Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Мэмарыял" патрабуе вызваліць Алеся Бяляцкага


Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

"Хаваць палітычныя рэпрэсіі за крымінальнымі абвінавачаньнямі — тыповая звычка рэпрэсіўных рэжымаў. Вось і Бяляцкага абвінавачваюць не ў абароне палітвязьняў, а ў тым, што для фінансаваньня працы сваёй арганізацыі, для абароны правоў беларускіх грамадзянаў ён быў вымушаны карыстацца адчыненым у суседняй краіне рахункам", — гаворыцца ў заяве "Мэмарыялу".

Міжнароднае таварыства "Мэмарыял" патрабуе:

ад уладаў Беларусі — неадкладна вызваліць Алеся Бяляцкага, а таксама спыніць крымінальную справу супраць яго;

таксама ад уладаў Беларусі — вызваліць усіх палітычных зьняволеных;

ад уладаў Расеі — зрабіць усе магчымыя крокі, каб дамагчыся вызваленьня Алеся Бяляцкага і ўсіх іншых палітычных зьняволеных у Беларусі.

"Рэпрэсіўны рэжым увёў у дзеяньне на тэрыторыі Беларусі нямала антыпраўных па сутнасьці законаў, якія выкарыстоўваюцца ўладамі, каб пазбавіць рэгістрацыі незалежныя грамадзкія арганізацыі, каб ня даць ім магчымасьці весьці сваю дзейнасьць легальна. Дзейнасьць жа незарэгістраваных арганізацый паводле гэтых законаў лічыцца крымінальна караным дзеяньнем", — адзначаюць тыя, хто падпісаўся пад заявай.

Таварыства "Мэмарыял" аб’ядноўвае ў Расеі, Казахстане, Латвіі, ва Ўкраіне і Грузіі дзясяткі арганізацыяў, якія займаюцца праваабарончай, асьветніцкай і дасьледніцкай дзейнасьцю, піша сайт праваабарончага цэнтру "Вясна".

Кіраўніка праваабарончага цэнтру "Вясна" Алеся Бяляцкага вінавацяць ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйных памерах. Бяляцкаму пагражае да 7 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

Банкаўскія дадзеныя Бяляцкага афіцыйнаму Менску перадалі Літва і Польшча.

Бяляцкага затрымалі 4 жніўня. Ён знаходзіцца ў турме на вуліцы Валадарскага.
XS
SM
MD
LG