Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стэфановіч прыедзе з-за мяжы на судовы працэс


Валянцін Стэфановіч, Алесь Бяляцкі
Валянцін Стэфановіч, Алесь Бяляцкі
Беларускія ўлады спаганяюць з намесьніка старшыні праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянціна Стэфановіча каля 40 мільёнаў рублёў. Праваабаронцаў працягваюць дапытваць па справе Алеся Бяляцкага. Сваю салідарнасьць зь ім выказаў мэр Парыжу.

Падатковая інспэкцыя Партызанскага раёну Менску пастанавіла спагнаць зь сябра праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянціна Стэфановіча 31 мільён 500 тысяч рублёў нібыта ўтоенага падатку. А таксама 6 мільёнаў рублёў пені. Падаткоўцы накіроўваюць у суд Партызанскага раёну пазоў аб спагнаньні гэтых грошай у сувязі зь іх няплатай у добраахвотным парадку. Дата пасяджэньня суду пакуль не прызначаная. Валянцін Стэфановіч заявіў у размове з карэспандэнтам "Свабоды", што зьбіраецца асабіста прысутнічаць на грамадзянскім працэсе і рабіць гэта максымальна публічна. Ён заяўляе пра сваю нязгоду з выстаўленымі прэтэнзіямі Міністэрства па падатках і зборах.

"Я маю намер асабіста прысутнічаць на гэтым судзе і прадставіць доказы
гэтыя сродкі не зьяўляюцца маім даходам і адпаведна не падлягаюць падаткаабкладаньню ...

таго, што гэтыя сродкі не зьяўляюцца маім даходам і адпаведна не падлягаюць падаткаабкладаньню. Бо фонды дасылалі гэтыя грошы на мой асабісты рахунак, яны ведалі, куды дасылаюць. Бо гэта паводле нашых сумесных пагадненьняў было зроблена выключна на праваабарончую дзейнасьць. І ў тым ліку для перадачы трэцім асобам у якасьці дапамогі. Адзін з фондаў, галяндзскае аддзяленьне "Міжнароднай амністыі", выдаў сродкі на кампанію, зьвязаную з адменай сьмяротнага пакараньня, то бок на выраб друкаваных матэрыялаў, маек. Справаздачы па выкарыстаньні гэтых сродкаў былі накіраваныя адпаведна фондам. Ніякіх прэтэнзій зь іх боку да нас няма. А што тычыцца маіх асабістых даходаў, то я штогод сплачваў падатак, запаўняў дэклярацыю аб даходах. Таму я лічу, што гэтыя грошы не павінны падлягаць падаткаабкладаньню, бо гэта ня мой даход".

Спадар Стэфановіч плянуе прадставіць у судзе адпаведныя доказы ад саміх фондаў. Цяпер праваабаронца вымушаны знаходзіцца па-за межамі Беларусі, бо чакаецца шэраг важных сустрэчаў, у тым ліку па справе Алеся Бяляцкага.

"Бо паводле працэдураў, фармальна кажучы, калі ў суд ужо зьвярнуліся з пазовам, то яны могуць як накласьці арышт на маёмасьць, так і часова абмежаваць права выезду. А што да маёмасьці, то яе ў мяне няма. У мяне, апроч кватэры, у якой я жыву са сваёй сям'ёй, больш нічога і няма. Ёсьць старая мэбля, калі хочуць гэтую мэблю выцягнуць — няхай выцягваюць. Дачаў, кватэраў іншых у мяне таксама няма".

Спадар Стэфановіч тлумачыць распачаты з боку ўладаў перасьлед палітычнымі матывамі.

"Запыт, які рабіўся па мне, рабіўся ў лютым адначасова зь Бяляцкім. То бок гэта, відавочна, рабілася распрацоўка КДБ "Вясны", бо яны ведалі, што мы аказваем людзям канкрэтную фінансавую дапамогу ў тым ліку. Таму, натуральна, гэта зьвязана выключна з маёй дзейнасьцю. А ня з тым, што я ўтойваў даходы. Гэта не мае даходы, я за іх не абавязаны нічога плаціць".

Па справе Алеся Бяляцкага працягваецца допыт сяброў "Вясны" ў якасьці сьведак. На 6 верасьня выклікана ў дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў праваабаронца Тацяна Равяка. Што новага ў справе Бяляцкага?

Тацяна Равяка

"Нам амаль што нічога не вядома. Зь Бяляцкім кантактуе адвакат. Адвакат ня мае ніякіх перашкодаў для сустрэч з Алесем. Допыты сяброў арганізацыі працягваюцца. Якія там вядуцца яшчэ сьледчыя дзеяньні, якія крокі робяцца з боку сьледзтва, нам ня ўсё вядома. Нам вядома толькі тое, што тычыцца сяброў "Вясны". Або тая інфармацыя, якую дазволена перадаваць праз адваката".

Тым часам сваю салідарнасьць з Алесем Бяляцкім, які ўжо месяц знаходзіцца пад арыштам, выказваюць вядомыя асобы. Падтрымку яму выказаў мэр Парыжу Бэртран Дэлянаэ.

"Ад імя Парыжу, глыбока крануты яго барацьбой у абарону правоў чалавека і фундамэнтальных свабодаў ва ўсім сьвеце, я выказваю сваю поўную салідарнасьць з Алесем Бяляцкім і заклікаю ўлады Беларусі да яго неадкладнага і безумоўнага вызваленьня. Нягледзячы на пагрозы з боку беларускіх уладаў, гэты мужны чалавек нястомна змагаўся за правы чалавека, рызыкуючы пры гэтым уласным жыцьцём", — адзначыў Бэртран Дэлянаэ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG