Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія ўлады заклікаюць грамадзян краіны эканоміць энэргарэсурсы на тле газавага супрацьстаяння з Расеяй. Экспэрты лічаць непазбежнай трэцюю "газавую вайну".

На пасяджэньні кабінэту міністраў Украіны яго кіраўнік Мікалай Азараў заявіў, што ва ўмовах дзеяньня "кабальных газавых кантрактаў з Расеяй зачыненае акно, уцепленыя дзьверы і эканомнае выкарыстаньне газавай пліты - пытаньне патрыятызму і выжываньня".

Раней украінскі прэзыдэнт Віктар Януковіч паведаміў, што падрыхтаваныя неабходныя дакумэнты для падачы пазову ў міжнародны арбітражны суд адносна газавай спрэчкі з Масквой. Нават калі суд не разарве пагадненьня з "Газпромам", экспэрты лічаць непазбежнай трэцюю "газавую вайну", і ўказваюць, што Ўкраіна лепей падрыхтаваная да яе, чым да дзьвюх папярэдніх.

Як запэўніваюць ва ўрадзе, гэтым разам у падземных сховішчах для асеньне-зімовага сэзону назапашана дастаткова паліва, як для ўнутраных патрэбаў, так і для выкананьня Кіевам абавязацельстваў перад Эўразьвязам па транспарціроўцы расейскага газу.

Тым часам міністар энэргетыкі і вугальнай прамысловасьці Ўкраіны Юры Бойка на прэс-канфэрэнцыі зноў выключыў, як ён сказаў, "зьневажальны" варыянт зьліцьця "Нафтагазу" з "Газпрамам", што ў Маскве называюць ключавой умовай для перагляду кантрактаў.
XS
SM
MD
LG