Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС можа і ня ведаць пра беларускіх наймітаў Кадафі


Сёньня адзін з ваенных кіраўнікоў Нацыянальнай пераходнай рады Лібіі Абдэль Маджыд Ібрагім сказаў, што рэжым Кадафі заклікаў на дапамогу снайпэраў розных эўрапейскіх нацыянальнасьцяў, у тым ліку і беларусаў.

Абдэль Маджыд Ібрагім, адзін з ваенных кіраўнікоў Нацыянальнай пераходнай рады Лібіі, сказаў наступнае: «Мы былі паінфармаваныя зь некаторых крыніцаў выведкі, што група снайпэраў розных эўрапейскіх нацыянальнасьцяў, у тым ліку ўкраінцы, беларусы ды іншыя, былі прыведзеныя [у Лібію] лібійскім рэжымам. Згодна з атрыманай намі інфармацыяй, група ўвайшла ў Лібію праз порт Нуфэйда ў Тунісе, перш чым яе перамясьцілі ў Трыпалі».

Андрэй Савіных
Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных у размове са «Свабодай» назваў гэта сьцьвярджэньне памылковым:

«Мы ўпэўненыя, што ў дачыненьні да Беларусі дапушчаная памылка. Гэта ня можа быць праўдай. Нам абсалютна дакладна вядома, што беларускіх грамадзян са зброяй у руках у Лібіі не было».

Міхаіл Бацян
Аднак Міністэрства замежных спраў можа і ня мець інфармацыі пра грамадзян Беларусі, калі тыя знайшлі нейкі нелегальны спосаб пранікнуць у Лібію, кажа былы беларускі дыплямат Міхаіл Бацян:

«Калі такі чалавек трапіць туды самастойным чынам, то наша дзяржава за яго адказнасьці не нясе. І міністэрства і не павінна за яго несьці адказнасьць, але толькі калі ён сапраўды трапіў туды самастойна».

Як цалкам верагодную разглядае вэрсію ўладкаваньня беларусаў у якасьці наймітаў у Лібіі намесьніца галоўнага рэдактара газэты «Народная воля» Марына Коктыш. Яна кажа, што ўжо закранала падобную тэму ў сваіх ранейшых публікацыях:

Марына Коктыш
«Але я пісала не пра снайпэраў, а пра беларускіх лётчыкаў. Яны тут адпрацавалі, выйшлі на пэнсію. І яны працаўладкаваліся ў Афрыцы. Гэта былі прыватныя кантракты. Яны працавалі ў небясьпечных рэгіёнах. Там таксама і вайна ішла, і адно племя захоплівала ўладу ў іншага. Карацей, такія пераваротныя сытуацыі былі.

Таму я думаю, што нашы вайсковыя спэцы таксама маглі па нейкім кантракце працаўладкавацца ў Лібіі. Чаму не? За грошы. У рэшце рэшт, у той жа Замежны легіён беларусаў прымаюць і яны там служаць. Я ведаю, што некаторыя нашы вайскоўцы выконваюць ваенныя місіі ў прыватным парадку ў некаторых краінах».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG