Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скандал з заявамі пра тое, што Масква не зьбіраецца дапамагаць Лукашэнку здушваць народныя паўстаньні, сапраўды вельмі важны і паказальны. Толькі яго важнасьць і паказальнасьць – зусім ня ў тым, у чым яны бачацца на першы погляд.

Сапраўды, на адным з апошніх самітаў АДКБ кіраўнік Беларусі казаў пра магчымасьць ужываньня корпусу сілаў апэратыўнага рэагаваньня (КСАР) АДКБ у выпадку ўнутраных забурэньняў у той ці іншай краіне. Але каго пры гэтым ён меў на ўвазе і чаму наагул пачаў пра гэта казаць? Рэальныя просьбы аб вайсковай дапамозе з боку АДКБ гучалі насамрэч двойчы, і абодва разы – ад Кіргізстану летась: першы раз у красавіку ад прэзыдэнта Бакіева, калі ён прасіў абараніць яго ад паўстаньня, і другі раз – у чэрвені, ад часовага прэзыдэнта Атунбаевай, якая прасіла дапамогі падчас этнічных пагромаў на поўдні краіны.

Ніякіх іншых просьбаў не паступала. Калі ацэньваць сытуацыю аб'ектыўна, то патрэба ў такой дапамозе можа ўзьнікнуць зусім не ў Беларусі. У многіх краінах Цэнтральнай Азіі ёсьць ваяўнічае ісламісцкае падпольле, там ужо здараліся ўзброеныя бунты, да таго ж у хуткім часе амэрыканцы сыдуць з Аўганістану, і што там будзе, і ці ня выплюхнецца гэта на поўнач, якраз на тэрыторыю паўднёвых чальцоў АДКБ – гэта вялікае пытаньне.

Што да сытуацыі ў Беларусі, то меркаваньні наконт яе могуць быць розныя, але варта прывесьці думку расейскага дыплямата, якога “Известия” працытавалі ў артыкуле, прысьвечаным скандалу.

Паводле дарадцы расейскай амбасады ў Беларусі Ўладзімера Марчука, “у Лукашэнкі дастаткова сілаў беларускай арміі, каб прадухіліць любую “арабскую вясну”, а яго заява адносна АДКБ усяго толькі прапагандысцкі выкрут, каб паказаць важнасьць Беларусі і міжнароднае значэньне яе лідэра. Унутры краіны Лукашэнку нічога не пагражае. Другога Эгіпту або Лібіі тут ня будзе. Занадта розныя ўмовы”.
Прапанова Лукашэнкі гучала проста як практычнае ўвасабленьне страхаў і перасьцярогаў Назарбаева і яго суседзяў.


Ёсьць шмат падставаў лічыць, што расейскі дыплямат меў рацыю і ў ацэнцы сытуацыі ў краіне, дзе ён прадстаўляе сваю дзяржаву, і ў ацэнцы матываў, на падставе якіх Лукашэнка зрабіў заяву пра ператварэньне КСАР у міжнароднага жандара. Ужо сытуацыя з прытулкам Бакіеву паказала наяўнасьць у беларускага кіраўніка палітычных амбіцыяў у Цэнтральнай Азіі, жаданьне паказаць сябе гульцом, пасярэднікам, ідэолягам змаганьня з рэвалюцыйнай “заразай” – кім заўгодна, абы ўплывовай фігурай.

І тут тое самае. Напярэдадні саміту АДКБ у Астане не Лукашэнка, а Назарбаеў казаў пра неабходнасьць пабудаваць “непрыступную сьцяну”, каб прадухіліць распаўсюджваньне рэвалюцый у Цэнтральнай Азіі. Дык прапанова Лукашэнкі гучала проста як практычнае ўвасабленьне страхаў і перасьцярогаў Назарбаева і яго суседзяў.

Але чаму ж тады Масква перавяла стрэлкі на Лукашэнку, зрабіўшы выгляд, што ён для сябе, для абароны сваёй улады прапанаваў пашырыць функцыі і паўнамоцтвы АДКБ? Дакладна таму ж, чаму раздражненьне ў Маскве выклікаў і прытулак, дадзены Лукашэнкам Бакіеву. Паводле схемы маскоўскай палітыкі яе саюзьнікі і суседзі павінны камунікаваць паміж сабой празь яе, праз Маскву. Ну, магчымыя максымум рэгіянальныя кантакты, але калі беларус Лукашэнка лезе ў цэнтральнаазіяцкую палітыку – гэта, на погляд Крамля, зусім не ягоныя сані, што яму ў дастаткова грубай форме і было паказана. Для Лукашэнкі грубай, а для Захаду (дробязь, а прыемна) вельмі прыгожай: аскепак “саўка” Лукашэнка ледзь ня сам заклікае да сябе расейскія войскі для абароны ад народу, а Расея, пазбаўленая, як вы ведаеце, якіх бы там ні было імпэрыялістычных памкненьняў, яму ў гэтым адмаўляе, ускосна займаючы бок дэмакратыі, якая так падабаецца Захаду :-)
Калі беларус Лукашэнка лезе ў цэнтральнаазіяцкую палітыку – гэта, на погляд Крамля, зусім не ягоныя сані, што яму ў дастаткова грубай форме і было паказана.


Ёсьць і яшчэ адзін, хіба не галоўны матыў, паводле якога разыграны гэты спэктакль – гэта тое, што ступень гатовасьці беларускага кіраўніка ісьці насустрач пажаданьням Крамля ў эканамічнай сфэры ніжэйшая, чым Крамлю хацелася б. Адсюль і вынікае агучаны ананімнай крамлёўскай крыніцай загад “макаць” дарагога саюзьніка. Яшчэ (ці ўжо) не “мачыць”, “хросных бацькаў” і іншых войнаў, можа, найбліжэйшым часам і ня будзе, усё ж у мытны саюз уступіў, адзіную эканамічную прастору падпісаў. Але “макаць”, каб разумеў, што ад яго дамагаюцца большага.

Вось гэта якраз і ёсьць адзінае важнае і паказальнае.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG