Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бодак атрымала Шэнгенскую візу праз памылку з трансьлітарацыяй яе імя


Ала Бодак

Ала Бодак

Кіраўнік МЗС Літвы Аўдронюс Ажубаліс вырашыў не караць супрацоўнікаў амбасады ў Менску за тое, што тыя памылкова выдалі візу намесьніцы міністра юстыцыі Беларусі Але Бодак, якая знаходзіцца ў сьпісе неўязных у Эўразьвяз.

МЗС Літвы паведамляе, што асноўная прычына, чаму Бодак змагла атрымаць візу, — гэта тое, што яе імя было няправільна трансьлітаравана і не хапала дадзеных пра дату яе нараджэньня.

Міністэрства таксама адзначае, што некалькі партнэраў па Эўразьвязе раілі выдаць візу для Бодак.

МЗС Літвы канстатуе, што сытуацыя зь візай для Алы Бодак "яшчэ раз пацьвердзіла, што ў Эўразьвязе з-за трансьлітарацыі ўласных імёнаў узьнікаюць праблемы". Маўляў, ЭЗ прадстаўляе адны сьпісы непажаданых асобаў, а ў анкеце фігуруюць зусім іншыя дадзеныя.

"Пакуль будзе ўдасканальвацца сыстэма выдачы візаў, (міністар) абавязаў супрацоўнікаў, якія працуюць у Беларусі, быць асабліва пільнымі і заўсёды мець пад рукой сьпісы санкцыяў", — гаворыцца ў паведамленьні МЗС Літвы, перадае Інтэрфакс.

12 жніўня намесьніцу міністра юстыцыі Беларусі Алу Бодак не пусьцілі ў Літву празь дзяржаўную мяжу.

Літоўскія памежнікі таксама вырашылі вярнуць назад у Беларусь судзьдзю Вярхоўнага суду Аляксея Рыбакова (раней ён асудзіў экс-кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна), і двух дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Пры гэтым не называецца дата, калі Рыбакоў спрабаваў уехаць у Літву.

Аднак у Літву прыбыла група іншых чыноўнікаў, сярод якіх прадстаўнікі Генэральнай пракуратуры і Міністэрства ўнутраных спраў.

Паводле BNS, візыт быў заплянаваны на 9—12 жніўня. Беларускія чыноўнікі мелі намер азнаёміцца з мэтадамі, якія ўжывае Літва ў барацьбе з наркаманіяй.
XS
SM
MD
LG