Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як рыхтуюць Народныя сходы ў рэгіёнах


Народныя сходы 8 кастрычніка плянуюцца ў многіх гарадах і пасёлках Беларусі. Аргкамітэты і групы падтрымкі вядуць падрыхтоўку да сходу: спрабуюць ладзіць пікеты, раздаваць інфармацыйныя матэрыялы. Але нярэдка сутыкаюцца з перасьледам з боку ўлады.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


У Ваўкавыску 9 верасьня будзе суд за раздачу ўлётак пра Народны сход

У пятніцу ў Ваўкавыску ў раённым судзе будзе разглядацца адміністрацыйная справа актывіста Віталя Гуляка. Як напісана ў міліцэйскім пратаколе, ён быў затрыманы за «пікетаваньне з мэтай закліку на Народны сход 8 кастрычніка 2011 году». Канкрэтна віна Віталя Гуляка, як вырашылі міліцыянты, была ў тым, што ён «раздаваў грамадзянам інфармацыйныя ўлёткі».

Каардынатар аргкамітэту Народнага сходу па Горадні Юры Істомін зазначае, што пакуль гэта адзіны прыклад перашкодаў у агітацыі. Гэты выпадак не падпадае пад закон аб масавых мерапрыемствах, падкрэсьлівае Юры Істомін:

«Там не напісана, што мы, напрыклад, не павінны распаўсюджваць інфармацыю пра сход, заклікаць людзей на яго, да таго як улада вырашыць даць нам магчымасьць яго правесьці ці ня даць. Таму будзе бачна стаўленьне ваўкавыскай улады да гэтага сходу па выніках заўтрашняга судовага паседжаньня. У іншых рэгіёнах, таксама ў Горадні, такіх выпадкаў няма».

А ў якіх гарадах Гарадзенскай вобласьці плянуецца правесьці сходы?

Істомін: «Фактычна ідзе актыўная падрыхтоўка да такога сходу ў Астраўцы, Смаргоні, Слоніме. Лідзе. У Ваўкавыску — напалову, бо няма вялікай кааліцыі, каб такі сход рабіць у поўным фармаце. Таму мы, можа, будзем заклікаць людзей у Ваўкавыску, хто захоча паўдзельнічаць, прыехаць у Горадню. У Горадні мы хочам сабраць самы вялікі сход».

Цяпер зьбіраюцца подпісы за тое, каб сход адбыўся легальна, адпаведна закону аб такіх мерапрыемствах, зазначае Юры Істомін:
Каб правесьці Народны сход на адміністрацыйнай тэрыторыі, трэба сабраць подпісы ў 10% тутэйшых жыхароў.

«Таму ідзе такі кропкавы распаўсюд інфармацыі, разам са зборам подпісаў. Тут пытаньне ідзе аб тым, што ў зьвязку з эканамічнай сытуацыяй у краіне людзей цікавяць перамены ўвогуле. І калі нам задаюць пытаньне „чаго вы прыйшлі?“, мы тлумачым пра гэтую ініцыятыву, кажам, што эканамічныя захады з боку ўлады неэфэктыўныя. Таму мы хочам зрабіць сход, каб была альтэрнатыва, патрабаваць выкананьня альтэрнатыўных праграмаў, канцэпцый. Калі гаварыць людзям пра гэта, гэта ўспрымаецца пазытыўна, не як акцыя пратэсту, а як права чалавека на свабоду выказваньня думак».

Збольшага людзі пазытыўна ставяцца да ідэі правесьці народны сход у цяперашніх умовах, кажа Юры Істомін:

«Канечне, страх яшчэ вялікі застаецца ў людзей, ня ўсе ставяць подпісы, баяцца, страціць працу баяцца таксама. Але працэс ідзе, тым больш мы ня ставім сабе за мэту масава іх зьбіраць. Нам трэба ў адміністрацыйных адзінках, дзе хочам правесьці, сабраць дзесяць адсоткаў подпісаў».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Апрача абласнога цэнтру, подпісы за правядзеньне Народных сходаў актывісты рэгіёну зьбіраюць у Жлобіне, Рэчыцы, Сьветлагорску, Мазыры.

У Гомелі мясцовыя арганізатары наважаныя правесьці ў кастрычніку Народны сход жыхароў, якія жывуць на вуліцах Юбілейнай, Кожара, у пэўных дамах. Пра гэта апавядае сябра аргкамітэту, старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў:

«Гэта будзе адкрыты сход канкрэтных вуліц, канкрэтных дамоў. Месцам правядзеньня вызначылі пляцоўку ля палаца культуры прыватнага прадпрыемства „Віпра“ — вуліца Юбілейная, 48. Усе гэтыя мясцовыя сходы будуць праводзіцца ў адзін час, менавіта ля палаца культуры».

На Народны сход дазволу не патрабуецца, дастаткова паінфармаваць пра яго мясцовую ўладу

«Гэта мясцовы сход, ён праводзіцца ў адпаведнасьці з Законам Рэспублікі Беларусь „Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах“. Там не прадугледжана працэдура падачы нейкай заявы ў выканаўчыя органы. Напярэдадні мы толькі дадзім інфармацыю органам улады, бо, паводле закону, яны маюць права прысутнічаць».

На сходзе будзе абмеркавана цяперашняя эканамічная й палітычная сытуацыя ў краіне, выстаўлены прапановы і патрабаваньні да ўлады.

Гэтая акалічнасьць, відаць, і вымушае ўлады неадэкватна рэагаваць на збор подпісаў сярод насельніцтва за правядзеньне Народнага сходу. Прынамсі, 5 верасьня падвечар на вуліцы Юбілейнай міліцыя затрымала чатырох грамадзкіх актывістаў, якія зьбіралі подпісы.

Павал Прывалаў, адзін з затрыманых, паведаміў, што іх даставілі ў апорны пункт міліцыі на вуліцы Савецкай, 97, дзе начальнік аддзелу грамадзкага парадку Чыгуначнага РАУСу маёр Кошман ня толькі апытаў затрыманых, але й зрабіў копіі падпісных аркушаў.

У жніўні на вуліцы Жукава міліцыянты Савецкага РАУСу затрымалі актывістку Натальлю Шчукіну — у шматкватэрным доме яна распаўсюджвала ўлёткі пра скліканьне 8 кастрычніка Ўсебеларускага народнага сходу. 98 улётак, якія мела пры сабе спадарыня Шчукіна, міліцыянты забралі.

Актывістка апавяла пра свой досьвед зьбіраньня подпісаў:
Многія падтрымліваюць ініцыятыву, гатовыя прыйсьці на гэты сход, але подпісаў ставіць ня хочуць.

«Я зьбірала подпісы на вуліцах Жукава й Юбілейнай. Многія падтрымліваюць ініцыятыву, гатовыя прыйсьці на гэты сход, але подпісаў ставіць ня хочуць. Баяцца страціць працу, баяцца, што заўтра да іх прыйдзе міліцыя і пачнуцца нейкія рэпрэсіі».

Яшчэ адзін зьбіральнік подпісаў, сябра АГП, былы супрацоўнік міліцыі Уладзімер Няпомняшчых паведаміў, што зьбіраў подпісы ў сваім доме. Адзін пад’езд, у які ён сам жыве, падпісаўся амаль поўнасьцю. Іншыя — паставіліся да сходу недаверліва:

«Пераважна падпісваюцца людзі сталага веку — нават не маладыя. Асноўная маса баіцца. Напрыклад, настаўнікі. Прадстаўнік уладнай структуры сказаў мне гэтак: „Уладзімер, я вас падтрымліваю, разумею выдатна. Але зразумей і мяне: я не хачу непрыемнасьцяў“. Ідэя сходу, я лічу, нармальная. Толькі яшчэ, магчыма, яна ня поўнасьцю сасьпела. Да позьняй восені, магчыма, будзе своечасовая — таму што й камунальныя паслугі даражэюць, і ўсё астатняе».

Апрача абласнога цэнтру, подпісы за правядзеньне народных сходаў актывісты рэгіёну зьбіраюць у Жлобіне, Рэчыцы, Сьветлагорску, Мазыры.

ВІЦЕБШЧЫНА


У большасьці гарадоў рэгіёна дзейнічаюць аргкамітэты па падрыхтоўцы й правядзеньні Народных сходаў.

Старшыня віцебскага абласнога аргкамітэту па правядзеньні Народных сходаў Ірына Яскевіч аб’езьдзіла шэраг рэгіёнаў, каб асабіста паслухаць меркаваньні людзей:

«Я езьдзіла ў Дзісну, Мёры, Шуміліна, Лепель, Глыбокае, каб паслухаць меркаваньні людзей — ці трэба ім гэтыя народныя сходы. У Дзісьне, Глыбокім, Мёрах і Лепелі, а таксама ў Воршы, Полацку й Наваполацку створаны аргкамітэты».

Жыхары Дзісны самі шукалі кантактаў, каб падтрымаць гэтую ініцыятыву

Спадарыня Ірына распавяла, што людзі ставяцца да пэрспэктывы Народных сходаў станоўча. Да прыкладу, жыхары Дзісны самі шукалі кантактаў, каб падтрымаць гэтую ініцыятыву:
Ёсьць людзі, якія нас самі знаходзяць.

«Ёсьць людзі, якія нас самі знаходзяць. Да прыкладу, не плянавалася ехаць у тую ж Дзісну, але нас знайшлі людзі, папрасілі патлумачыць, распавесьці… У маленькіх гарадах зачыняюцца прадпрыемствы, няма дзе працаваць, і перад людзьмі паўстае праблема выжываньня».

У буйнейшых гарадах праца ідзе цяжэй: цяпер зьбіраюць подпісы за арганізацыю сходаў у нейкім канкрэтным месцы, і некаторыя баяцца падпісаць заяву, хоць і не сумняваюцца ў неабходнасьці зьменаў, працягвае Ірына Яскевіч:

«Зьбіраць подпісы далёка ня так проста. Пэнсіянэры, якія працуюць, баяцца, што іх звольняць, студэнты таксама пабойваюцца, многія рабочыя баяцца страціць той мізэр, які яны атрымліваюць… Але ў Віцебску ўжо вызначана месца, дзе можна правесьці сход, і неўзабаве зьявяцца ўлёткі, што гэта будзе 8 кастрычніка а першай гадзіне на вуліцы Багдана Хмяльніцкага. Там цудоўны сквэр, які выходзіць на плошчу — гэта калі зьбярэцца шмат людзей».

У Полацку і Наваполацку ўжо таксама вызначылі месцы, дзе можна сабраць людзей, распавёў тамтэйшы актывіст Віктар Калесьнік:

«Гэта дазволеныя ўладамі месцы — у Полацку гэта пляцоўка перад кінатэатрам „Радзіма“, а ў Наваполацку — пляцоўка перад гарадзкім домам культуры. Зараз зьбіраем подпісы, ходзім па кватэрах. Некаторыя адмаўляюцца, кажуць, што баяцца яшчэ. Але шмат хто згодны — у асноўным 15–20% з кожнага дома».

Мясцовыя актывісты заплянавалі масавы выхад па подпісы на гэтыя выходныя — у вольны ад працы час.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Народныя сходы рыхтуюць у Баранавічах, Бярозе, Івацэвічах і Кобрыні

Падчас падрыхтоўкі Народнага сходу ў Берасьці не было зафіксавана перасьледу актывістаў з боку ўладаў. Пра гэта паведаміў Уладзімер Вуек, адзін з удзельнікаў берасьцейскага аргкамітэту.

Уладзімер Вуек распавёў, што падрыхтоўка зараз вядзецца на этапе збору подпісаў, актыўна праходзіць і інфармацыйная кампанія. Адметнасьцю Берасьця, як апавёў палітык, будзе «круглы стол».

Уладзімер Вуек: «Плянуем правесьці круглы стол з удзелам тых людзей, у якіх мы зьбіраем подпісы. Па выніках маніторынгу можна адзначыць, што людзей на сёньняшні дзень моцна хвалюе эканамічны складнік. Гэта — рэзкае павышэньне коштаў у крамах, пры тым, што заробкі не павялічваюцца. Таксама хвалюе людзей вострае валютнае пытаньне».

Пасьля «круглага стала» берасьцейскі аргкамітэт плянуе вызначыць месца, дзе будзе праходзіць Народны сход. Рэгіянальны палітык падкрэсьліў, што на сёньняшні дзень у Берасьці ўжо сабрана дастаткова подпісаў, каб абмяркоўваць месца, дзе адбудзецца сход.

Ігар Маслоўскі, яшчэ адзін удзельнік аргкамітэту Народнага сходу ў Берасьці, кажа, што, акрамя абласнога цэнтру, пасьпяхова ідзе падрыхтоўка і ў іншых гарадах рэгіёну — у Баранавічах, Бярозе, Івацэвічах і Кобрыні. Спадар кажа, што досыць спакойна вядзецца праца і ў рэгіёнах:

«Затрыманьняў у нас і не павінна быць, калі ўлады будуць дзейнічаць у адпаведнасьці з заканадаўствам».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG