Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барадач:"Зьнішчаецца беларускасьць, гісторыя, корань, на якім грунтуецца сіла народная"


Прысяга Беларусі. 8 верасьня 1992 году. Плошча Незалежнасьці

Прысяга Беларусі. 8 верасьня 1992 году. Плошча Незалежнасьці

8 верасьня Дзень беларускай вайсковай славы, але адзначаюць яго сёлета не ў Беларусі, а ў Львове і Варшаве. У 1992 годзе ў гэты дзень у Менску на плошчы Незалежнасьці беларускія вайскоўцы прынялі прысягу на вернасьць Радзіме. Чаму гэтай даты не сьвяткуюць сёлета ў Беларусі?

Сьвяткаваньне ў цэнтры Львова пачалося зь беларускамоўнай літургіі ў грэка-каталіцкай царкве Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Пасьля службы айцец Антон асьвяціў бел-чырвона-белы сьцяг памерам чатыры з паловай на дзевяць мэтраў і дзьве выявы герба "Пагоня". У сьвяткаваньні бяруць удзел беларускія апазыцыянэры Вячаслаў Сіўчык, Алесь Пушкін, Юрась Карэтнікаў, Алесь Макаеў. Спадар Сіўчык паведаміў:

Вячаслаў Сіўчык

"Пад нашай нацыянальнай сымболікай будуць адбывацца вулічныя акцыі ў Львове. Апроч іх, адбудуцца сустрэчы ў Львоўскай абласной радзе і Львоўскай гарадзкой радзе. Будзе моладзевая акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю на плошчы "Рынак", гэта самы цэнтар. А 19-й гадзіне ўсё гэта скончыцца ўрачыстым сьвяточным пасяджэньнем у актавай залі ў цэнтры Львова. Нашы мерапрыемствы павінны паказаць, што волю беларускай нацыі ніхто не зламаў, што мы здольныя наладзіць сьвяткаваньне нашых нацыянальных сьвятаў на сур'ёзным узроўні. І такім чынам падтрымаць і нашых палітвязьняў, якія незаконна знаходзяцца за кратамі. Апроч таго, мы паказваем, што ў Беларусі павінна быць будучыня, і гэта будучыня без рэжыму Аляксандра Лукашэнкі".

Беларускія апазыцыянэры правялі прэсавую канфэрэнцыю. У ёй узяў удзел брат палітвязьня Міколы Статкевіча Аляксандар, які жыве ў Львове. Таксама Дзень беларускай вайсковай славы сьвяткуюць сёньня ў Варшаве. Шэсьце ў гонар беларускай перамогі ў бітве пад Воршай арганізуе варшаўская грамада Беларускай нацыянальнай памяці.

Чаму ж сьвяткаваньне адбываецца па-за межамі Беларусі? На гэтае пытаньне Вячаслаў Сіўчык адказаў так:

"У Беларусі пануе рэжым Аляксандра Лукашэнкі, які вынішчае ўсё беларускае і не прызнае ў тым ліку нацыянальную гісторыю. Сьвяткаваньне Дня беларускай вайсковай славы будзе адбывацца і ў Беларусі. Штогод на Крапівенскім полі адбываюцца мерапрыемствы. На выходныя на Крапівенскім полі зьбяруцца людзі, як звычайна. Я спадзяюся, што сілавыя структуры ня будуць умешвацца і ўсё пройдзе бяз арыштаў. Але штогод сілавыя структуры спрабуюць не дапусьціць, каб беларусы сьвяткавалі слаўную перамогу сваіх продкаў над маскалямі".

Ідэя адзначэньня Дня вайсковай славы нарадзілася пасьля таго, як 8 верасьня 1992 году ў Менску на плошчы Незалежнасьці вайскоўцы прынялі прысягу на вернасьць Беларусі. Сярод іх быў Уладзімер Барадач, які тады камандаваў брыгадай спэцназу, а цяпер знаходзіцца ў эміграцыі ў Нямеччыне.

Уладзімер Барадач

"Арганізацыю беларускіх вайскоўцаў тады ўзначальваў Мікола Статкевіч, які цяпер сядзіць у турме, экс-кандыдат у прэзыдэнты. Частка афіцэраў у адстаўцы і частка, у тым ліку і я, хто служыў ва Ўзброеных сілах, вырашылі праявіць такую ініцыятыву і прысягнуць. І 8-га верасьня пры шырокім зборы інтэлігенцыі, апазыцыі, дэмакратычна настроеных людзей мы выйшлі і прынялі прысягу. Канечне, гэта быў значны крок. Мы ішлі на гэта сьвядома, ў імя сваёй Айчыны".

Паводле спадара Барадача, перамога на Крапівенскім полі цяпер сьвяткуецца на грамадзкім узроўні, афіцыйныя структуры ў Беларусі дагэтуль яе не прызналі і не адзначаюць.

"Гэтая гістарычная вельмі важная вяха, як і многія іншыя гістарычныя падзеі, адмыслова вуаліруецца, ня згадваецца, каб не выхоўваць на старых гістарычных традыцыях гонар нашага народу. Зьнішчаецца беларускасьць, гісторыя, і зьнішчаецца, фактычна, корань, на якім грунтуецца сіла народная. А значыць, зьнішчаецца цэлы народ".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG