Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грошай няма. Нават футбалістам


Востры фінансавы крызіс адчуваюць многія беларускія спартоўцы. Гульцы футбольнай каманды 1 лігі "Баранавічы" адмовіліся выйсьці на поле супраць мікашэвіцкага "Граніта", бо ім завінаваціліся заробак за чэрвень і ліпень. Празь фінансавыя праблемы зьмяншаецца колькасьць іншаземцаў, якія раней ахвотна выступалі за розныя каманды ў нацыянальным першынстве. Тым часам беларускія атлеты пры першай магчымасьці намагаюцца зьехаць з краіны.

З праблемамі, аналягічнымі баранавіцкім, сутыкаюцца ня толькі ў клюбах слабейшага футбольнага дывізіёну Беларусі. Зьвесткі пра затрымкі заробкаў і прэміяльных прыходзілі з магілёўскага "Дняпра", са сталічнага "Дынама" і клюбу "Мінск". Раней калектыўныя скаргі дасылалі ў вышэйшыя інстанцыі футбалісты берасьцейскага "Дынама". Колішні прэсавы сакратар менскага "Дынама" Сяргей Аляхновіч кажа, што большасьць прадпрыемстваў, на якіх балястам вісяць калектывы, самі ледзь зводзяць канцы з канцамі, таму выдаткоўваць немалыя сумы на спорт усё цяжэй. Самастойна ж зарабляць беларускі футбол так і не навучыўся — за выключэньнем хіба што барысаўскага БАТЭ:

"Я ведаю, што ў беларускіх клюбах затрымкі заработнай платы,
застануцца хіба што 3—4, можа, 5 клюбаў, якія здолеюць выступаць самастойна ...

прэміяльных існуюць. Не ўва ўсіх камандах, вядома, але ёсьць. І калі ўвогуле скасаваць дзяржаўную падтрымку, замацаваную прэзыдэнцкім указам, то застануцца хіба што 3—4, можа, 5 клюбаў, якія здолеюць выступаць самастойна. У хакеі сытуацыя лепшая — нават у тых каманд, якія гуляюць у адкрытым чэмпіянаце Беларусі. У футболе нашмат цяжэй. Але ж нездарма кажуць: хакей у Беларусі — спорт № 1, бо ім займаецца Лукашэнка. Можа, каб займаўся футболам, гандболам ці баскетболам, гэтым клюбам было б лягчэй".

Карэспандэнт: "Пакуль будзе такая фінансавая няпэўнасьць, мабыць, чакаць адпаведнай аддачы ад спартоўцаў таксама не выпадае?".

"Ну вядома, не выпадае. Але тыя самыя футбалісты ня ў іншай жа краіне жывуць. Калі ўсім цяжка, то чаму ў іх павінны быць нейкія іншыя ўмовы? Так, зразумела, што век футбаліста, спартоўца ня вельмі працяглы — 10—15 гадоў ад сілы. Але ж такое становішча ў краіне, таму ім скардзіцца няма на што. Ёсьць толькі — на каго…".

Фінансавыя цяжкасьці наўпрост уплываюць на трансфэрную актыўнасьць камандаў. Іншаземцаў, ахвотных пагуляць у Беларусі, амаль няма. Затое самі беларусы намагаюцца скарыстаць любую магчымасьць, каб зьмяніць мясцовы клюб на любы іншы за мяжой. Нават БАТЭ, які за выхад у групавы этап Лігі чэмпіёнаў атрымаў больш за 10 мільёнаў даляраў і можа адчуваць сябе адносна спакойна, страчвае гульцоў: пры канцы жніўня пра сыход з каманды заявілі Ігар Шытаў і Павал Няхайчык.

На гэтым тле лепш выглядаюць справы ў хакеі, куды дзяржава ўкладае вялізныя грошы. Між тым, як кажа хакейны аглядальнік спартовай газэты "Прессбол" Вячаслаў Федарэнкаў, і "прэзыдэнцкаму" спорту даводзіцца зацягваць паясы — бяздумна транжырыць грошы, як некалі, мяркуючы па ўсім, ужо не выпадае:

"Так, скарачаецца фінансаваньне. Нават у менскага "Юнацтва" яшчэ
хакей, можа, меней цярпіць, чым іншыя віды спорту ...

літаральна ў ліпені былі вялікія праблемы, але цяпер, гледзячы па складзе, збольшага нібыта вырашылі. У прыватнасьці, вярнулі моцнага фінскага галкіпэра Оксу, зьявіліся нейкія славакі, ня самыя выдатныя, але сякія-такія ёсьць. Таму хакей, можа, меней цярпіць, чым іншыя віды спорту, аднак фінансаваньне таксама скарачаецца.

Але пакуль не крытычна. Нарэшце дацямілі, што з грашыма трэба больш па-гаспадарску абыходзіцца. Не параўнаць, як раней было — хіба што ня грубку распальвалі гэтымі грашыма. Зараз ужо трэба падціскацца. Але яшчэ паглядзім. У нас жа кажуць, што ў эканоміцы, што ўва ўсім астатнім яшчэ восень наперадзе. Вось і паглядзім. Не выключаю, што могуць быць праблемы і ў асобных клюбах чэмпіянату Беларусі і нават у "Дынама". У нас выключаць зараз нічога нельга".

У непрадказальных фінансавых умовах даводзіцца карэктаваць маштабную праграму татальнай забудовы краіны лядовымі палацамі. Да 2014 году, калі Беларусь мае прыняць хакейны чэмпіянат сьвету, колькасьць крытых пляцовак павінна перавысіць паўсотні. Ужо ўзьведзена блізу трох дзясяткаў, лёс астатніх пакуль няпэўны. Спартовы аглядальнік Уладзімер Даўжэнка не сумняецца, што ўлады будуць імкнуцца завяршыць амбітны праект любой цаной, у тым ліку з дапамогай "хакейнага аброку":

"Небясьпека адміністрацыйнага рэсурсу, канечне, ёсьць, бо ўжо нічога без
дзелавыя людзі будуць вымушаныя гэты аброк плаціць ...

такіх апасеньняў успрымаць нельга. Цалкам можна чакаць, што замест таго, каб у гэтай сытуацыі паводзіць сябе як мага сьціплей, пачнецца аўрал зь непрадказальнымі наступствамі. З-за таго, што нейкія фінансавыя плыні яны будуць скіроўваць (хутчэй за ўсё, нават не зь дзяржаўнай казны, якая зараз пустая), то, як звычайна, абавяжуць аплачваць гэта бізнэсоўцаў, прадпрымальнікаў. І дзелавыя людзі будуць вымушаныя гэты аброк плаціць. А калі будуць цягнуць гэтыя будоўлі прадпрымальнікі, гэта ўсё роўна адаб'ецца на простым чалавеку. Таму што будуць закладаць выдаткі на навязаную дзейнасьць, падвышаць кошты на свой тавар, на свае паслугі і г.д.".

Экспэрты прагназуюць: у выпадку захаваньня цяперашняй эканамічнай сытуацыі адток таленавітых спартоўцаў за мяжу дасягне значных маштабаў. Заробак у нацыянальных першынствах плаціцца ў рублях, якія практычна штодня абясцэньваюцца, але, адрозна ад іншых катэгорый насельніцтва, атлеты маюць магчымасьць паспрабаваць сябе ў іншых чэмпіянатах. Нядаўні прыклад — прапанова выступаць за Расею беларускай плыўчысе Аляксандры Герасімені. Дзяўчына нібыта адмовілася. А вось чальца нацыянальнай каманды фрыстайлу Цімафея Сьліўца двойчы запрашаць не давялося…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG