Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пераможцы і прайгралыя


Празь 10 гадоў пасьля тэрарыстычных нападаў на Нью-Ёрк і Вашынгтон, у якіх загінулі амаль 3 тысячы чалавек, кіраўнік вашынгтонскага бюро нашага радыё Крысьціян Кэрыл піша пра тое, хто найбольш выйграў і найбольш прайграў у выніку тых падзеяў.


ВЫЙГРАЛІ


1. Вайскова-прамысловы комплекс ЗША.

Амэрыканскі авіяносец USS Carl Vinson у затоцы Манілы каля Філіпінаў

За гады пасьля тэрактаў 11 верасьня 2001 году ЗША найбольш павялічылі выдаткі на бясьпеку ад часоў Халоднай вайны. За апошняе дзесяцігодзьдзе Вашынгтон выдаткаваў больш за 7 трыльёнаў даляраў на бюджэт Міністэрства абароны, на выведку і на войны ў Іраку ды Аўганістане. (Бюджэт на выведку за апошнія 10 гадоў павялічыўся ўдвая).

Газэта "The Washington Post" у адмысловым матэрыяле-расьследаваньні падала інфармацыю, што цяпер у ЗША 854,000 чалавек маюць доступ да матэрыялаў найвышэйшай сакрэтнасьці, а для сакрэтнай выведнай працы за апошнія 10 гадоў у Вашынгтоне і навакольлі былі пабудаваныя 33 комплексы будынкаў. “Разам яны займаюць плошчу роўную амаль тром Пэнтагонам [будынак міністэрства абароны ЗША] ці 22-м Капітоліям [будынак Кангрэсу ЗША] – каля 17 мільёнаў квадратных футаў [больш за паўтара мільёна квадратных мэтраў].”

2. Іран

Іранскі прэзыдэнт Махмуд Ахмадзінэжад у Тэгеране на фоне партрэтаў аятолаў Хамэйні і Хамэнэі

Змагаючыся за кантроль над Аўганістанам у 1990-х пераважна суніцкі рух Талібан зьнішчаў аўганскіх шыітаў і забіў 10 іранскіх дыпляматаў, якія працавалі на поўначы краіны. Таму Тэгеран быў толькі рады назіраць, як ЗША зрынулі ўрад Талібану ўвосень 2001 году. Іранскія лідэры абрадаваліся нават болей, калі ў новы аўганскі ўрад Хаміда Карзая увайшлі лідэры Паўночнага альянсу (у тым ліку пэрсыдзкамоўныя таджыкі, якія шмат гадоў атрымлівалі дапамогу ад Ірану ў сваім змаганьні з Талібанам). Калі ў 2003 годзе амэрыканскія войскі ўвайшлі ў Ірак і зрынулі Садама Хусэйна, у Ірана зьявіліся новыя падставы для радасьці. Садам, які распачаў ў 1981 годзе васьмігадовую ірана-ірацкую вайну, быў адным з найгоршых ворагаў Ірану. На зьмену ягонаму ўраду прыйшлі лідэры ірацкай шыіцкай супольнасьці, якая складае ў Іраку большасьць. Шмат хто зь іх у папярэднія гады жыў у Іране альбо меў іранскую падтрымку.

Усё гэта значна ўзмацніла ўплыў Ірану ў рэгіёне, у той час як Тэгеран працягвае разьвіваць сваю ядзерную праграму.

3. Прыватныя фірмы ў сфэры бясьпекі.

Ахоўнікі фірмы Blackwater вакол Пола Брэмэра, кіраўніка амэрыканскай цывільнай адміністрацыі Багдаду, у 2003 годзе

Да 11 верасьня 2001 году ў сьвеце было няшмат прыватных фірмаў у сфэры бясьпекі, і звычайна яны працавалі безь вялікай рэклямы. Але за апошняе дзесяцігодзьдзе гэта ператварылася ў шматмільярдную індустрыю. Такі рост выклікаў занепакоенасьць тым, што прыватныя кампаніі атрымалі шмат якія з функцыяў, якія раней мелі толькі вайскоўцы. Падчас вайны ў Іраку назва кампаніі Blackwater стала сынонімам узброенай безадказнасьці, так што кампаніі давялося зьмяніць назву на загадкавае “Xe”. Чакаецца, што ў наступным годзе Дзярждэпартамэнт ЗША яшчэ ўдвая павялічыць колькасьць прыватных фірмаў, якія маюць кантракты ў сфэры бясьпекі ў Іраку (з 2,700 да 5,500).

Вядома ж, 11 верасьня ўвогуле прынесла вялікія прыбыткі індустрыі, якая зарабляе на бясьпецы. Сваю долю атрымалі розныя вытворцы: ад тых, хто вырабляе сканэры для аэрапортаў, да выробцаў маленькіх плястыкавых бутэлечак шампуню, якія можна праносіць на борт самалётаў.

4. Уладзімер Пуцін

Уладзімер Пуцін выступае на канфэрэнцыі партыі "Единая Россия" у Чарапаўцы

Былы супрацоўнік КДБ Уладзімер Пуцін прыйшоў да ўлады ў Расеі на хвалі другой вайны супраць ісламісцкіх паўстанцаў у Чачні. Да 11 верасьня шмат якія заходнія ўрады крытыкавалі Расею за вайну з сэпаратыстамі, падчас якой адбываліся масіўныя бамбаваньні і артабстрэлы, а многія маладыя чачэнцы «зьнікалі». Значна менш увагі надавалася сувязям паміж некаторымі з сэпаратыстаў і Аль-Каідай. Але пасьля нападаў на Нью-Ёрк і Вашынгтон, гэтыя сувязі набылі галоўнае значэньне. Крэмль і Белы Дом пагадзіліся дзяліцца выведнай інфармацыяй і супрацоўнічаць у Аўганістане, а амэрыканская крытыка парушэньняў правоў чалавека ў Расеі рэзка суцішылася.

Іншыя постсавецкія дыктатары – асабліва сярэднеазіяцкія суседзі Аўганістану – таксама былі рады падкрэсьліць небясьпеку тэрарызму, каб прыдбаць амэрыканскую падтрымку. Надта часта неабходнасьць падтрымліваць лініі забесьпячэньня для вайны ў Аўганістане пераважвала клопат пра правы чалавека.

5. Атэісты

Прафэсар Рычард Доўкінс (у цэнтры) фатаграфуецца на фоне плякату ў цэнтры Лёндану з напдісам: "Верагодна, Бога няма. Так што спыняйце хвалявацца і радуйцеся жыцьцю"

Падчас халоднай вайны камуністычныя праціўнікі Захаду ганарыліся сваім атэізмам, і гэта ўскладняла жыцьцё заходнім атэістам. У 21-м стагодзьдзі ўсё ня так. Напады 11 верасьня, матываваныя рэлігійнай агрэсіяй, далі моцны аргумэнт праціўнікам рэлігіі. Філёзаф Дэніэл Дэнэт, навуковец Стывэн Гоўкінг і журналіст Крыстафэр Гітчэнс узялі актыўны ўдзел у атацы на арганізаваную рэлігію. Кніга вядомага атэіста Рычарда Доўкінса "Аблуда Бога" разышлася накладам 2 мільёны асобнікаў – такое цяжка было ўявіць да пачатку вайны супраць тэрарызму.

Пры гэтым атэістаў усё роўна чакае нялёгкі шлях: Іслам застаецца рэлігіяй, якая расьце найхутчэйшымі тэмпамі, а пераважная большасьць амэрыканцаў працягвае верыць у Бога.

6. Вайсковая робататэхніка

Амэрыканскі бесьпілётны вайсковы самалёт над лётнішчам у Кандагары, Аўганістан

У канцы мінулага стагодзьдзя ў аэракасьмічнай прамысловасьці ЗША былі распрацаваныя бесьпілётныя лятальныя апараты з дыстанцыйным кіраваньнем, якія выкарыстоўвалі прасунутыя тэхналёгіі камунікацыяў, каб шпіёніць за аддаленымі і цяжкадаступнымі мясьцінамі. Потым некаму прыйшла ў галаву думка паставіць на гэтыя апараты ракеты. Праз 10 гадоў вайсковыя робататэхналёгіі абяцаюць зьмяніць саму прыроду ваенных дзеяньняў. Вайскова-паветраныя сілы ЗША цяпер рыхтуюць болей апэратараў для «апаратаў з дыстанцыйным кіраваньнем», чым звычайных пілётаў. Посьпех амэрыканскіх ваенных дзеяньняў з выкарыстаньнем бесьпілётных машын даў сур'ёзны штуршок разьвіцьцю вайсковай робататэхнікі.

7. Турцыя

Турэцкі прэм'ер-міністар Рэджэп Тайіп Эрдаган на штогадовым паседжаньні Вярхоўнай Вайсковай Рады ў Анкары

Хоць Турцыя сама мела асобныя праблемы з ісламістамі, апошняе дзесяцігодзьдзе было для яе пасьпяховым. Урад памяркоўнага ісламіста Рэджэпа Тайіпа Эрдагана, які прыйшоў да ўлады ў 2003 годзе, забясьпечыў пэрыяд моцнага эканамічнага росту, які стварыў Турцыі рэпутацыю адзінай краіны на Блізкім усходзе, здольнай да прагрэсу, нягледзячы на падкрэсьліваньне сваіх ісламскіх каранёў. Эрдаган здолеў захаваць чальцоўства Турцыі ў НАТО, хаця туркі і пярэчылі ЗША па некаторых пытаньнях (напрыклад, адмовіўшы ў доступе на сваю тэрыторыю амэрыканскім войскам, якія накіроўваліся ў Ірак у 2003 годзе).

Турцыя таксама ўзмацніла стасункі з такімі краінамі, як Іран і Сырыя, і адначасова палепшыла адносіны з Эўразьвязам і Расеяй. Праблемы апошняга дзесяцігодзьдзя ў такіх краінах, як Пакістан і Саудаўская, таксама ўзмацнілі рэпутацыю Турцыі, як маяка памяркоўнасьці ў ісламскім сьвеце.

8. Выканаўчая ўлада

Былы і цяперашні прэзыдэнты ЗША Джордж Буш і Барак Абама каля Белага Дому

Пасьля 11 верасьня Кангрэс ЗША прыняў два законы, якія далі Беламу Дому шырокія паўнамоцтвы ў вайне супраць Аль-Каіды. Прэзыдэнт атрымаў паўнамоцтвы “выкарыстоўваць усю неабходную і адпаведную сілу” супраць тэрарыстаў, а Патрыятычны Акт даў фэдэральнаму ўраду дазвол весьці нагляд за ўласнымі грамадзянамі, каб прадухіліць далейшыя напады.

За апошняе дзесяцігодзьдзе Вярхоўны Суд і Кангрэс ЗША абмежавалі шмат якія з паўнамоцтваў, атрыманых выканаўчай уладай на пачатку «вайны з тэрорам» – але ня ўсе. Хоць адміністрацыя Абамы і спыніла некаторыя аспэкты палітыкі свайго папярэдніка, у тым ліку выкарыстаньне некаторых формаў катаваньня падчас допытаў, Абама таксама працягнуў дзеяньне некаторых частак Патрыятычнага Акту. Ён таксама працягнуў кампанію бамбаваньня аб'ектаў у Пакістане з дапамогай бесьпілётных самалётаў, даючы грамадзтву толькі мінімальную справаздачу аб гэтых дзеяньнях.

9. WikiLeaks

Заснавальнік WikiLeaks Джуліян Асанж атрымоўвае ўзнагароду "Sydney Peace Prize" у Лёндане

Найбольш гучныя выкрыцьці на вэб-сайце, які змагаецца з сакрэтнасьцю – сотні тысяч сакрэтных паведамленьняў зьвязаных з войнамі ў Іраку і Аўганістане – ня выклікалі б такога розгаласу, калі б не адбываліся на фоне «вайны з тэрорам». Каардынатар WikiLeaks Джуліян Асанж любіць параўноўваць сябе з Дэніэлам Элсбэргам, які перадаў журналістам «паперы Пэнтагону». Паводле Асанджа, менавіта Элсбэрг у адзіночку спыніў вайну ў Віетнаме.

10. Аўганскі сьнежны леапард

Сьнежны леапард у гарах Аўганістану. Фота Джуліі Ларсэн Мэер (WCS)

Трыццаць гадоў вайны не прынесьлі карысьці навакольнаму асяродзьдзю ў Аўганістане. Гэтая краіна пакутуе ад засухаў і зьнішчэньня лясоў. Але гэтым летам аўганскае агенцтва па ахове навакольнага асяродзьдзя ухваліла пляны аховы 33 відаў жывёлы, у тым ліку аўганскага сьнежнага леапарда (panthera uncia). Ураду будзе цяжка ператвараць у жыцьцё свае ўласныя законы, але гэта ўсё ж лепш, чым нічога, бо ўрад Талібану ўвогуле не турбаваўся пра такія рэчы. Акрамя таго, нядаўна аўганскія ўлады стварылі нацыянальны парк у правінцыі Баміян.

ПРАЙГРАЛІ


1. Сем'і ахвяраў 11 верасьня

Сем'і ахвяраў 11 верасьня каля мэмарыялу ў Нью-Ёрку на шостую гадавіну тэрактаў

2,823 чалавекі загінулі падчас нападаў на вежы-блізьняты ў Нью-Ёрку і на Пэнтагон. У той дзень 1,300 дзяцей засталіся сіротамі. За 10 гадоў ад таго часу былі апазнаныя парэшткі толькі 1,629 ахвяраў у Нью-Ёрку. Тэрарыстычныя напады пакінулі у жыцьцях тысячаў людзей дзіры, якія немагчыма запоўніць нічым.

Каля 500 сваякоў ахвяраў 11 верасьня падалі ў суд на клан Бін Ладэнаў і на Саудаўскіх прынцаў, патрабуючы трыльён даляраў, каб прадухіліць фінансаваньне падобных нападаў у будучыні.

2. Аль-Каіда

Адзін зь лідэраў Аль-Каіды Айман аль-Завахіры ў відэазвароце аддае даніну памяці Усаму бін Лядэну

Так, Аль-Каідзе ўдалося нанесьці моцны удар па Злучаных Штатах і па іх эканоміцы. Але арганізатары нападу відавочна не прадбачылі наступстваў сваіх дзеяньняў. У 1990-я гады Усама бін Лядэн згадваў самагубчыя выбухі ў Лібане, у выніку якіх Роналд Рэйган загадаў вывесьці зь Лібану амэрыканскіх марскіх пехацінцаў, а таксама бой у Магадзішу ў 1993 годзе, пасьля якога ЗША адмовіліся ад міратворчай апэрацыі ў Самалі. Бін Лядэн лічыў, што амэрыканцы занадта баязьлівыя, каб нанесьці маштабны ўдар у адказ. У выніку, напад ЗША на Аўганістан пасьля 11 верасьня відавочна засьпеў яго зьнянацку. Асноўная арганізацыя Аль-Каіды так і ня здолела аднавіцца. Усама бін Ладэн забіты. Халід Шэйх Мухамэд, які плянаваў напады 11 верасьня, у амэрыканскім палоне. Шматлікія іншыя ўдзельнікі Аль-Каіды забітыя ці арыштаваныя, і ад арганізацыі застаўся толькі цень. Але, на жаль, ідэі, якія сілкавалі арганізацыю, працягваюць жыць.

3. Пакістан

Паліцыянт дапамагае пацярпеламу ад тэрарыстычнага выбуху ў Пакістане

Ніводную іншую краіну наступствы 11 верасьня не закранулі настолькі драматычна. За апошнія 10 гадоў больш за 30 тысяч пакістанцаў загінулі ад тэрарыстычных нападаў – у тым ліку былая прэм'ер-міністарка краіны Бэназір Бхута і шэраг іншых палітычных і культурных фігураў. Напады ЗША на базы джыхадзістаў у Пакістане выклікалі хввлю анты-заходніх настрояў у гэтай краіне.

Пераважную большасьць пакістанцаў, верагодна, больш турбуе эканамічнае разьвіцьцё, а не палітыка. Але пакістанцы пабачылі мала карысьці ад амэрыканскай дапамогі Ісламабаду, бо зь мільярдаў даляраў, атрыманых Пакістанам, пераважная большасьць пайшла на вайсковыя патрэбы.

4. Сем'і вайскоўцаў

Жанчына на сэкцыі 60 Арлінгтонскіх могілак, на месцы, дзе хаваюць амэрыканскіх вайскоўцаў, загінулых у Іраку

Крыху болей за 6 тысяч амэрыканскіх вайскоўцаў загінулі падчас «вайны з тэрорам», яшчэ каля 43 тысяч атрымалі раненьні, прычым значная частка гэтых раненьняў – гэта сур'ёзныя мазгавыя траўмы і згуба канцавінаў.

Шмат якія вайскоўцы доўгі час бралі ўдзел у ваенных дзеяньнях, і гэта зрабілася надзвычай сур'ёзным выпрабаваньнем для іх сем'яў.

5. Нью-Ёрк

Промні сьвятла на месцы вежаў Усясьветнага гандлёвага цэнтру ў Нью-Ёрку

2,753 з амаль трох тысяч ахвяраў 11 верасьня загінулі ва Ўсясьветным гандлёвым цэнтры. Сярод іх было 343 пажарнікаў і 60 паліцыянтаў. Загінулі людзі прыкладна з 70 краін. Каля 422 тысяч жыхароў Нью-Ёрку атрымалі сымптомы хваробы пост-траўматычнага стрэсу. Тысячы пажарных, мэдыкаў ды іншых удзельнікаў ратавальнай апэрацыі ў Нью-Ёрку пакутуюць на хваробы лёгкіх і рак – імаверна, што ў выніку ўдыханьня таксічнага дыму і пылу з разбураных вежаў. Ад часу нападаў мерлі, хоць вельмі цяжка вызначыць, у якой ступені іх сьмерці былі выкліканыя падзеямі 11 верасьня.

Горад таксама панёс эканамічныя страты. За апошняе дзесяцігодзьдзе колькасьць працоўных месцаў у Нью-Ёрку зьменшылася на 100 тысяч.

6. Памяркоўныя мусульмане

Жанчына з плякатам, на якім надпіс "Сёньня я таксама мусульманка", на мітынгу ў Нью-Ёрку

Звычайным мусульманам у ЗША і Вялікабрытаніі давялося сутыкнуцца з хваляй нянавісьці, нападаў і абвінавачаньняў у выніку 11 верасьня. Хоць шмат якія мусульманскія арганізацыі публічна адмежаваліся ад Аль-Каіды і яе дзеяньняў, заходняя грамадзкая думка звычайна факусавалася на анты-заходніх праявах у шэрагу ісламскіх краінаў – асабліва ў адказ на ваенныя і палітычныя інтэрвэнцыі ЗША на Блізкім усходзе і ў Паўднёвай Азіі.

Пры гэтым існуе шмат сьведчаньняў, што за час ад нападаў 11 верасьня стаўленьне мусульманаў да Аль-Каіды і яе хаўрусьнікаў пагоршылася, у тым ліку і таму, што ад самагубчых выбухаў у Іраку і Аўганістане загінула мноства лмусульман.

Наступствы 11 верасьня доўгі час захіналі памяркоўныя імкненьні многіх мусульманаў ад часу Зялёнай рэвалюцыі ў Іране ў 2009 годзе і нядаўняй Арабскай вясны, якія паказалі, што мноства маладых мусульман у сьвеце адхіляе гвалт і тэрарызм, і імкнецца да мірных палітычных зьменаў.

7. Пасажыры авіялініяў

Праверка пасажыраў у аэрапорце імя Роналда Рэйгана ў ЗША

Да 11 верасьня 2001 году толькі 10 працэнтаў багажу на авіярэйсах у ЗША правяралі на наяўнасьць зброі і выбухоўкі. Праз пяць тыдняў пасьля нападаў прэзыдэнт Буш падпісаў закон, які абавязвае правяраць увесь багаж. Пасажыры, якія раней праходзілі толькі хуткую праверку, цяпер прызвычаіліся прыяжджаць у амэрыканскія аэрапорты за некалькі гадзінаў да рэйсу, здымаць абутак, рамяні і праходзіць складаную працэдуру праверкі. Паколькі амэрыканскія ўлады запатрабавалі адпаведнай праверкі і на рэйсах, якія прылятаюць у ЗША, гэтыя новаўвядзеньні распаўсюдзіліся на міжнародную сыстэму авіяперавозак.

8. Хавалы

Падлік даляраў у Ісламабадзе

Гэтыя нефармальныя і ананімныя сеткі для фінансавых апэрацыяў на Блізкім Усходзе і ў Паўднёвай Азіі раней ніколі асабліва не рабіліся прадметам цікаўнасьці на Захадзе. Але ўсё зьмянілася паля таго, як стала вядома, што Аль-Каіда часам выкарыстоўвала хавалы для фінансаваньня сваіх апэрацыяў. У Аўганістане амэрыканскія сілы прымусілі вядучыя хавалы абмежаваць фінансавыя патокі наркагандляроў і паўстанцаў. Міністэрства фінансаў ЗША націснула на Дубай і іншыя банкаўскія цэнтры ў краінах Пэрсыдзкай затокі, каб тыя прынялі жорсткія законы супраць адмываньня грошай.

9. Пацыфісты

Антываенная дэманстрацыя ў Вашынгтоне ў сакавіку 2010 году

Пацыфізм па-ранейшаму жывы, але адстойваць такую пазыцыю стала цяжэй у час, калі тэрарыстычныя групы адкрыта ўхваляюць самагубчыя выбухі бомбавыя напады на безабаронных мірных грамадзян.

Тыя, хто працягвае сваю дзейнасьць на такіх пазыцыях, заслугоўваюць павагі менавіта за пасьлядоўнасьць у неспрыяльных варунках. Назва адной з групаў, створанай сваякамі загінулых ад нападаў 2001 году, гаворыць сама за сябе: “Сем'і адзінаццатага верасьня за мірныя заўтра”.

10. Саудаўская Арабія

Саудаўскі кароль Абдула бін Абдул Азіз (справа) на саміце краінаў Пэрсыдзкай затокі

Усама бін Лядэн зрабіў так, каб большасьць нападнікаў 11 верасьня былі грамадзянамі Саудаўскай Арабіі – ведаючы, што гэта ўскладніць адносіны каралеўства са Злучанымі Штатамі. Гэта спрацавала, прынамсі часткова. Хоць Вашынгтон і Рыяд больш-менш захавалі адносіны, стаўленьне амэрыканцаў да Саудаўскай Арабіі рэзка пагоршылася. 11 верасьня кінула сьвятло на фінансавую падтрымку экстрэмісцкіх групаў з боку Саудаўскай Арабіі, а таксама на дактрыны вахабісцкага ісламу ўнутры гэтай краіны. Да 11 верасьня мала каго ў сьвеце хвалявала тое, што жанчынам у Саудаўскай Арабіі нельга кіраваць машынай.

І хоць імкненьне да рэформаў набрала сілу ў выніку Арабскай вясны, радыкалы ў стылі Аль-Каіды па-ранейшаму маюць досыць падтрымкі. Будучыня манархіі не выглядае аптымістычна.
XS
SM
MD
LG