Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскія праваабаронцы скардзяцца ў пракуратуру, што Бяляцкага адмовіліся выпусьціць пад заруку


Праваабаронцы Гомеля 8 верасьня накіравалі скаргу ў Менскую гарадзкую пракуратуру. Яны дамагаюцца скасаваньня пастановы ўправы Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю ў Менску й Менскай вобласьці, паводле якой нібыта нельга задаволіць хадайніцтвы на вызваленьне Алеся Бяляцкага з-пад варты пад асабістую заруку.

Адзін з аўтараў скаргі, юрыст Леанід Судаленка, паведаміў, што з Гомельскай вобласьці ва ўправу Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў было накіравана звыш 60 асабістых хадайніцтваў, грамадзкіх і палітычных актывістаў. Яны прасілі вызваліць да суду праваабаронцу Бяляцкага з-за кратаў, гарантуючы, што ён ня будзе хавацца ад сьледзтва й чыніць яму перашкоды.

Актывісты атрымалі лісты ад сьледчай аддзелу папярэдняга расьсьледаваньня УДФР Тацьцяны Касынкінай пра тое, што Бяляцкага нельга выпусьціць з-за кратаў. У пастанове сьледчай, аднак, не раскрываюцца прычыны такога рашэньня, матывы, чаму праваабаронцу нельга выпусьціць пад асабістую заруку.

У скарзе, накіраванай у Менскую гарадзкую пракуратуру, гомельскія праваабаронцы заяўляюць, што гатовыя несьці матэрыяльную адказнасьць, калі Алесь Бяляцкі парушыць правілы зарукі.

Кіраўніка праваабарончага цэнтру "Вясна" Алеся Бяляцкага вінавацяць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйных памерах. Бяляцкаму пагражае да 7 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

Банкаўскія дадзеныя Бяляцкага афіцыйнаму Менску перадалі Літва і Польшча.

Бяляцкага затрымалі 4 жніўня. Ён знаходзіцца ў турме на вуліцы Валадарскага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG