Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У МОФе мы пажыцьцёва закаваныя ў бэтон ды калючы дрот!»


Гэтае тэлефанаваньне з-пад Менску не магло не паклікаць мяне ў дарогу. У слухаўцы трывожна гучаў голас маёй добрай знаёмай, легендарнай Ірыны Віяленцій. Гэта ёй разам зь цяпер ужо нябожчыкам — мужам Георгіем удалося ў 1985-м прышчапіць на беларускай глебе знойдзеныя на аблогах Сіхотэ-Аліня карані жэньшэню — дарэчы, і там адна расьліна сустракаецца на тысячу га лесу. У нас жа плянтацыя дасягнула 6 га, Эўразьвяз прызнаў яе найбуйнейшай у сьвеце. Сабраны быў і рэкордны ўраджай — да 7 тонаў з га. У 1998-м Ірына Канстанцінаўна стала ляўрэатам «FORD UNION» — прэстыжнай прэміі Генры Форда «за ўратаваньне ўнікальных плянтацыяў». Лекавы сад Віяленціяў называлі «нацыянальным здабыткам Беларусі».

Абвал пачаўся яшчэ на пачатку тысячагодзьдзя, калі былы кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Жураўкова дамаглася, каб фабрыку гародніны, дзе й быў лекавы сад, перадалі яе структуры — «Белзьнешнегандальінвэсту». І ўсе плошчы сталі — цытую паводле сьледчага дакумэнту — «бясплатнай базай для захоўваньня трактароў, што рэалізоўваліся ў Расеі праз падстаўныя фірмы».

Так 6 год таму плянтацыю «цынічна і жорстка» выкарчавалі на загад апошняга кіраўніцтва фабрыкі, ужо камэрцыйнай структуры. Цяпер дабраліся і да МОФ — аднайменнага пасёлка, што ўзьнік побач з прадпрыемствам.

Віяленцій: «Юрыдычна пасёлка няма. Будаваўся ў 60-я гады, так і называўся — „Менскай фабрыкі гародніны“. І прапіска такая, рэгістрацыя. А на карце намаляваныя кубікі, што нешта ёсьць, а якая назва — няма. У Навадворскім сельсавеце дадумаліся — перадалі ў вёску Сьціклева, вуліца Фабрычная. А палова людзей прапісаная ў Сьціклеве, палова ў МОФ. У мяне, напрыклад, прапіска ў МОФ, а зямля каля хаты прыватызаваная — на вуліцы Фабрычнай. Хоць кампактна праглядаюцца нашы дзьве старыя вуліцы і чатыры шматкватэрныя дамы. Пражывае ўся тысяча. Дык адзін дом — пасёлак МОФ, суседні — вёска Вялікі Трасьцянец, інтэрнат — „11-ты кілямэтар, Магілёўская шаша“. А яшчэ адзін дом — палова ў вялікім Трасьцянцы, палова — у МОФе. Мая дачка цяжка захварэла, выклікалі „хуткую дапамогу“ — цэлую гадзіну не магла знайсьці! Імя трэба пасёлку даць!».

Апошняя інфармацыя ад спадарыні Віяленцій гучала трывожна: маўляў, «жылі ў рэзэрвацыі, зараз — нібы ў канцлягеры». Яна сустрэла мяне па-сьвяточнаму апранутай — па іроніі лёсу, вярталася з гарадзкога конкурсу па насычанасьці «зялёнымі зонамі» школьных навакольляў, дзе яна была сябрам журы. У вачах толькі нібы застыла самота. Ад апошняга менскага прыпынку ідзем больш за кілямэтар да МОФ па сьцяжыне, паабапал якой агароджы з бэтону ды калючага дроту — адпаведна ад фабрыкі гародніны і электрадэпо мэтрастанцыі «Магілёўская». Упіраемся ў тупік, дакладней, у чарговую агароджу, за якой вялікая будоўля. На пашпарце аб’екта — незразумелы надпіс па-расейску: «Расширение производственной базы ООО «ОПНИИПКД». Спрабую нешта даведацца ў будаўнікоў, што ідуць з працы.

Спадары: «Мы часовыя…».

Карэспандэнт: «А што тут будзе?».

Спадары: «Пытайцеся ў ахоўніка…».

Карэспандэнт: «Вас задавальняе, што аўтобуснага прыпынку няма і людзі па 3 км ходзяць на будоўлю?».

Спадар: «Мяне ўсё не задавальняе ў гэтым бардаку. А вы адкуль?».
Я губляю кожны дзень на дарогу 3 гадзіны.

Карэспандэнт: «З Радыё Свабода…».

Спадар: «Слухаю вас кожны вечар. Я губляю кожны дзень на дарогу 3 гадзіны, іду з прыпынку на працу туды-сюды гадзіну…».

Віяленцій: «А ўзімку тратуар ня чысьцяць. З паліклінікі ішла — 3 разы ўскараскалася ледзь на сьнег, вымазалася…».

Віталь: «Затое Буракоўскі, дырэктар піўзаводу, працягвае платы будаваць. Цяпер ня можам прайсьці — агароджана. Быў тратуар для пешаходаў, а цяпер няма. Я на ровары ежджу, а людзі пешшу ў абход. Маладыя на машынах езьдзяць, у каго ёсьць. Як у турме жывем — вакол калючы дрот на платах…».

Гэта ўступіў у гаману мясцовы жыхар, 31-гадовы Віталь Ласко. Хутка да яго далучылася яшчэ адна жыхарка МОФ, супрацоўніца камэрцыйнай фірмы Алена Ціханава.

Алена: «Мы сталі жыць у рэзэрвацыі — прамысловасьць нас задушыла. Тое, што мы тут ёсьць, ніхто ня думае. Мне б хацелася пад’ехаць да сваёй хаты бліжэй, асабліва калі ноччу вяртаесься. Пра краму і ня марым. Хаця б сьметніца стаяла!».

Віталь: «Бывае, машына ў пятніцу наагул не прыяжджае! Ва ўсіх вёсках і пасёлках ёсьць шапік, дзе можна купіць тую ж ваду, цыгарэты. А ў нас — за 2 км! А калі старыя людзі ня могуць дайсьці, кульгаюць?! Вялікія грузы ходзяць, разьбіваюць дарогу, аж на ровары не праехаць — яміна на яміне. А во легкавая ідзе — хуткасьць 5 км…».

Нам, у двукосьсі, «пашанцавала» — усьлед грукатаў, займаючы ўсю шырыню дарогі, МАЗ з прычэпам. Спадарыня Ірына кінулася да кіроўцы, як на амбразуру.

Віяленцій: «Вы адмыслова сюды прыехалі разварочвацца, як і многія?!».

Кіроўца: «Я заблукаў — не зь піўзаводу…».

„Хуткая дапамога“ не магла заехаць у пасёлак. І жанчыну несьлі да перакрыжаваньня які кілямэтар.
Віяленцій: «Адзін раз жанчыне было дрэнна, а на дарозе было фур настаўлена. Дык „хуткая дапамога“ не магла заехаць у пасёлак. І жанчыну несьлі да перакрыжаваньня які кілямэтар… Калі мы ўбачылі, што ставяць агароджу на наш пешаходны тратуар, мы выйшлі і перакрылі дарогу на дзьве з паловай гадзіны. Прыехалі ДАІшнікі, старшыня Навадворскага сельсавету Максімчыкаў і землеўпарадчык. І ў прысутнасьці многіх сказаў, што зямля захоплена Буракоўскім, дырэктарам НДІ, дзе раней рабілі піва, а цяпер віно разьліваюць. Мы тады не далі ім класьці пліты. А празь дзень Буракоўскі сказаў, што ў яго ёсьць дазвол. Нас засталося зьверху заліць бэтонам…».

Ужо ў пасёлку я сустрэўся з 77-гадовай спадарыняй Ірынай Унук, былым канструктарам. Яна ўпала на тых калдобінах і пашкодзіла паясьніцу. Тым ня менш, літаральна з апошніх сіл, выйшла на пікет.

Унук: «Я падышла — доўга не магла стаяць. Патрабаваньні былі — зьняць плот. Машыны побач шугаюць, пыл у нос пушчаюць. А праехаць вясной — лужыны, немагчыма. Тут засталіся пэнсіянэры — хачу напісаць ліст, канвэрта няма дзе купіць. А ўжо па хлеб у краму! Добра, унучка прынясе — зь дзецьмі пасялілася. Жахлівае становішча! Дзеці — адзін у 3-м, другі ў 7-м клясе — ідуць пешаком са школы. Лужыны, дрыгва вакол. Ані да пошты, ані да аптэкі, ані да крамы не дабярэсься. І да тае паліклінікі — як хочаш…».

66-гадовы былы будаўнік спадар Лаханскі разам зь Віяленцій — арганізатар МОФаўскага супраціву. Дарэчы, 30 год са сваіх 40 працоўнага стажу аддадзены будаўніцтву фабрыкі гародніны. Кажа — «вось падзяка».

Лаханскі: «Вунь дзіця на вуліцу выпусьціць нельга — з-за будаўніцтва бруд сюды трапляе. Зялёная зона была і асфальт, але яны яго паламалі вялікагрузамі. Разьвярнуцца нельга — а калі пажар? На пасёлку няма водазабору. На вуліцы 2,5 мэтра шырыня — дзьве легкавыя машыны не разьмінуцца!».

Віяленцій: «На 400 мэтраў пасёлак разразае фабрыка гародніны і з трох бакоў агароджаны платамі з калючым дротам — ледзь не па самыя вокны. Мы ў канцлягеры цяпер знаходзімся! Розьніца толькі ў тым, што зэкі па заканчэньні тэрміну могуць выйсьці, а мы пажыцьцёва закаваныя!».

Лаханскі: «Я ня ведаю, што тут будзе — напісана „пашырэньне тэрыторыі піўзаводу“, які называецца чамусьці „НДІ“. НДІ — гэта як разьліць, каб усім было добра!». (Сьмяюцца.)

На наступны дзень я зьвязаўся па тэлефоне з прарабам Конюхам, чыё прозьвішча надрукавана на пашпарце будоўлі. Нават паводле яго слоў, памянёны «новы беларус» Буракоўскі яўна хлусіў жыхарам МОФ.

Карэспандэнт: «Жыхары пытаюцца, хто дазволіў усталяваньне і будаўніцтва агароджы на тратуары за 10 мэтраў ад мяжы пасёлка?».

Конюх: «Што зроблена, тое зроблена…».

Карэспандэнт: «А дазвол афіцыйны быў?».

Конюх: «Мг…».

Карэспандэнт: «Няма адказу. А на паўтара мэтра ўздоўж мяжы вы разбурылі пешаходны пераход. А гэта навошта было?».

Конюх: «Дарожка была на паўтара мэтра глыбей, чым наша пляцоўка. Дарожку мы адновім, трэба было падняць вышэй, каб не была ў яміне…».

Карэспандэнт: «А скажыце, якое прызначэньне будынкаў?».

Конюх: «Гэта будуць склады, будзе захоўвацца плітка. Мы ж пра тое гаворым мясцовым…».

Карэспандэнт: «Учора запісаў трох вашых рабочых, яны ня ведаюць, што будуюць! У вас напісана, што аб’ект у 4 квартале 2010-га павінны былі здаць…».

Конюх: «Так, падоўжылі дазвол да 4 квартала 2011-га — да гэтага часу здадзім. Мы ж будуем прыватніку, гэта вырашае гаспадар ОПНДІПКД…».

Карэспандэнт: «А чаму навукова-дасьледчы інстытут — досьледы па разьліве віна?».

Конюх (сьмяецца): «Так, з правам камэрцыйна-вытворчай дзейнасьці…».

* * *

Мае папярэднія суразмоўцы, Ірына Віяленцій ды Аляксандр Лаханскі, добра разумеюць, што сытуацыя ў МОФе — яскравая праява, як яны кажуць, «палітычнага „бязьмежжа“ ў краіне».

Лаханскі: «Хто нас за людзей лічыць? Праехаў чалавек па Маскоўскай трасе — за кранты і туды, бо Лукашэнка ехаў, усюды ўсё заблякіравалі. Кормім дармаедаў — жах!».

Віяленцій: «Цяпер крызіс, грошай няма, дык апарат трэба скараціць на дзьве трэці! А пайдзі ў райвыканкам, з табой гавораць пагардліва — «я чыноўнік, ты дурань…».

Лаханскі: «На Дажынкі як будзе — гэтаму прыймач, гэтаму гадзіньнік, а выканкамаўцу — бонус! Доўга жыць можна за гэты бонус. На кніжцы не было ні капейкі — жыў як жыў. І хлопцам казаў — ня трэба класьці, бо даверу дзяржаве няма. Мая цётка гатовая была вочы выдзерці за Луку, а цяпер маўчыць. 5 мільёнаў на чорны дзень хавала. Мы казалі — купі даляры. „Ай, на што“ — яна прэзыдэнта па тэлевізары глядзела. А цяпер паловы няма грошай! Чорныя дні ўжо насталі — яшчэ „лепей“ будзе!».

Віяленцій (сьпявае):

«Пазарасталі мохам-травою,
Дзе мы хадзілі, любы, з табою…»

Мы сядзім у прасторнай залі ў хаце спадарыні Віяленцій. П’ем не гарбату — сапраўдную амброзію з 33 траваў, якую выраблялі ў цэху, якім яна загадвала. Ірына Канстанцінаўна аддаецца ня самым вясёлым успамінам.

Віяленцій: «У 1985 маім мужам, Віяленціем Георгіем Іванавічам, пры саўгасе „Менская фабрыка гародніны“ быў закладзены лекавы сад. Быў яблыневы сад, больш за 50 сартоў бэзу — звозілі з усіх куткоў Савецкага Саюзу. Калі прыйшоў сюды апошні дырэктар Парчэўскі, выкарчаваў сад, бэз, на мэтраў 500 алею туі. Цяпер з вакон відаць голае поле. Калі я пісала ў пракуратуру, што выкарчавалі, выразалі больш за 3 тысячы дрэў, дык прыйшоў выдадзены заднім днём дазвол райвыканкаму, на які спасылаліся гэтыя людзі. Бярозы, каштаны здаровыя, 0,5 га элеўтэракоку бульдозэрам, абляпіхі таксама 0,5 га — ніводзін волас за гэта ня ўпаў з галавы ў чалавека! Вы не ўяўляеце, які цуд быў, калі бэз па пэрымэтры ў 2 км квітнеў на розныя колеры, адценьні! Цяпер за акном у мяне 6 га „гуляе“. Калі ставілі агароджу, мы прасілі — аднясіце, бэз і яблыні засталіся б на нашым баку, мы б прывялі ў парадак. Дык выгарадзілі нас з чатырох бакоў, як жывёлу…».

Нядаўна Ірына Віяленцій сустрэлася з кіраўніком Менскай абласной вэртыкалі Барысам Батурам, які паабяцаў «разабрацца ўва ўсім». Я пытаюся:

«А вы самі верыце, што нешта зьменіцца пасьля дзесяцігодзьдзяў шматлікіх зваротаў у інстанцыі, калі клаліся самі на дарозе ў вандалаў?».
Кіраўнік прыслаў сваю ахову з трох чалавек. Адзін мардаварот — удвох трымалі за рукі — даў мне па твары. Упершыню ў жыцьці хадзіла зь фінгалам!

Віяленцій: «Я ўжо ні ўва што ня веру. Вы бачылі, колькі ў нас адпісак? Аўтобус абяцалі яшчэ ў 2004-м, а зямлю прадалі гаспадару. Павільёнчык на 24 мэтры квадратныя дамовіліся з прадпрымальнікам усталяваць, і ён пабудаваў пляцовачку. Дык Парчэўскі не падпісаў яму дазвол, затое аддаў 2,24 га Буракоўскаму. За прыгожыя вочы аддаў? Думаю, не. Вельмі гладкі ён стаў за апошні час… Калі ставілі агароджу насупраць пасёлка, у мяне прыватызаваны хлеўчык, дзе я курэй дзяржу, хацелі забраць на бок фабрыкі. Я прад’явіла дакумэнты, тады яны выгарадзілі яго з усіх бакоў, паламалі мне страху. І хацелі каля майго дома зрэзаць тры ліпы. Я сказала — не, ня дам! Кіраўнік прыслаў сваю ахову з трох чалавек. Адзін мардаварот — удвох трымалі за рукі — даў мне па твары. Упершыню ў жыцьці хадзіла зь фінгалам! Я зьняла пабоі, яны таксама склалі пратакол, што я іх пабіла! Гэта бандыты — як іх інакш назваць?».

Я зьвязаўся праз тэлефон і зь Міхаілам Жуком, намесьнікам дырэктара па ідэалёгіі і сацкультбыце камэрцыйна-ўнітарнага прадпрыемства «Менская фабрыка гародніны». Размова, бадай, пацьвердзіла горшыя асьцярогі маёй суразмоўніцы.

Карэспандэнт: «Чаму кіраўніцтва заводу не дало дазвол прадпрымальніку на адкрыцьцё прадуктовага шапіка — пэнсіянэры ходзяць у краму за 2 км?».

Жук: «А хіба нехта браў дазвол? Гэта я ня ведаю…».

Карэспандэнт: «У МОФе жывуць вашы былыя і цяперашнія супрацоўнікі. Ці думае кіраўніцтва дапамагчы з адкрыцьцём прыпынку?».

Жук: «А як мы зробім? Гэта ж трэба ўзгадняць! Хай зьвяртаюцца ў гарвыканкам, а фабрыка пры чым? Што, мы будзем вазіць на сваіх аўтобусах? Мы для прадпрыемства хадайніцтвы пішам, а не для людзей…».

Карэспандэнт: «Міхаіл Іванавіч, а пэрспэктывы аднаўленьня жэньшэневай плянтацыі існуюць ці не?».

Жук: «Віяленція скардзіцца? Гэта не яе і ня іх справа!».

Я працягваю размову са спадарыняй Ірынай Віяленцій.

Карэспандэнт: «Ваш Георгій зьяўляецца вам у снах?».

Віяленцій: «Цяпер радзей. Я не змагла захаваць тое, што ён з такой цяжкасьцю ўзьняў крывёю і потам. Жэньшэню было 3,5 га ў 2000 годзе. Мяне — сьмешна сказаць — звольнілі па артыкуле „за сыстэматычнае невыкананьне службовых абавязкаў“. Хоць увесь саўгас працаваў на страту, а наша плянтацыя — з прыбыткам. У нас была аптэка, усю Беларусь забясьпечвалі травамі — санаторыі, паліклінікі, нават садзікі дзіцячыя бралі…».

Карэспандэнт: «Тады з захапленьнем пра жэньшэневы ўчастак гаварылі такія розныя па поглядах людзі, як Зянон Пазьняк ды Вячаслаў Кебіч…».

Віяленцій: «Зянон Пазьняк ня вельмі ў гуморы быў, а калі пабываў на плянтацыі, сказаў — „А ведаеце, на душы пасьвятлела“. А Кебіч спытаў у Георгія — „Скажыце, а зачэм вам усё гэта?“. Муж адказаў — „А вось аддзеліцца Расея ад Савецкага Саюзу, а ў Беларусі застанецца кавалак усурыйскай тайгі“. Ад карысьлівасьці ўсё зруйнавана ў 2004-2005 гадах. Мы плянавалі аддзяліцца ад саўгасу, было рашэньне Дамашкевіча, старшыні аблвыканкаму. Але Парчэўскі менавіта на плянтацыі хацеў свой аграгарадок разьмясьціць. Я схадзіла на прыём да мэра Паўлава, тармазнулі, але ўсё ўжо было зроблена. Калі муж мой памёр, быў названы лекавы сад імя Віяленція. Адмянілі імя — а як жа было карчаваць?! А мужу за сад было прысвоена званьне заслужанага работніка сельскай гаспадаркі. Са славутага Тэбердзінскага запаведніка доктар навук Малышаў называў нас „флягманам жэньшэняводзтва“. Нават кітайцы прыяжджалі і казалі, што ўсё тут цудоўна. Гэта была жамчужына Беларусі! Мы марылі аб’яднаць дзяржаўныя, прыватныя, фэрмэрскія гаспадаркі ў асацыяцыю, распрацоўваць новыя тэхналёгіі ў народнай мэдыцыне, рабіць травяныя таблеткі па тыпе індыйскіх…».

Карэспандэнт: «Вы мне неяк казалі, што жэньшэнь — расьліны, якія думаюць, якія маюць сваю душу…».

Віяленцій: «Канечне, маюць! Гэта жывыя істоты, больш тонкія, чым мы. Мы іх толькі можам калечыць. Жыву надзеяй на тое, што лекавы сад павінен адрадзіцца. У мінулым годзе было 15 год з дня сьмерці Георгія. Больш за 25 чалавек сабралася ў нас у хаце. Успаміналі-ўспаміналі і сказалі, што каб прыйшоў час, калі лекавы сад ажыве, многія прыйшлі б туды працаваць…».
Падарожжы Свабоды
XS
SM
MD
LG