Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Халіп атрымала доўгатэрміновае спатканьне з Андрэем Саньнікавым


Ірына Халіп

Ірына Халіп

Жонка палітвязьня, экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава Ірына Халіп накіравалася ў Наваполацкую калёнію на доўгатэрміновае спатканьне з мужам.

Халіп сама зьяўляецца фігурантам крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня 2010 году. Журналістка засуджаная да двух гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на два гады.

"Таму супрацоўнікі міліцыі, якія ажыцьцяўляюць нагляд за мной, павінны выдаць мне маршрутны ліст, прыкладна такі, які выдаюць кіроўцам-дальнабойнікам. І я павінна яго адзначаць. Маршрутны ліст уяўляе сабой прыкладна ліст камандзіровачнага ў савецкія часы: у ім паказаная дата асуджэньня, тэрмін пакараньня, орган, які выдаў гэты ліст. У калёніі я павінна зрабіць адзнакі ў адміністрацыі: калі прыбыла, калі адбыла. Па вяртаньні — здаць у міліцыю", — сказала Ірына БелаПАН.

Ірына разьлічвае пагаварыць з мужам не "праз шкло", а асабіста. "Я раскажу яму пра тое, што адбывалася ў апошні час, і маю намер пачуць пра тое, што адбывалася зь ім у зьняволеньні", — адзначыла Халіп.

Яна не ўзяла з сабой на спатканьне сына Даніка.

"Гэта было б бесчалавечна – замыкаць маленькага хлопчыка ў маленькім пакойчыку ў чатырох сьценах на двое сутак. Калі ў калёніі ў Віцебску, напрыклад, дзе знаходзіцца Аляксандр Атрошчанкаў, ёсьць унутраныя прагулачныя панадворкі, куды можна вывесьці дзіця пагуляць, то ў калёніі ў Наваполацку такой магчымасьці няма ", — сказала Халіп.

Жонка вязе Саньнікаву яго любімыя стравы.

"Я ня ведаю, як ён усё гэта зьесьць, але яму прыйдзецца. Плоў, катлеты, адбіўныя, гуляш. Пірагі ад яго маці Алы Ўладзімераўны. І яшчэ вельмі шмат усялякіх прысмакаў", — сказала Халіп.

Пакінуць калёнію ў Наваполацку Ірына павінна 9 верасьня.

14 траўня суд Партызанскага раёну Менску прысудзіў Саньнікава да пяці гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
XS
SM
MD
LG