Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычная апазыцыя не рыхтуецца да дыялёгу з уладамі, заявіў сёньня "Свабодзе" старшыня партыі "Справядлівы сьвет" Сяргей Калякін. Пачатак такіх перамоваў немагчымы без вызваленьня ўсіх палітвязьняў.

Пра сітуацыю вакол ідэі круглага стала з удзелам розных грамадзкіх сілаў, агучанай тыдзень таму Аляксандрам Лукашэнкам.

Да сёньняшняга дня канкрэтна не вядома, каго ўлады мяркуюць запрасіць да дыялёгу. Калі тыдзень таму Аляксандар Лукашэнка прапанаваў правесьці круглы стол, свой зварот ён накіраваў, як ён выказаўся, "да ўсіх людзей, якія маюць здаровы розум і любяць сваю краіну".

Аднак з тых камэнтароў, што прагучалі ў выходныя на беларускіх тэлеканалах, выглядае, што апазыцыю ў якасьці партнэраў не разглядаюць. Так, вядучы праграмы "Ў цэнтры ўвагі" Юры Пракопаў заявіў: "Хіба пагромшчыкі маюць здаровы розум? Пра што размаўляць з тымі, хто дамагаўся ў дачыненьні да Беларусі эканамічных санкцыяў?". А на думку старшыні праўленьня "Другога нацыянальнага тэлеканалу" Рыгора Кісяля, "слова "перамовы" ў дадзеным выпадку недарэчнае".

А вось кіраўнік аналітычнага цэнтру "ЕсооМ", сябра грамадзка- кансультатыўнай рады пры Адміністрацыі прэзыдэнта Сяргей Мусіенка сёньня сказаў "Свабодзе", што бачыць сярод удзельнікаў круглага стала і апазыцыянэраў. Але ня ўсіх:

Сяргей Мусіенка

"Я думаю, што здаровыя сілы ёсьць і ў апазыцыі. Калі яны сябе такімі лічаць. Я абсалютна ўпэўнены, што патрэбна размаўляць. Гэта лепш, чым кідацца на ўрадавыя будынкі. Адназначна".

Спадар Мусіенка лічыць, што мэсыдж Аляксандра Лукашэнкі пра круглы стол скіраваны болей за межы Беларусі, "да спонсараў апазыцыі". А на пытаньне, як хутка можа адбыцца круглы стол, ён адказаў так:

"Я думаю, тут шмат што залежыць якраз ад тых людзей, якія называюць сябе апазыцыяй. Хутчэй за ўсё, нават ад іх спонсараў. Ці гатовыя яны да гэтай размовы? Можа, цяпер склалася сытуацыя, пры якой яны хутка адгукнуцца?".

Аднак сама апазыцыя "напрошвацца на круглы стол не зьбіраецца", сказаў сёньня ў размове са "Свабодай" старшыня партыі "Справядлівы сьвет" Сяргей Калякін. І патлумачыў, чаму:

Сяргей Калякін

"Гэта ініцыятыва ўладаў. І таму яны павінны даць выразную праграму. Калі б гэта ініцыявала апазыцыя, мы б далі свой парадак дня. Мы, дарэчы, яго прапаноўвалі не аднойчы, выказвалі сваё бачаньне, як гэта лепш зрабіць. Так, мы лічым больш мэтазгодным ня круглы стол, а непасрэдныя перамовы апазыцыі і ўлады. То бок нашы прапановы ёсьць. Але ж улада павінна ўнесьці свае прапановы, калі яна ня згодная з нашымі".

На сёньняшні дзень ад уладаў ніякіх канкрэтных прапаноў не было, канстатуе Сяргей Калякін.

А намесьнік старшыні АГП Леў Марголін мяркуе, што іх можа ня быць і наагул. Ён згадвае, што эканамічную праграму выхаду з крызісу, якую распрацавалі вядомыя спэцыялісты, накіравалі і ў Адміністрацыю прэзыдэнта, і ў Савет Міністраў, і ў Міністэрства эканомікі, і ў іншыя дзяржаўныя ўстановы. Адказу дагэтуль няма.

Затое ў суботу, 2 верасьня, на канале АНТ прагучала, што лібэральным эканамістам Беларусі нельга наагул давяраць, кажа спадар Марголін. Маўляў, яны ўсё прыватызуюць, яны цалкам адхіляць дзяржаву ад кіраваньня эканомікай:

Леў Марголін

"Чуць гэта проста сьмешна. Каб гэта пачуць ад саміх лібэралаў, то трэба іх запрасіць да размовы. Ніхто з нас не выступае за такую лібэральную мадэль, якая зусім не прадугледжвае кантролю з боку дзяржавы.

А па-другое, самая найлібэральная мадэль, якая б толькі магла існаваць, усё роўна павінна працаваць па тых законах, якія прымаюцца дзяржавай. Дзяржава насамрэч не павінна вельмі моцна ўмешвацца ў эканамічныя працэсы, але яна павінна іх кантраляваць і патрабаваць, каб усе працавалі па адных правілах".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG