Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лібіі затрымалі 23 грамадзянаў Украіны


МЗС Украіны паведаміў у панядзелак аб затрыманьні ў Лібіі 23 украінскіх грамадзянаў, аднаго з якіх ужо ўдалося вызваліць. Тым часам генэральны сакратар НАТО Андэрс Фог Расмусэн ня выключыў хуткага завяршэньня апэрацыі “Аб’яднаны абаронца” ў Лібіі.

Паводле дырэктара дэпартамэнту інфармацыйнай палітыкі МЗС Украіны Алега Валошына, “нягледзячы на пераканаўчыя заклікі пакінуць Лібію, частка грамадзянаў засталася, і 23 чалавекі зь іх былі затрыманыя на рашэньне мясцовых часовых лібійскіх уладаў”. Валошын падкрэсьліў, што ўсе затрыманыя зьяўляюцца цывільнымі спэцыялістамі, што прыбылі для працы на лібійскіх аб'ектах нафтавай прамысловасьці. Паведамляецца, што затрыманыя ўкраінцы забясьпечаныя вадою і прадуктамі, пагрозы іх жыцьцю і здароўю няма.

Таксама ў панядзелак генэральны сакратар НАТО Андэрс Фог Расмусэн заявіў, што не выключае хуткага завяршэньня апэрацыі “Аб'яднаны абаронца” ў Лібіі. Паводле Расмусэна, НАТО дасягнула ў ходзе апэрацыі ў Лібіі “беспрэцэдэнтнага эфэкту” ў разбурэньні вайсковай машыны рэжыму Муамара Кадафі. Пры гэтым генэральны сакратар НАТО зазначыў, што Паўночнаатлянтычны альянс і яго партнэры “будуць там столькі, колькі трэба, але не на хвіліну болей”.

Размаўляючы з журналістамі ў Брусэлі, Расмусэн дадаў, што арышт Кадафі ня будзе “вырашальным элемэнтам” у пляне заканчэньня апэрацыі ў Лібіі, таму што “асобы, як Кадафі, не зьяўляюцца нашай цэльлю”.

Напярэдадні позна ўвечары сілы лібійскага пераходнага ўраду паведамілі, што перамовы аб мірнай перадачы гораду Бэні-Валід праваліліся. Бэні-Валід – адзін з апошніх гарадоў, які яшчэ кантралююць сілы, верныя Кадафі. Вядома, што войскі Нацыянальнай пераходнай рады атачылі разьмешчаны ў пустэльні Бэні-Валід з поўначы, захаду і ўсходу.

Таксама ў нядзелю прадстаўнікі памянёнай рады пацьвердзілі, што ў баёх паблізу Трыпалі нядаўна загінуў сын палкоўніка Кадафі Хаміс. Таксама паведамляецца пра загубу сына былога кіраўніка лібійскай выведкі Абдулы Сэнусі.

Апрача Бэні-Валіду, пад кантролем прыхільнікаў Кадафі застаецца родны горад палкоўніка Сырт, а таксама гарады Джуфра і Сабха. Ачольнік Нацыянальнай пераходнай рады Мустафа Абдэль Джаліль заявіў, што гэтыя населеныя пункты атрымліваюць гуманітарную дапамогу, ім таксама дадзены час, каб здацца і “пазьбегчы далейшага праліцьця крыві”.


У ходзе амаль шасьці месяцаў баявых дзеяньняў праціўнікам рэжыму Кадафі ўдалося ўсталяваць кантроль амаль над усёй тэрыторыяй Лібіі. Пералом у баявых дзеяньнях наступіў у трэцяй дэкадзе жніўня, калі апазыцыйныя сілы пры падтрыманьні авіяцыі НАТО занялі сталіцу краіны Трыпалі. Пра лёс Муамара Кадафі дасюль нічога невядома. Частка яго сям'і ўцякла ў Альжыр.

У лютым апазыцыя сфармавала ў Бэнгазі Нацыянальную пераходную раду, якую абвясьціла адзіным легітымным органам улады ў краіне. Памянёную раду прызналі каля 60 краінаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG