Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аршанская міліцыя адмовілася ахоўваць пікет у падтрымку Бяляцкага


Праваабаронцы Васіль Леўчанкаў і Васіль Берасьнеў плянавалі правесьці пікет 16 верасьня, але ім не ўдалося заключыць дамову зь міліцыяй, каб тая ахоўвала парадак падчас імпрэзы.

У афіцыйным адказе з Аршанскага ГАУС гаворыцца, што ў гэты дзень усе супрацоўнікі міліцыі будуць занятыя.

Спадары Леўчанкаў і Берасьнеў спрабауюць арганізаваць пікет у падтрымку зьняволенага кіраўніка праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага ўжо другі раз.


Васіль Леўчанкаў

“Мы падавалі заяўку на 26 жніўня, і, паводле патрабаваньня гарвыканкаму, зьбіраліся заключыць дамовы на абслугоўваньне мерапрыемства з гарадзкім адзьдзелам міліцыі, паліклінікай і камунальным прадпрыемствам “Арыён”. У міліцыі нам сказалі, што спачатку трэба мець дазвол з гарвыканкаму – а потым, маўляў, без праблем будзе заключана дамова. Але ў гарвыканкаме мяркуюць інакш: нам не далі дазволу, бо мы не прадставілі дамоваў з адпаведнымі службамі”, – распавёў Леўчанкаў.

Рыхтуючыся да пікету 16 верасьня, Васіль Леўчанкаў і Васіль Берасьнеў вырашылі пайсьці іншым шляхам – спачатку заключыць дамовы.

Мэдыкі выставілі рахунак: за 24 тысячы беларускіх рублёў і аплаты выдаткаў на паліва яны гатовыя дзяжурыць падчас пікету.

Але міліцыя падпісваць дамову адмовілася: маўляў, па пятніцах жыхары Воршы адпачываюць пасьля працы і масава наведваюць дыскатэкі. Таму ўсе міліцыянты будуць патруляваць месцы адпачынку.

Арганізатары пікету лічаць такі адказ незаконным і будуць зьвяртацца ў аршанскую гарадзкую пракуратуру, каб там ацанілі дзеяньні супрацоўнікаў МУС.

Кіраўніка праваабарончага цэнтру "Вясна" Алеся Бяляцкага вінавацяць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйных памерах. Бяляцкаму пагражае да 7 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.
Банкаўскія дадзеныя Бяляцкага афіцыйнаму Менску перадалі Літва і Польшча.

Бяляцкага затрымалі 4 жніўня. Ён знаходзіцца ў турме на вуліцы Валадарскага.
XS
SM
MD
LG