Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кісель патлумачыў словы Лукашэнкі пра "круглы стол" з апазыцыяй


"Слова "перамовы" ў дадзеным выпадку недарэчнае. Перамовы ў любым грамадзтве адбываюцца пэрыядычна: выбары прэзыдэнта, парлямэнту, прэзыдэнта з народам — гэта перамовы. Усё астатняе — праца", — заявіў 3 верасьня кіраўнік Другога нацыянальнага тэлеканалу Рыгор Кісель.

"Напэўна, прэзыдэнт, агучваючы сваю ідэю, меў на ўвазе наступнае: зьбірайцеся левыя, правыя, непрымірымыя, прыхільнікі, выпрацоўвайце прапановы нават без удзелу ўлады і ўносьце іх. Калі прапанова вартая, то ні адна нармальная ўлада, якая адчувае праблемы ў эканоміцы або фінансах , ня можа яе ігнараваць, паколькі для ўлады яно выгадна", — заявіў Кісель.

"Прадстаўнікі АГП, Партыі БНФ, "Справядлівага сьвету", іншых арганізацый, зарэгістраваных Мін’юстам і не зарэгістраваных… параіліся і вынесьлі цалкам прадказальнае агульнае меркаваньне. Маўляў, ніякага дыялёгу да вызваленьня ўсіх "палітычных зьняволеных". Так яны называюць людзей, якія пакараныя па крымінальных артыкулах за пэўныя задакументаваныя і бясспрэчна даказаныя супрацьпраўныя дзеяньні", — піша пра рэакцыю апазыцыі на Лукашэнкаву прапанову друкаваны орган Адміністрацыі прэзыдэнта — газэта "Советская Белоруссия".

29 жніўня Аляксандар Лукашэнка, выступаючы перад беларускімі пэдагогамі, прапанаваў усім палітычным сілам сесьці за "круглы стол".

"Я як кіраўнік дзяржавы прапаную ўсім разумным і тым, хто любіць сваю краіну людзям, да якога палітычнага лягера яны б ні належалі, сесьці за круглы стол, паглядзець адзін аднаму ў вочы і рэальна ацаніць, хто чаго варты і што можа зрабіць для эфэктыўнага паляпшэньня сытуацыі ў краіне", — заявіў тады Лукашэнка.

"Хочаце ваяваць і змагацца — калі ласка: змагайцеся ў адкрытай дыскусіі, даводзьце сваю рацыю, адстойвайце свой пункт гледжаньня. Але не праз пагромы і не са зброяй у руках. Падобныя дзеяньні будуць спыняцца неадкладна", — дадаў прэзыдэнт.

Лукашэнка таксам прапанаваў "Эўрапейскаму Зьвязу, іншым эўрапейскім і міжнародным структурам, хацеў бы прапанаваць і Расеі, накіраваць сваіх прадстаўнікоў для ўдзелу ў гэтым круглым стале".

Аляксандар Лукашэнка ў чацьвер 1 верасьня памілаваў чатырох палітычных зьняволеных, асуджаных за ўдзел у акцыі 19 сьнежня 2010 году. У той жа дзень стала вядома, што кіраўнік МЗС Баўгарыі Мікалай Младэнаў у канцы жніўня сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. У сваім лісьце кіраўніку зьнешняй палітыкі Эўразьвязу Кэтрын Эштан і міністрам замежных спраў эўрапейскага блёку Мікалай Младэнаў напісаў, што беларускі прэзыдэнт паабяцаў вызваліць усіх актывістаў апазіцыі, якія знаходзяцца ў зьняволеньні, на працягу паўтара месяца. Таксама ён плянуе арганізаваць круглыя сталы з апазыцыяй па пытаньнях разьвіцьця краіны. Младэнаў удакладніў, што жаданьне Лукашэнкі палепшыць адносіны з Эўразьвязам, відавочна, зьвязанае з эканамічнымі санкцыямі, уведзенымі эўрапейскім блёкам у адказ на палітычныя рэпрэсіі пасьля беспарадкаў у Менску 19 сьнежня 2010 году.

Як улады і апазыцыя рыхтуюцца да магчымага круглага стала? Які можа быць фармат перамоваў? Ці атрымаў ужо хто запрашэньне? Адказы на гэтыя пытаньні — пазьней за сайце "Свабоды".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG