя абавязаньні Някляеву. Абвясьцілі перапынак на 15 хвілінаў.

10.20 Някляеў у тлумачальнай запісцы прызнаў, што ён пакідаў межы Беларусі, каб удзельнічаць ў палітычных сустрэчах і абавязаўся больш не парушаць абмежаваньні, накладзеныя на яго судовым прысудам.

10.15 Прадстаўнік міліцыі Ленінскага раёну Менску просіць накласьці на Някляева дадатковыя абмежаваньні — забараніць пакідаць межы Менску, раз на тыдзень адзначацца ў міліцыі, забараніць наведваць гандлёвыя цэнтры і рэстараны, сходы і мітынгі, з 20.00 да 6.00 знаходзіцца дома.

У пазове з РУУС зазначаецца, што Някляеў пакідаў межы Беларусі, купляў квіткі ў Смаленску і Маскве.

10.01 Суд пачаўся без Някляева

Да суду Ўладзімер Някляеў прыехаў са сваім паплечнікам Андрэем Дзьмітрыевым

10.01 “Ужо фармальна не маючы адваката, бо Тамару Сідарэнку пазбавілі ліцэнзіі, я маю права не ісьці на гэты суд. Але я не пайду на гэты суд на знак салідарнасьці са сваімі сябрамі і кандыдатамі на прэзыдэнта – Андрэеем Саньнікавым, Міколам Статкевічам і Дзьмітрыем Вусам і ўсімі астатнімі палітвязьнямі. Яны павінныя быць вызваленыя і рэабілітаваныя”, — заявіў Някляеў.

9 верасьня Някляева выклікалі у суд. "У судовай позьве сказана, што я павінен зьявіцца ў суд для "ўсталяваньня дадатковых абмежаваньняў", — кажа палітык.

"Парушэньні так ці інакш былі. Я выяжджаў у Вільню на сустрэчу прадстаўнікоў дэмакратычных супольнасьцяў. І мне за гэта было вынесена папярэджаньне, за тое, што я парушыў умовы. На што я тады сказаў, што наагул не лічу сабе вінаватым. Я не лічу суд і ўсё, што на ім было, законным. І таму лічу сябе свабодным чалавекам", — заявіў Някляеў у інтэрвію "Свабодзе" напярэдадні.

"Я не прызнаў і не прызнаю сваю віну, я ня зьдзейсьніў ніякага злачынства, мяне асудзілі незаконна — і гэта дае мне маральнае права адчуваць сябе свабодным чалавекам. У рэшце рэшт, я магу скарыстацца гэтым маральным правам для таго, каб не выконваць "усталяваных абмежаваньняў". Ніякіх, а ня толькі дадатковых", — заявіў Някляеў.

20 траўня Фрунзенскі суд Менску асудзіў былога кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева на 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай пакараньня на 2 гады.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG