Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхар Магілёва Паўлоўскі мае намер афіцыйна выкарыстоўваць лексыку Лукашэнкі


Аляксей Паўлоўскі
Аляксей Паўлоўскі
Жыхар Магілёва Аляксей Паўлоўскі атрымаў адказ з Нацыянальнай акадэміі навук на сваю просьбу растлумачыць сэнс некаторых выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе БелаПАН.

У сваім лісьце Паўлоўскі, муляр 5-га разраду, зьвяртаючыся да "лінгвістаў, пісьменьнікаў, кіраўнікоў", нагадваў: "У выступленьні 26.04.2011 году перад СМІ прэзыдэнт РБ А.Лукашэнка назваў кіраўніка Эўракамісіі Жазэ Мануэля Барозу "казлом" і сказаў, што ў кіраўніцтва Ўкраіны "вашывасьці хапае". Аўтар ліста прасіў мовазнаўцаў "даць растлумачэньне гэтым словам і патлумачыць, ці зьяўляюцца сказаныя А.Лукашэнкам словы прымальнымі пры звароце звычайных грамадзян РБ да кіраўніцтва".

Адначасова Паўлоўскі прасіў растлумачыць такія выказваньні Лукашэнкі, як "вашывыя блыхі" (на адрас прадпрымальнікаў) і "адмарозкі, пятая калёна" (на адрас апазыцыі).

Паводле афіцыйнага адказу Інстытуту мовы і літаратуры імя Я.Коласа і Я.Купалы НАНБ, усе словы, значэньне якіх просіць растлумачыць Паўлоўскі, зафіксаваныя ў тлумачальных слоўніках сучаснай расейскай літаратурнай мовы, якія разьлічаныя на шырокага карыстальніка. Пры гэтым даецца невялікі сьпіс слоўнікаў, сярод якіх — слоўнік Ожагава 1981 году выданьня, Слоўнік расейскай мовы ў 4-х тамах 1981—1984 гадоў выданьня і Вялікі тлумачальны слоўнік расейскай мовы 2000 году. У лісьце пазначаныя нумары старонак, на якіх знаходзяцца словы, якія цікавяць Паўлоўскага.

"На ўказаных старонках вы можаце знайсьці тлумачэньне значэньняў гэтых слоў, а таксама зьвесткі аб стылістычнай афарбоўцы і асаблівасьцях іх выкарыстаньня ў пераносным значэньні. Дарэчнасьць і мэтазгоднасьць выкарыстаньня гэтых і іншых стылістычных адзінак залежыць ад жанру мовы і прагматычных мэтаў выказваньня", — сказана ў адказе інстытуту.

Аляксей Паўлоўскі такім адказам не задаволены. "На працягу трох месяцаў чыноўнікі не змаглі растлумачыць, што хацеў сказаць сваімі словамі Лукашэнка. Больш за тое, яны парушылі заканадаўства — цягнулі больш за месяц з адказам і не адказалі па сутнасьці. Я буду рыхтаваць скаргу ў Генпракуратуру на парушэньне Акадэміяй навук закона аб зваротах грамадзян, каб яны на ўсе пункты майго запыту адказалі", — заявіў Паўлоўскі.

Ён, у прыватнасьці, падкрэсьлівае, што з адказу яму не зразумела, ці зьяўляюцца выказаныя прэзыдэнтам словы абразьлівымі. "Але калі іх ужывае прэзыдэнт, значыць, яны прымальныя ў зносінах грамадзян адзін з адным", — выказаў меркаваньне муляр. Зыходзячы з гэтага, ён мае намер выкарыстоўваць вышэйпералічаныя словы пры далейшай перапісцы зь дзяржструктурамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG