Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: Усё будзе круціцца вакол курсу ў 10 000 рублёў за даляр


Беларускі рубель дэманструе нечаканае ўмацаваньне на чорным рынку. Калі яшчэ ўчора валютчыкі давалі за даляр 8800—8900 рублёў, то сёньня складана атрымаць нават 8500. Аналягічная сытуацыя назіраецца і за межамі Беларусі, дзе можна набыць валюту за беларускія рублі. Самая незвычайная карціна ў віленскім абменьніку банку "Цытадэль" — 6150 рублёў за даляр.

Адмыслоўцы спыненьне імклівага абвалу нацыянальнай валюты зьвязваюць з прыпыненьнем актыўнасьці на валютным рынку, выкліканай абяцаньнем уладаў неўзабаве пачаць выхад на раўнаважны курс.

Як абяцаў 30 жніўня на нарадзе з прадстаўнікамі ўраду і Нацыянальнага банку Аляксандар Лукашэнка, у сярэдзіне верасьня адкрыецца дадатковая сэсія Беларускай валютна-фондавай біржы, у часе якой на падставе попыту і прапановы будзе вызначаны раўнаважны курс беларускага рубля. Аднак зацікаўленыя бакі разьлічваюць у гэтай сытуацыі на прынцыпова розныя дывідэнды. Так, уладальнікі валюты спадзяюцца, што рынкавы курс будзе значна вышэйшы, чым нават цяперашні ценявы, і прытрымліваюць СКВ. Патэнцыйныя ж пакупнікі ня трацяць надзеі, што курс, наадварот, наблізіцца да афіцыйнага, і не сьпяшаюцца набываць даляры ды эўра.

На думку эканамічнага аглядальніка Канстанціна Скуратовіча, нельга разглядаць умацаваньне рубля ў ценявым сэгмэнце за станоўчую тэндэнцыю. Па яго словах, ніякіх падставаў да стабілізацыі не назіраецца, а з улікам тэмпаў інфляцыі рынкавы курс аб'ектыўна ня можа быць ніжэйшы, чым 10 000 рублёў за даляр:

Канстанцін Скуратовіч

"Цалкам магчыма, што ўсё гэта — інсынуацыі ўладаў. Перадусім дзеля таго, каб афіцыйны курс рубля не абваліўся пасьля таго, як будзе зроблена спроба выйсьці на адзіны курс. Такое выключаць абсалютна нельга. Я лічу, што 10 000 рублёў за даляр — гэта тая лічба, вакол якой усё будзе круціцца. Больш ці менш. Але ніяк не намнога меней. Вы ж паглядзіце, што робіцца. Кошты на ўсё растуць. Што ні дзень, то ад рубля інфляцыя адкусвае па вялікім кавалку. Ну, дык як жа ён вернецца на 6000 ці на 7000? Гэта ж проста неверагодна! Калі ў Лукашэнкі ёсьць грошы, калі ён раптам назапасіў за лета 5—7 мільярдаў даляраў, тады, напэўна, адкруціць курс можна. А так — не. Канечне, грошы на тое і грошы, каб іх хаваць да часу. Але нешта ня верыцца, што яны ёсьць у такой колькасьці".

Афіцыйны курс, вызначаны Нацыянальным банкам, вось ужо больш як чатыры месяцы не нашмат перавышае 5000 рублёў за даляр. Аднак пры гэтым легальна набыць валюту ў абменных пунктах практычна немагчыма, а ахвотных здаваць валюту за паўцаны ўсё меней. Безнаяўны курс на чорным рынку ў жніўні пераадолеў двухразовую розьніцу з дэкляраванымі зьверху лічбамі, спыніўшыся на адзнацы 10 500. Экспэрты чакалі, што падобная тэндэнцыя будзе тычыцца і наяўнай валюты. Аднак, дасягнуўшы максымальнай адзнакі ў 9000, рубель пачаў хоць і ня так значна, але ўмацоўваць пазыцыі.

Як мяркуе аналітык Раман Касьціцын, імклівае абясцэньваньне рубля зьвязанае перадусім з адсутнасьцю ў чыноўнікаў разуменьня таго, як выкруціцца з тупіковай сытуацыі. Прынамсі, амаль паўгадавое маўчаньне вышэйшых кіраўнікоў справакавала паніку ды ажыятаж, якія пачалі фармаваць валютны курс без уліку інтарэсаў дзяржавы. І калі фармаваньне адзінага курсу будзе адбывацца гэтак жа кулюарна, употай ад грамадзкасьці, то, на думку суразмоўцы, цяперашняе "ўмацаваньне" абернецца чарговым балючым падзеньнем:

"Там жа наверсе нібыта прафэсіяналы працуюць, якія павінны разумець
Атрымліваецца, што левай рукой мы дамагаемся павелічэньня валютнай выручкі, а правай усе свае дасягненьні разбураем коштам неакуратнай працы ...

наступствы сваіх крокаў. Прынамсі прадбачыць іх і людзям сваю пазыцыю тлумачыць. Ва ўсіх гэтых чыноўнікаў праца такая: ня толькі рабіць нейкія крокі, а яшчэ ёсьць функцыя тлумачыць насельніцтву — дзеля чаго гэтыя крокі робяцца. Каб не ствараць панікі, якая наносіць вельмі сур'ёзную, глыбокую шкоду эканоміцы краіны — нягледзячы на сапраўды значнае павелічэньне валютнай выручкі, якая вырасла, па-мойму, на 60%. Атрымліваецца, што левай рукой мы дамагаемся павелічэньня валютнай выручкі, дабіваемся подзьвігаў, а правай усе свае дасягненьні разбураем коштам неакуратнай працы, коштам стварэньня нейкай інфармацыйнай вакханаліі".

Пра тое, што колькасьць зьдзелак на ценявым рынку істотна скарацілася, гавораць і самі валютчыкі. Па іх словах, спад актыўнасьці выкліканы тым, што і прадаўцы, і пакупнікі пакуль прыглядаюцца да сытуацыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG