Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія апазыцыянэры абмеркавалі з Тускам прапановы Лукашэнкі


Лідэры беларускай апазыцыі сёньня знаходзяцца ў Варшаве, дзе мелі сустрэчы з прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам ды міністрам замежных спраў Радаславам Сікорскім.

У складзе дэлегацыі беларускай апазыцыі — старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, кіраўнік руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч, лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, былы кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімір Някляеў, старшыня Вярхоўнага савету 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч.

Беларускіх апазыцыянэраў запрасілі на сустрэчу з прэм’ерам Дональдам Тускам і міністрам замежных спраў Радаславам Сікорскім, каб абмеркаваць апошнія ініцыятывы Лукашэнкі наконт унутрыпалітычнага дыялёгу і вызваленьня палітвязьняў, а таксама магчымасьць удзелу беларускага боку ў саміце «Ўсходняга партнэрства» Эўразьвязу, які адбудзецца ў Польшчы.

Аляксей Янукевіч
Паводле сябра дэлегацыі, старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, размова з польскім прэм’ерам Дональдам Тускам, якая доўжылася больш за гадзіну, не нагадвала «пратакольную сустрэчу». Спачатку кіраўнік польскага ўраду выказаў сваё бачаньне сытуацыі ў Беларусі і магчымасьці дыялёгу з афіцыйным Менскам на саміце «Ўсходняга партнэрства» Эўразьвязу, зазначыў спадар Янукевіч:

«На думку прэм’ер-міністра Туска, стасункі Эўрапейскага Зьвязу зь цяперашнімі беларускімі ўладамі павінны залежаць не ад таго, ці пачнецца дыялёг улады і апазыцыі, а ад таго, ці ён здолее пасьпяхова скончыцца і мець нейкія вынікі. Ён зазначыў, што сам факт пачатку перамоваў не павінен аўтаматычна азначаць, што варта шырока разьвіваць стасункі на ўзроўні ўрадаў».
Стасункі Эўрапейскага Зьвязу зь цяперашнімі беларускімі ўладамі павінны залежаць не ад таго, ці пачнецца дыялёг улады і апазыцыі, а ад таго, ці ён здолее пасьпяхова скончыцца і мець нейкія вынікі.

Паводле Аляксея Янукевіча, усе сябры беларускай дэлегацыі пагаджаюцца з тым, што ўмова для пачатку дыялёгу — вызваленьне ўсіх палітвязьняў і што трэба, каб быў наўпроставы дыялёг уладаў і прадстаўнікоў апазыцыі, якіх вызначыць сама апазыцыя:

«Прадметам для дыскусіі павінны быць палітычныя і эканамічныя рэформы, магчымасьць вольнай дзейнасьці для незалежных СМІ, доступ апазыцыі да дзяржаўных СМІ, лібэралізацыя выбарчага заканадаўства і практыкі яго прымяненьня».

Паводле спадара Янукевіча, альтэрнатывы дыялёгу з добрай волі бакоў няма, але трэба пачакаць, каб зразумець, наколькі рэальныя прапановы з боку ўлады.

Паводле ацэнкі Аляксея Янукевіча, у польскага боку пакуль няма прынятага рашэньня, на якім узроўні запрашаць і ці запрашаць увогуле прадстаўнікоў Менску на чарговы саміт «Усходняга партнэрства», які адбудзецца ў Варшаве ў канцы верасьня. Гэта будзе залежаць ад разьвіцьця падзеяў у Беларусі. Магчыма, што запрашэньне ў Менск будзе накіраванае, але не на самы высокі ўзровень, зазначыў спадар Янукевіч.

Каміль Клысіньскі
Аналітык польскага ўрадавага Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Каміль Клысіньскі мяркуе, што апошнія прапановы Аляксандра Лукашэнкі наконт дыялёгу і вызваленьне часткі палітвязьняў пацьвярджаюць ранейшыя прагнозы:

«Даўно прагназавалася, што раней ці пазьней Аляксандар Лукашэнка пачне гандаль палітычнымі вязьнямі. І мы назіраем цяпер пачатак гэтага працэсу. Памілаваньне 13 палітзьняволеных з нашмат больш шырокай групы, у якой каля 40 асоб, — гэта як бы запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі да дыялёгу. Апрача таго, маем прапанову да круглага стала, голасна агучаную і шырока распаўсюджаную СМІ. Гэта стварае ўражаньне гатоўнасьці беларускіх уладаў да перамоваў, да дыялёгу. Менск пачынае разрыў міжнароднай ізаляцыі, да якой сам і давёў».

Рэакцыя Эўразьвязу на такія сыгналы зь Менску адзіная, мяркуе спадар Клысіньскі: усе палітвязьні павінны быць ня толькі вызваленыя, але і рэабілітаваныя:

«Гэта абсалютна базавае чаканьне, базавая ўмова. Потым, можа, пачнуцца нейкія перамовы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG