Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Калі Лябедзька ляцеў над Беларусьсю, яго пашпарт ляжаў у КДБ


Брусэль скарэктаваў сваю палітыку ў дачыненьні да Беларусі. Калі яшчэ нядаўна эўрапейскія чыноўнікі гатовыя былі весьці дыялёг зь беларускімі ўладамі без удзелу апазыцыі, то цяпер яны выступаюць за прамыя перамовы ўладаў і апазыцыі з удзелам міжнародных структураў у якасьці пасярэднікаў. Пра гэта сёньня заявіў лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску.

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька сказаў, што падчас учорашняй сустрэчы, якую беларуская дэлегацыя мела ў Варшаве, у якасьці магчымых пасярэднікаў на перамовах разглядаліся Эўразьвяз, Рада Эўропы і АБСЭ. Найбольш пасавала б беларускай сытуацыі пасярэдніцтва АБСЭ, лічыць спадар Лябедзька:

«Гэта больш унівэрсальная арганізацыя. Яна ўключае ўсіх тых, каго называў Лукашэнка. Там ёсьць Расея, ЗША, усе краіны Эўразьвязу. І ёсьць досьвед працы ў Беларусі місіі АБСЭ на чале са спадаром Вікам. На мой погляд, ён праводзіў дастаткова эфэктыўную стратэгію, каб у нас адбыўся рэальны перамоўны працэс. Нават былі зафіксаваныя некаторыя вынікі, але яны засталіся на паперы, бо не былі рэалізаваныя. Гэта дае магчымасьць вярнуць у Менск місію АБСЭ, якая цяпер выдаленая з краіны».

Леў Марголін
Аднак на сёньняшні дзень, як паведамілі Анатоль Лябедзька і ягоны намесьнік Леў Марголін, які таксама ўдзельнічаў у прэсавай канфэрэнцыі, ніякіх канкрэтных прапаноў аб перамовах апазыцыі ад беларускіх уладаў не паступала. А з камэнтароў на каналах дзяржаўнага тэлебачаньня можна зразумець, што яе могуць наагул не паклікаць. Леў Марголін так выказаўся з гэтай нагоды:

«Калі прапанова такая, што кожны можа трактаваць яе па-свойму — Лукашэнка меў на ўвазе нешта сваё, Пракопаў з Кісялём — сваё, Ляўковіч — нешта трэцяе, то гаварыць пра гэта проста несур’ёзна.

Патрэбны сур’ёзныя прапановы, якія трэба абмяркоўваць. І я думаю, што час і эканамічныя абставіны будуць прысьпешваць і вымушаць Лукашэнку нешта рабіць у гэтым напрамку».

На пытаньне «Свабоды», ці вярнулі Анатолю Лябедзьку ягоны пашпарт з КДБ, старшыня АГП адказаў, што гэта дакумэнт па-ранейшаму знаходзіцца ў беларускіх чэкістаў:

«У прынцыпе, яны мне яшчэ нічога не вярнулі. Але я ўжо праехаў празь Беларусь. Праўда, па паветры. Я знайшоў формулу, як вырашыць гэтае пытаньне. Я думаю, што гэта будзе стымулам для іх, каб зразумець, што няма сэнсу трымаць мой пашпарт і некаторыя рэчы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG