Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейцы судзяцца з чыноўнікам гарвыканкаму


Дзяніс Турчаняк (зьлева) і Раман Кісьляк
Дзяніс Турчаняк (зьлева) і Раман Кісьляк
У Ленінскім судзе Берасьця адбылося судовае паседжаньне па скарзе актывістаў і праваабаронцаў у дачыненьні да намесьніка старшыні гарвыканкаму Вячаслава Хафізава.

Прадстаўнікі кампаніі «Гавары праўду», АГП, «Маладых дэмакратаў» і «Руху за свабоду» Ўладзімер Вуек, Аляксандар Ахмач, Марат Несьцярэнка, Раман Кісьляк, Дзяніс Турчаняк і Мікалай Коўш падалі калектыўную скаргу на чыноўніка за тое, што той не дазволіў правядзеньне пікету супраць адвольных затрыманьняў і выкраданьняў людзей. Акцыю зьбіраліся правесьці 7 ліпеня на галоўнай плошчы Берасьця — імя Леніна.

Сам адказьнік на судовае паседжаньне не прыйшоў. Яго інтарэсы прадстаўляла юрыстка гарвыканкаму Ірына Барысюк. Яна зазначыла, што плошча Леніна ня ўключана ў пералік месцаў, вызначаных гарвыканкамам для масавых мерапрыемстваў. Да таго ж заяўка на пікет была пададзеная ня ў тэрмін — пазьней як за 15 дзён.

Праваабаронцы патлумачылі, што трэба было неадкладна зьвярнуць увагу грамадзтва да праблемы выкраданьня людзей, таму пікет і быў замоўлены раней за 15 дзён ад падачы заяўкі.

Раман Кісьляк: «Падчас маўклівых акцый неаднаразовымі былі выпадкі, калі актывістаў выкрадалі людзі ў цывільным, і ніхто ня ведаў, дзе яны знаходзяцца. Пры гэтым у РАУС не паведамлялі месцазнаходжаньне затрыманых нават іх бацькам. У такіх умовах у нас паўстала падазрэньне, што актывістаў скралі. Таму мы тэрміновым чынам хацелі прыцягнуць да гэтай праблемы ўвагу грамадзтва».

Паводле Рамана Кісьляка, цэнтральная плошча для правядзеньня пікету была выбрана таму, што гэта люднае месца:

«Тым больш, мы бачым, што розныя арганізацыі, у тым ліку гарвыканкам, стала ладзяць самыя розныя мерапрыемствы на галоўнай плошчы. Напрыклад, ніхто ж не забараніў старшыні аблвыканкаму Канстанціну Сумару выступаць у дзень гораду на плошчы Леніна. У людных месцах Берасьця адбываюцца мерапрыемствы, якія лабіруюцца ўладамі. У гэтым мы бачым практыку двайных стандартаў з боку выканаўчай улады і дыскрымінацыю паводле поглядаў і перакананьняў».

Судьдзя Алена Кавальчук вынесе прысуд у справе 9 верасьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG