Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 верасьня – прэзэнтацыя кнігі Яна Максімюка “Словы ў голым полі”


Прэзэнтацыя адбудзецца ў кнігарні "ЛогвінаЎ". Пачатак а 19-й гадзіне. У кнігу “Словы ў голым полі” увайшлі літаратурна-крытычныя эсэ і ўспаміны.

Імпрэзу будзе весьці рэдактар кнігі Сяргей Шупа.

Пра свой удзел у прэзэнтацыі заявілі літаратары: Ігар Бабкоў, Адам Глобус, Уладзімер Арлоў.

"Кніжка «Словы ў голым полі» ўключае тэксты, якія былі мною напісаныя як гадоў пятнаццаць таму, так і ўсяго летась, - кажа Ян Максімюк. - Значыць, кніжка не плянавалася загадзя. Яна складаецца з тэкстаў, якія пісаліся адначасна з ходам падзеяў у беларускім літаратурным жыцьці, і ў маім асабістым, ды публікаваліся ў розных сёньня ўжо цяжкадаступных або і ўвогуле недаступных

выданьнях. Гэта паэт, празаік, філёзаф і сябар Ігар Бабкоў, які наогул чытаў тое, што я пісаў цягам апошніх пятнаццаці гадоў, падмовіў мяне зрабіць выбар з маіх прамінулых тэкстаў ды скласьці зь іх кніжыцу. Маўляў, некаторыя з гэтых тэкстаў заселі ў ягонай памяці, і ён ахвотна пабачыў бы іхнае ўзнаўленьне. Паколькі я давяраю чытацкаму густу Ігара, дык я яго паслухаўся. І напісаў адзін тэкст адмыслова для гэтага выданьня".

З прадмовы Ігара Бабкова: Ян Максімюк, сьведка эпохі


“Як нараджаюцца эпохі? Зь якой такой дзюркі ў часе? І куды яны хаваюцца пасьля таго, як іх час мінае?

Не зраслося толькі з крытыкамі
Дзевяностыя яшчэ доўга будуць прыгадвацца беларускай літаратуры: такога буйства формы і зьместу не было ў ёй хіба ад моманту нараджэньня.

Было многа ўсяго, тутэйшага і нетутэйшага, брутальнай графаманіі й вытанчанага эстэцтва, мадэрнага патрыятызму і патрыятычнага постмадэрну, і ўсё гэта буяла, нагрувашчвалася, адкладалася як колцы ў дрэве.

За пакаленьнем тутэйшых адразу прыйшлі бум-бам-літаўцы са сваімі танцамі на барыкадах. А за імі наступнае пакаленьне, ужо з індывідуальнымі стылямі і міталёгіямі. І ўсё гэта неяк адразу зраслося, склалася ў цэльнасьць, у літаратурную традыцыю, якая дастаткова рана пачала ўсьведамляць і сваю навізну і сваю незвычайнасьць.

Ян Максімюк, сьведка і суўдзельнік
Не зраслося толькі з крытыкамі. Тыя, хто пачыналі, разьбегліся: у палітыку, у журналістыку, у розныя акадэмічныя закуткі. Ва ўласную творчасьць. Схаваліся ад часу, ад ягоных выклікаў і спакусаў.

Цяпер гэта відавочна: у дзевяностыя не хапала крытычнага вока, уцэнтраванага і засяроджанага на эпосе, кангеніяльнага ў сваім вар’яцтве таму, што адбывалася. Быў толькі Акудовіч, але і той вельмі рана сышоў да сябе, у сваё няма, якога, зрэшты, станавілася ўсё больш і больш.

Не было аніякіх сумневаў, што тыя, хто прыйдзе пасьля, змогуць аднавіць толькі зьнешнюю канву падзеяў, па статутах і публікацыях, па сухіх тэкстах, за якімі не заўсёды бачна асноўнае: эмоцыі, патас, дух часу і мейсца.

Тут была патрэбная мудрая паўпрысутнасьць, заангажаваная адпрэчанасьць, існаваньне на прадуктыўнай творчай мяжы. Каб быць тут, разам з усімі, і ў той жа час бачыць усё з крытычнай дыстанцыі.

Такія крытыкі, і такія памежжы здараюцца надзвычай рэдка.

І ўсё ж нам тады пашэнціла.

З намі быў Ян Максімюк, сьведка і суўдзельнік”.


Адрас кнігарні ЛогвінаЎ: пр-т Незалежнасцi, 37а


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG