Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэлефанаваньне вязьня: "Адміністрацыя хлусіць, адмаўляючы факт зьбіцьця Мамедава"


Вязень Івацэвіцкай калёніі № 5 І.М. распавёў пра ўмовы жыцьця на зоне.

Падставай для тэлефанаваньня стала гісторыя са зьбіцьцём супрацоўнікамі калёніі асуджанага Раміза Мамедава. Факт зьбіцьця сына і яго сукамэрнікаў паведаміла ў інфармацыйна-асьветніцкую ўстанову «Плятформа» маці Мамедава. Як заявіў раней журналістам кіраўнік «Плятформы» Андрэй Бандарэнка, у самой калёніі абверглі інфармацыю і сказалі, што яна не адпавядае рэчаіснасьці.

Ліст вязьня: «Адміністрацыя хлусіць, адмаўляючы факт зьбіцьця Мамедава»

І.М. распавядае: «З газэты „Новы час“ ад 26 жніўня, якую я тут атрымліваю, даведаўся, што праваабаронцы з „Плятформы“ на просьбу маці зьбітага асуджанага калёніі № 5 Раміза Мамедава зьвярнуліся ў Генэральную пракуратуру, Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў і МУС з патрабаваньнем правесьці праверку фактаў і прыцягнуць да адказнасьці вінаватых.

Калі я дайшоў да месца ў артыкуле, дзе кіраўніцтва калёніі спрабуе адмаўляць факт, які ведае тут кожны, і зачытаў яго ўголас, усе ў атрадзе дружна сьмяяліся. Усе ведаюць, як было на самай справе. За пашкоджаную відэакамэру назіраньня ў штрафным памяшканьні — ПКТ № 2, якую турэмнікі ўсталявалі акурат над парашай, былі жорстка зьбітыя асуджаныя гэтай камэры. Больш за ўсё дасталася Мамедаву. Яму супрацоўнікі калёніі зламалі ключыцу, і зьбітага зьняволенага прыйшлося тэрмінова везьці на волю ў гарадзкую лякарню. Неўзабаве пасьля гэтага яго з такой траўмай этапавалі ў Жодзінскі СІЗА чакаць новага прысуду. Астатнія асуджаныя, відавочцы гэтага зьбіцьця, засталіся адбываць пакараньне ў ПКТ.

У такой сытуацыі адміністрацыя калёніі, якая адмаўляе факт, больш падобная да мышэй, якія нашкодзілі, чым на афіцэраў унутранай службы, а Генэральная пракуратура замест ведамства, якое мусіць знаходзіцца на варце Закону, выглядае дэкаратыўным органам».

Тым часам кіраўнік «Плятформы» Андрэй Бандарэнка, які стала падтрымлівае сувязь з маці асуджанага Мамедава, пракамэнтаваў праслуханы ім званок на нашым сайце наступнымі словамі:

«У тым, што зьняволеных у Івацэвіцкай калёніі зьбілі, мы ні на міг не сумняваліся. Тэлефонны званок на „Свабоду“ стаў яшчэ адным пацьвярджэньнем зьверстваў адміністрацыі. Цяпер Генэральная пракуратура проста абавязаная праводзіць дэталёвае расьсьледаваньне і распачаць крымінальную справу ў дачыненьні да супрацоўнікаў адміністрацыі. Мы ўключылі факт зьбіцьця Раміза Мамедава ў зварот да Камітэту супраць катаваньняў, і калі ў бліжэйшы час не пачнецца расьсьледаваньне, прыйдзецца дапаўняць зварот пра бязьдзейнасьць пракурорскіх органаў.

Сёньня, на жаль, няма дакумэнтальнага пацьверджаньня таго, якія менавіта цялесныя пашкоджаньні былі нанесеныя асуджаным, у тым ліку няма пацьверджаньня, што ў Мамедава была зламаная ключыца. Адміністрацыя будзе рабіць усё, каб схаваць гэты факт, а ДВП не дазволіць нам трапіць у калёнію. Тым ня менш мы прыкладзем максымум намаганьняў, каб вінаватыя ў злачынстве апынуліся разам з тымі, да каго яны ўжывалі катаваньні».

Пра зьбіцьцё Раміза Мамедава ў новым выпуску праграмы «Свабода ў турмах».

Іншыя тэмы праграмы:

  • «Тэракты ў Нью-Ёрку, Менску і Осла. Якога пакараньня заслугоўваюць тэрарысты» — апытаньне.
  • «Як утрымліваюць беларускіх сьмяротнікаў?» Сьведчаньні колішніх вязьняў.
  • «Адвакат Андэрса Брэйвіка пра свайго падабароннага і пра тое, як яго трымаюць у турме «Халдэн».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG