Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маўклівыя акцыі пратэсту пяройдуць з плошчаў на праспэкты


Рух "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку" абвясьціў умовы першай восеньскай акцыі маўклівага пратэсту.

Першая такая акцыя адбудзецца ў сераду 21 верасьня. Плянуецца, што ў гэты дзень з 19.00 да 20.00 цэнтральныя праспэкты ўсіх буйных беларускіх гарадоў павінны запоўніцца "людзьмі, якія мірна гуляюць і не ажыцьцяўляюць ніякіх супрацьпраўных дзеяньняў".

Адзін з арганізатараў акцый Вячаслаў Дзіянаў у інтэрвію UDF.BY паведаміў, што "будуць абраныя ўчасткі на галоўных праспэктах альбо вуліцах гарадоў, дзе будуць канцэнтравацца пратэстоўцы":

"Гэта значыць, на гэты раз выбраная не канкрэтная плошча, а нейкі ўчастак на галоўнай вуліцы. Больш дэталёвая і падрабязная інфармацыя аб кожным горадзе будзе апублікаваная на нашых старонках у інтэрнэце крыху пазьней.

Прапанова аб такой тактыцы мерапрыемства была агучаная даволі даўно, яшчэ месяца паўтара таму. Мы глядзелі, дзе праводзіліся акцыі да гэтага, дзе міліцыі складаней за ўсё адрозьніць удзельнікаў ад простых мінакоў. Была зробленая выснова, што менавіта на вуліцы, на тратуарах складаней за ўсё затрымліваць людзей.

Я лічу, што акцыі праводзіць трэба. Цяпер становішча накаляецца. І ніхто, ніводзін аналітык, ніводзін экспэрт, ня можа спрагназаваць, колькі і якія людзі выйдуць. Ніхто ня можа спрагназаваць, калі запаліцца гэтая іскра, калі людзі пачнуць штодня выходзіць, безь якіх-небудзь арганізатараў.

Цярпеньне ў народу яшчэ ёсьць, але Лукашэнка ўжо перайшоў усе магчымыя грані, і рана ці позна ўсё абрынецца. Каб быў каталізатар народнага пратэсту і нязгоды, трэба праводзіць акцыі. Калі іх ня будзе, то ня будзе ў людзей запалу і іскры".

Ужо вядома, што ў Менску акцыя 21 верасьня пройдзе на праспэкце Незалежнасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG