Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмітра Бандарэнку вылучылі на прэмію Андрэя Сахарава


Зьміцер Бандарэнка

Кандыдатуру палітвязьня вылучыў на прэмію Эўрапарлямэнту імя Андрэя Сахарава "За свабоду думкі" польскі дэпутат Марэк Мігальскі.

Зьміцер Бандарэнка — каардынатар "Эўрапейскай Беларусі", сябра перадвыбарчага штабу Андрэя Саньнікава.

"Для яго гэта вельмі вялікі гонар. Для мяне як ягонай жонкі гэта таксама вялікі гонар. У мяне мала куміраў у жыцьці, але сярод іх ёсьць Андрэй Сахараў. У нашай краіне ўсё так непрадказальна, што я ня ведаю, наколькі гэта можа паўплываць на вызваленьне майго мужа. Але спадзяюся, што гэтая інфармацыя дойдзе да кіраўніцтва калёніі. І гэтае намінаваньне паўплывае на стаўленьне адміністрацыі калёніі і на вязьняў, якія там знаходзяцца", — заявіла "Свабодзе" Вольга Бандарэнка, жонка палітвязьня.

27 красавіка яго асудзілі на 2 гады калёніі агульнага рэжыму.

У палітыка пасьля арышту дыягнаставалі некалькі грыж дыскаў хрыбетніка і ўшчамленьне сьпіннамазгавых нэрваў. 25 ліпеня яго даставілі з Рэспубліканскай турэмнай бальніцы на вуліцы Валадарскага ў 5-ю бальніцу, дзе на наступны дзень зрабілі апэрацыю.

Бандарэнка знаходзіцца ў Магілёўскай калёніі.

Прэмія імя Андрэя Сахарава за свабоду думкі названая ў гонар савецкага навукоўца і дысыдэнта Андрэя Сахарава, яна была заснаваная ў сьнежні 1985 году Эўрапейскім Парлямэнтам і прысуджаецца асобам ці арганізацыям, якія абараняюць правы і свабоды людзей.

Звычайна прэмія ўручаецца каля 10 сьнежня, у дзень, калі краіны ААН прынялі Ўсеагульную дэклярацыю правоў чалавека.

У 2004 годзе прэмію атрымала Беларуская асацыяцыя журналістаў. У 2006-м — кандыдат на выбарах прэзыдэнта 2006-га, цяперашні кіраўнік руху "За свабоду" Аляксандар Мілінкевіч.
XS
SM
MD
LG