Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Нацбанк Беларусі заявіў, што з 1 чэрвеня эмісійнае крэдытаваньне дзяржаўных праграм спынілася, і паведаміў пра іншыя захады дзеля "ўзмацненьня жорсткасьці грашова-крэдытнай палітыкі".

Паводле Нацыянальнага банку Беларусі, жорсткія захады робяцца ў рамках ухваленай кіраўніцтвам краіны праграмы выхаду на адзіны курс беларускага рубля і ў адпаведнасьці з крэдытным пагадненьнем, падпісаным з Антыкрызісным фондам ЭўрАзЭС.

Паводле першага намесьніка старшыні Нацбанку Беларусі Мікалая Лузгіна, бліжэйшым часам плянуецца абмежаваць эмісійныя працэсы, перайсьці да жорсткай грашова-крэдытнай, працэнтнай палітыкі. Міжбанкаўскі рынак будзе практычна закрыты, неўзабаве Нацбанк разашле камэрцыйным банкам нарматыўныя дакумэнты дзеля выхаду на адзіны курс нацыянальнай валюты, паведаміў спадар Лузгін.

Сярод самых значных крокаў Нацбанку — спыненьне эмісійнага крэдытаваньня дзяржаўных праграмаў з 1 чэрвеня. Летась за кошт "друкарскага станка" на такія праграмы было выдзелена амаль 20 трыльёнаў рублёў. Сёлета за паўгода яны ўжо забралі 7 трыльёнаў.

Былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч пацьвярджае, што з 1 чэрвеня крэдытная экспансія сапраўды спыненая, "друкарскі станок не ўключаецца". Даўгі камэрцыйных банкаў Нацыянальнаму банку не павялічыліся, на 1 жніўня яны засталіся ў рамках 35 трыльёнаў рублёў, якія былі і на 1 чэрвеня. Спадар Багданкевіч пазытыўна ацэньвае гэтыя захады, але лічыць іх няпоўнымі:

Станіслаў Багданкевіч

"Няма дэфіцыту бюджэту — гэта добра, няма дадатковай крэдытнай экспансіі — гэта добра, працэнтныя стаўкі набліжаюцца да ўзроўню інфляцыі — гэта рух у правільным кірунку. Але гэтага яўна недастаткова".

Жорсткая манэтарная палітыка — гэта толькі адзін складнік патрабаваньняў міжнародных валютных арганізацый, куды беларускі бок зьвярнуўся па крэдыты, зазначае спадар Багданкевіч. Патрэбен перавод эканомікі на рынкавыя рэйкі, ліквідацыя ўмяшаньня дзяржавы ў бізнэс, спыненьне бюджэтнай падтрымкі стратных прадпрыемстваў, іншыя рынкавыя крокі, кажа спадар Багданкевіч. А перш за ўсё трэба цяпер было б весьці размову пра адзіны рынкавы курс рубля, а ня пра дзьве сэсіі валютнай біржы з ільготным і рынкавым курсамі, — перакананы Станіслаў Багданкевіч:

"Сыстэмнай, комплекснай праграмы па аздараўленьні эканомікі няма, і патрэбныя захады не рэалізуюцца".

Незалежны эканаміст Сяргей Чалы зазначае, што, "спыняючы друкарскі станок", які падсычаў грашыма шматлікія дзяржаўныя праграмы, Нацбанк выконвае адно з галоўных патрабаваньняў МВФ і Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС. Бо якраз незабясьпечаная эмісія і прывяла да абясцэньваньня нацыянальнай валюты:

Сяргей Чалы

"Гэта тое, што так ці іначай было галоўнай прычынай дэфіцыту бягучага рахунку і неабходнасьці зьнешняга фінансаваньня, бо розьніца паміж памерам унутраных інвэстыцыяў і ўнутраных ашчаджэньняў ня можа фінансавацца іначай, чым за кошт зьнешняга сэктару. Гэта і прыводзіла да нарастаньня дэвальвацыйных чаканьняў і ў канчатковым выніку прывяло да дэвальвацыі нацыянальнай валюты".

Спадар Чалы зазначае, што гэтае рашэньне Нацбанку ня значыць, што дзяржаўныя праграмы гэтыя будуць зусім спыненыя. Для іх будуць шукаць іншыя спосабы фінансаваньня — у тым ліку зь бюджэту, з рэсурсаў банкаў, але зыходзячы з наяўных сродкаў, а не друкуючы грошы з паветра.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG