Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура правярае зьвесткі пра зьбіцьцё вязьняў калёніі ў Івацэвічах


Пракуратура Берасьцейскай вобласьці праводзіць праверку інфармацыі пра зьбіцьцё зьняволеных у папраўчай калёніі № 5 у Івацэвічах, якая зьявілася ў СМІ.

Пра гэта БелаПАН паведамілі ў Генэральнай пракуратуры. Генпракурор Рыгор Васілевіч даручыў свайму намесьніку Аляксею Стуку дбайным чынам пракантраляваць ход праверкі.

Паведамленьні пра масавае зьбіцьцё зьняволеных у калёніі № 5 паступілі ў інфармацыйна-асьветніцкую ўстанову "Плятформа". Спачатку з просьбай аб дапамозе зьвярнулася маці асуджанага Раміза Мамэдава, які знаходзіцца ў гэтай калёніі.

"На сёньняшні дзень ня ўсе дэталі паведамленьня ўдалося праверыць, аднак дакладна вядома, што 27 ліпеня ў ПКТ (памяшканьні камэрнага тыпу) супрацоўнікі калёніі жорстка зьбілі шасьцярых зьняволеных. Двое зьняволеных былі дастаўлены ў гарадзкі шпіталь, адзін з іх – на насілках. Астатнім пацярпелым дапамогу аказвалі ў калёніі ", — распавёў дырэктар" Плятформы" Андрэй Бандарэнка.

"28 жніўня "Плятформа" зьвярнулася ў Генпракуратуру Беларусі, Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў (ДВП) і Ўпраўленьне ўласнай бясьпекі МУС з патрабаваньнем правесьці дэталёвую праверку ўказаных фактаў і прыцягнуць да адказнасьці вінаватых. Ніякіх адказаў мы не атрымалі, затое атрымалі пацьвярджэньне фактаў зьбіцьця. Гэта стала вядома з ананімнага званка ў рэдакцыю "Радыё Свабода". У тым, што зьняволеных у івацэвіцкай калёніі зьбілі, мы ні на сэкунду не сумняваліся. Званок стаў яшчэ адным пацьвярджэньнем ", – сказаў Бандарэнка.

"Плятформа" рыхтуе чарговае зварот у Генэральную пракуратуру па гэтай падставе.

"Два сыгналы сьведчаць аб тым, што факт зьбіцьця быў. Таму мы патрабуем ад Генпракуратуры правесьці не праверку, а дэталёвае расьсьледаваньне гэтай справы",– падкрэсьліў Бандарэнка.

Паводле яго слоў, сёньня няма дакумэнтальнага пацьвярджэньня, якія менавіта цялесныя пашкоджаньні былі нанесеныя асуджаным, у тым ліку няма пацьвярджэньня, што ў Мамедава была зламаная ключыца.

"Адміністрацыя будзе рабіць усё, каб схаваць гэты факт, а ДВП не дазволіць нам патрапіць у калёнію. Тым ня менш, сам факт зьбіцьця схаваць не атрымаецца, і мы прыкладзем максымум намаганьняў, каб вінаватыя ў злачынстве апынуліся побач з тымі, да каго яны ўжывалі катаваньні ", -- заявіў Бандарэнка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG