Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На падрыхтоўку Народнага сходу ўлада рэагуе стрымана


Народны сход, які плянуюць правесьці ў шэрагу рэгіёнаў Беларусі 8 кастрычніка, можа стаць першым крокам да адкрытага дыялёгу грамадзтва з уладамі. Менавіта на гэта спадзяюцца яго арганізатары. Пра што яны і заявілі сёньня на прэсавай канфэрэнцыі.

Народны сход пройдзе 8 кастрычніка ў шэрагу рэгіёнаў Беларусі. Ва ўсіх месцах ён пачнецца ў адзін і той жа час — а 13 гадзіне. Так будзе ў Менску, ува ўсіх абласных цэнтрах, у Воршы, Лідзе, Барысаве, Слоніме і яшчэ ў шэрагу гарадоў і раённых цэнтраў.

Генадзь Фядыніч
Сустаршыня аргкамітэту па правядзеньні Народнага сходу Генадзь Фядыніч спадзяецца, што ўлады ня стануць перашкаджаць народнай ініцыятыве:

«Народны сход — гэта першы крок да адкрытага дыялёгу з уладай. Мы гатовыя правесьці яго ў адпаведнасьці з заканадаўствам і ніякіх правапарушэньняў не дапусьціць. А ці гатовая пайсьці на гэта ўлада, мы пабачым. Калі яна ня пойдзе на адкрыты дыялёг з народам і будзе ўчыняць спробы празь сілавыя структуры ці адміністратыўныя ціснуць на ўдзельнікаў будучых народных сходаў альбо не дазволіць іх правядзеньне, тады паўстае пытаньне аб легітымнасьці самой улады».

Віктар Івашкевіч
Пакуль улады стрымана ставяцца да народнай ініцыятывы, паведаміў яшчэ адзін сустаршыня аргкамітэту Віктар Івашкевіч:

«На дадзены момант з боку ўладаў пакуль няма юрыдычных альбо адміністратыўных прэтэнзіяў да рэгіянальных аргкамітэтаў. Ёсьць толькі адзінкавыя выпадкі, калі затрымліваюць распаўсюднікаў улётак з інфармацыяй пра сход.

Перш чым весьці перамовы з Расеяй, Эўропай, нашы ўлады павінны весьці перамовы са сваім народам. Бо ў эканамічным пляне толькі крэдыт даверу, які можа аказаць беларускі народ, можа вырашыць эканамічныя праблемы».

Народны сход — гэта пачатак ня толькі дыялёгу, але і стварэньня народнай улады, лічыць палітоляг Вацлаў Арэшка:

«Таму што Народны сход — гэта ня разавая акцыя, дзе сабраліся, прагаласавалі і разышліся. Яны пачынаюць такі інстытут, як прадстаўнікі народных сходаў, якія павінны ўжо стала ўдзельнічаць у абароне правоў грамадзянаў. І гэта можа стаць каранямі сапраўды рэальнай народнай улады ў Беларусі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG