Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інвалід, "небясьпечны для рэжыму"


Яўгенія Васьковіч і Раман Юргель на ганку Гарадзенскага абласнога суду

Яўгенія Васьковіч і Раман Юргель на ганку Гарадзенскага абласнога суду

6 верасьня Гарадзенскі абласны суд пакінуў бязь зьменаў пакараньне інваліду 3-й групы Яўгеніі Васьковіч, якую затрымалі падчас акцыі маўклівага пратэсту 6 ліпеня. Судзьдзя Аляксандар Козел пацьвердзіў, што яна абавязаная заплаціць 840 тысяч рублёў штрафу. Пэнсія ў спадарыні Васьковіч —390 тысяч рублёў.

Яўгенія Васьковіч кажа, што надоўга запомніць падзеі лета 2011-га: "Я прыходзіла тры серады запар, я сапраўды жыву дрэнна і хацела падтрымаць гэты рух. Ён, я лічу, не парушае грамадзкага парадку. Гэта нават не пікет, проста зьбіраліся людзі на плошчы. Міліцыянты выцесьнілі людзей на пешаходную вуліцу. Акцыя доўжылася паўгадзіны, адрозьніць людзей, якія прымаюць у ёй удзел, ад звычайных мінакоў — нерэальна, таму так шмат тых, каго выпадкова затрымалі. Але самае страшнае, што пасьля абвяшчэньня — "акцыя незаконная, разыдзіцеся" перагароджваюць вуліцу аўтазакамі, аўтобусамі, людзі ідуць у адзін бок, што расцэньваюць потым як шэсьце, якое не санкцыянавана. І ў канцы вуліцы сустракаюць людзі ў цывільным, якія пачынаюць хапаць з прыгожых дзяўчат. За іх заступаюцца мужчыны, мужчын бяруць сьледам за дзяўчатамі. Потым хапаюць мужчыну зь дзіцём на плячах, я гэта бачыла ў некалькіх акцыях, тут ужо жанчыны заступаюцца, іх таксама бяруць. І ўсім камандуе адзін чалавек з мэгафонам, які загадвае — гэтага ўзяць і гэтага. Паколькі я была з кіёчкам, ня ўмешвалася, але калі схапілі мужчыну зь дзіцём, я страшэнна спалохалася. На мяне таксама паказалі — "узяць гэтую!", і падышлі два хлопцы ў цывільным. Запіхвалі так груба, што з кіёчка зьнялі наканечнік, кінулі сьледам са словамі "трымай сваю кульбаку!".

На разглядзе скаргі Яўгеніі Васьковіч прысутнічаў прадстаўнік БХК на Гарадзеншчыне Раман Юргель. Ён патлумачыў, што скаргі на штрафы падавалі ў абласны суд больш за дваццаць пакараных за маўклівыя акцыі. Але ўсе гэтыя скаргі былі адхіленыя. Толькі ў адным выпадку справу накіравалі на новы разгляд, але гэта нічога не дало: новы судзьдзя паўтарыў ранейшы прысуд.

Раман Юргель кажа, што сьпісы затрыманых на маўклівых акцыях перадалі ў КДБ, куды ўсіх выклікалі, папярэджвалі пра крымінальную адказнасьць, калі каго-небудзь яшчэ раз затрымаюць на такой акцыі.

Сьпісы затрыманых удзельнікаў таксама перададзеныя ў падатковыя органы і ў Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў. Некаторыя з затрыманых — прыватныя прадпрымальнікі, хтосьці працуе ў фірмах. У гэтых людзей пачаліся непрыемнасьці, да іх прысылаюць праверкі, зазначае Раман Юргель.
XS
SM
MD
LG