Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія снайпэры ў Лібіі?



Пра тое, што рэжым Кадафі заклікаў на дапамогу ў тым ліку і беларускіх снайпэраў, заявіў Абдэль Маджыд Ібрагім, адзін з ваенных кіраўнікоў Нацыянальнай пераходнай рады Лібіі.


"Мы былі паінфармаваныя з некаторых крыніцаў выведкі, што група снайпэраў розных эўрапейскіх нацыянальнасьцяў, у тым ліку ўкраінцы, беларусы ды іншыя, былі прыведзены [у Лібію] лібійскім рэжымам. Згодна з атрыманай намі інфармацыяй, група ўвайшла ў Лібію праз порт Нуфэйда ў Тунісе, першы чым была перамешчана ў Трыпалі".

Камэнтуючы гэтую заяву, афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Андрэй Савіных заявіў "Свабодзе":

"Мы ўпэўненыя, што ў дачыненьні да Беларусі дапушчаная памылка. Гэта ня можа быць праўдай. Нам абсалютна дакладна вядома, што беларускіх грамадзян са зброяй у руках у Лібіі не было".


Інфармацыя пра наяўнасьці беларускіх наймітаў у лібійскага дыктатара зьяўлялася ў міжнародным друку і падчас баявых дзеяньняў у Лібіі ў апошнія месяцы. Афіцыйны Менск і раней гэта рашуча абвяргаў.

Напрыклад, у інтэрвію БТ 9 красавіка сёлета той жа спадар Савіных казаў: "Публікацыі са спасылкай на экспэртаў ААН, якія заяўляюць аб наяўнасьці беларускіх наёмнікаў у Лівіі, а таксама СМІ, што распаўсюджваюць такія заявы, не заслугоўваюць даверу. Тут будзе дарэчы нагадаць аб галаслоўных абвінавачаньнях у пастаўках баявых верталётаў у Кот-д'Івуар, якія ў канчатковым выніку завяршыліся афіцыйнымі прабачэньнямі службовых асоб ААН у адрас Рэспублікі Беларусь".

І сапраўды – ў канцы лютага 2011 году ААН абвінаваціла Менск у пастаўках, насуперак санкцыям ААН, баявых верталётаў у Кот-д’Івуар. Занепакоенасьць з гэтай нагоды выказаў нават генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун. Аднак ужо праз некалькі дзён, у сакавіку намесьнік генэральнага сакратара ААН па міратворчых апэрацыях узяў на сябе адказнасьць за ўчыненую памылку і выбачыўся перад прадстаўніком Беларусі ў ААН Зінаідай Калантай.

Аднак памылковыя абвінавачваньні ў адной справе не азначаюць, што яны памылковыя ва ўсіх іншых выпадках.

Тым больш, што прэцэдэнты ўдзелу беларускіх ваенных спэцыялістаў у канфліктах у Афрыцы былі. У лістападзе 2004 году міністарка абароны Францыі заявіла, што дзевяць францускіх міратворцаў у Кот-д’Івуар былі расстраляныя з двух самалётаў Су, якімі кіравалі два беларускія наёмнікі. Міністэрства абароны Кот-д’Івуару абвергла гэтую заяву. Выявілася аднак, што гэтыя самалёты абслугоўваліся мэханікамі зь Беларусі. Беларускае міністэрства абароны заявіла, што дзейных афіцэраў за межамі краіны няма, а за адстаўнікоў яно не адказвае.
Радыё Свабода зрабіла тады інтэрвію з адным зь іх, ён заявіў, мае з сабой беларуска-івуарскае міжурадавае пагадненьне аб вайсковай дапамозе, на падставе якога беларускія спэцыялісты там працавалі.

Летась у сьнежні сайт WikiLeaks апублікаваў дакумэнты, якія тычыліся інцыдэнту ў Кот-д’Івуар у 2004 годзе.

У дэпэшы з Парыжу, датаванай лютым 2006 года, са спасылкай на былога міністра ўнутраных спраў Тога Франсуа Бако паведамлялася, што менавіта беларусы знаходзіліся за штурваламі самалётаў-штурмавікоў, якія 6 лістапада 2004 года бамбавалі францускую ваенную базу.

Экс-міністр унутраных спраў сьцьвярджаў, што вайсковы інцыдэнт быў ажыцьцёўлены рукамі беларускіх наймітаў. У гутарцы з прадстаўнікамі амбасады ЗША Франсуа Бако распавёў, што два самалёты Су-25, якія былі выкарыстаныя пры бамбёжцы, а таксама іншая ваенная тэхніка, былі ўвезены ў краіну з Беларусі. «Самалёты разабранымі прыбылі ў Тога, дзе былі сабраныя і накіраваныя ў Кот-д'Івуар», - заявіў былы афрыканскі чыноўнік.

Акрамя таго, у матэрыялах сказана, што пасьля бамбёжак 6 лістапада 2004 года Бако арыштаваў дзевяць беларусаў - пілётаў і тэхнічны пэрсанал, і паведаміў пра здарэньне ў францускую амбасаду. Пад арыштам беларусы знаходзіліся прыблізна два тыдні, аднак пасьля гэтага францускі бок намякнуў, што інцыдэнт лепш замяць, паколькі «Францыя не мае намеру ўскладняць адносіны з Беларусьсю па гэтым пытаньні».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG