Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярод асноўных тэмаў:

«Адміністрацыя паабяцала, што згноіць мяне, калі раскажу пра зьбіцьцё». Зь ліста вязьня

«Зьбіць могуць любога». Меркаваньне былога сядзельца

Рашэньне аб расстрэле палітвязьняў ЦК КПБ прыняў у першы дзень вайны. Беларускія турмы: гісторыя і сучаснасьць

«Пазбаўленьне сну як адно з самых жорсткіх катаваньняў». Турма і здароўе


Зваротная сувязь


Нам можна напісаць на адрас: 220005, Менск-5, паштовая скрынка 111, або патэлефанаваць на аўтаадказьнік: +375 17 2 663952




«Адміністрацыя паабяцала, што згноіць мяне, калі раскажу пра зьбіцьцё»


Зьняволены Івацэвіцкай калёніі № 5 39-гадовы Сяргей Т. (прозьвішча рэдакцыя мае) даслаў на праграму «Свабода ў турмах» расповед пра тое, як яго жорстка зьбілі супрацоўнікі гэтай установы. Адпаведны ліст са скаргай ён перадаў у Генэральную пракуратуру Беларусі.
Калёнія № 5 у Івацэвічах

«Сёлета 21 ліпеня я выйшаў са сталоўкі пасьля сьняданку і ўбачыў, што санінструктар майго атраду павёў людзей у санчастку па таблеткі. А я з прычыны колішняй цяжкай траўмы галавы стала атрымліваю таблеткі, у тым ліку заспакаяльныя, каб спаць. Я не дабег мэтраў 20 да санінструктара. Бо мяне спыніў афіцэр апэратыўнага аддзелу капітан Салівончык. Я яму растлумачыў, што бягу даганяць сваіх, аднак той нават ня стаў слухаць мае тлумачэньні і павёў мяне на КПП да дзяжурнага. Ля ганку КПП ён выклікаў па рацыі кантралёраў. Тыя выйшлі і спыталі, што са мной рабіць. Афіцэр адказаў: «У...бать!»

Тады яны адразу заламалі рукі так, што я стукнуўся ілбом аб асфальт. Потым кантралёры павалаклі мяне ў будынак КПП і сталі ўсёй ранішняй зьменай зьбіваць мяне нагамі — па галаве ды іншых частках цела. Усіх гэтых кантралёраў я ведаю ў твар, некаторых паводле прозьвішчаў, а некаторых паводле мянушак. Выпадковымі сьведкамі гэтага зьбіцьця сталі двое асуджаных (іх імёны таксама ведаю). Потым мяне нагамі пачалі запіхваць у 20-ю камэру (вельмі маленькая камэра на вахце, дзе пераважна можна стаяць, а ляжаць — у вельмі скручаным стане). Каля пяці гадзін я праляжаў там на падлозе. Настолькі мне было кепска: балела ўсё цела, і асабліва балела галава. Аднак ніякай мэдычнай дапамогі не атрымаў. Увечары мяне зьбітага вярнулі ў атрад. Увесь атрад убачыў мяне моцна зьбітага, зь відочнымі сьлядамі зьбіцьця ад удараў ног.

На наступную раніцу я запісаўcя да начальніка мэдчасткі
Пракопчыка, ён жа псыхіятар, для агляду пабояў. Калі я расказаў яму, што са мной здарылася напярэдадні, доктар сказаў, што мне трэба класьціся ў санчастку. Я папрасіў выклікаць судмэдэкспэртаў для зьняцьця пабояў, аднак у адказ ад начальніка мэдчасткі пачуў, што падобнай экспэртызай займаецца апэратыўны аддзел. Пры мне ён пазваніў туды.

У выніку мяне даставілі да апэратыўнікаў. Тыя пачалі мяне прыніжаць і запалохваць: маўляў, калі я буду настойваць на экспэртызе, то дачакаюся чагосьці вельмі непрыемнага. Потым зьявіўся начальнік аддзелу маёр
Гейц, які пачаў з таго, што моцна стукнуў мяне кулаком пад дых і паабяцаў, што згноіць мяне ў ізалятары ў адзіночцы і створыць такое жыцьцё, што я сам буду ня рады. Апэратыўнікі папярэдзілі мяне, каб я нікому не званіў і нічога нікому не казаў. Маёр Гейц пры мне ў кабінэце загадаў афіцэрам, што тыя мусяць сачыць, каб я ня мог тэлефанаваць на волю, а таксама прыгразіў, што жорстка пакарае іх, калі такое здарыцца. Пасьля ён выклікаў кантралёраў, і мяне ізноў пасадзілі ў 20-ю камэру, дзе я праседзеў, дакладней — прастаяў, цэлы дзень.

Калі я там знаходзіўся, міма праходзіў начальнік калёніі. Я вырашыў зьвярнуцца да яго, аднак мне ён адказаў: «Відаць, што табе мала далі, бо можаш стаяць на нагах!».


Увечары мяне зноў вярнулі ў атрад на праверку. Тым часам маё самаадчуваньне значна пагоршылася, і я да 28 ліпеня праляжаў у атрадзе і толькі потым змог самастойна накіравацца ў санчастку. Мяне там пакінулі, і я праляжаў да 8 жніўня. Я так нікому і ня мог пазваніць, нават у адпаведнасьці з існуючым атрадным графікам. Кантралёры не дапускалі мяне да таксафонаў.

Дагэтуль маю няспынны галаўны боль і галавакружэньні. Я не магу атрымліваць адпаведнага лекаваньня. Начальнік мэдчасткі ня хоча накіроўваць мяне на дадатковыя абсьледаваньні, у адпаведнасьці з загадам апэратыўнікаў.

Калі я спытаўся ў лекара, што будзе, калі са мной нешта здарыцца з-за яго бязьдзеяньня, пачуў:

«Калі памрэш, то ня ты першы, ня ты апошні, а згодна з эпікрызам, вінаватых у тваёй сьмерці ня будзе».


Зьміцер Каляда, які гэтай вясной вызваліўся з Івацэвіцкай калёніі, так пракамэнтаваў ліст Сяргея:

«Зьбіць могуць любога, абы знайсьці падставу. Усё залежыць ад чалавечых якасьцяў канкрэтных турэмнікаў. І сярод іх сустракаюцца людзі. Аднак такія або не затрымліваюцца, або ня маюць шанцаў для нейкага кар’ернага росту. Большасьць жа дакладна мае вялікія псыхалягічныя праблемы. Магчыма, іх саміх зьневажалі ў дзяцінстве і ўсяляк зьдзекаваліся зь іх. Такіх сярод супрацоўнікаў калёніі шмат».

Беларускія турмы. Гісторыя і сучаснасьць


1941: як расстрэльвалі палітычных вязьняў турмаў БССР

«Цяпер, праз 70 гадоў пасьля тых крывавых падзеяў, летам 2001-га і я, і кожны іншы сядзелец нашай камэры ўяўляў сабе, як гэта: мы сядзім — крокі аховы, адчыняюцца дзьверы — і...». Гэта з інтэрвію гарадзенскага журналіста Андрэя Пачобута пра масавыя расстрэлы палітычных вязьняў у БССР.

70 гадоў таму, у першыя дні вайны, калі нямецкія войскі хутка рухаліся на ўсход, супрацоўнікі НКВД, каб арыштаваных ня вызвалілі немцы, узяліся за зброю.

Пра гэтую старонку гісторыі Беларусі і яе новыя падрабязнасьці — Сяргей Астраўцоў.

ЦК КПБ: тэрмінова пакараць сьмерцю

Зрэшты, гэта не было проста самадзейнасьцю карных органаў, лёс зьняволеных па-свойму турбаваў тагачасную камуністычную ўладу. Што рабілася ў Менску ў першы дзень вайны? Распавядае гісторык Ігар Кузьняцоў:

«22 чэрвеня, у дзень пачатку вайны на пасяджэньні бюро ЦК кампартыі Беларусі першае пытаньне, што разглядалася, не датычыла арганізацыі камітэту абароны і вырашэньня тэрміновых пытаньняў па эвакуацыі, а пытаньне ў парадку дня стаяла: аб зьняволеных, што ўтрымліваюцца ў турмах заходніх абласьцей, якія прысуджаныя да вышэйшай меры пакараньня. І бюро гэтае вынесла пастанову — даручыць Цанаву і Мацьвееву — Цанава быў наркам НКВД, а Мацьвееў якраз турэмнымі ўстановамі загадваў — перадаць дырэктыву аб выкананьні прысуду».

Спадар Кузьняцоў, аднак, падкрэсьлівае, што зьняволеных пачалі расстрэльваць па ўсёй Беларусі, ня толькі ў заходніх абласьцях. Прычым зьнішчалі ўсіх, хто знаходзіўся ў турмах, а там сядзелі і тыя, хто быў пад сьледзтвам і хто быў арыштаваны часова. Тых, каму прысудзілі пакараньне сьмерцю, было вельмі мала, зазначае гісторык, бо з выкананьнем расстрэльнага прысуду ў савецкіх турмах не марудзілі.

Ігар Кузьняцоў кажа: паводле зьвестак НКВД, ва ўсіх турмах БССР на 10 чэрвеня 1941 году было 26 237 зьняволеных.

Кузьняцоў: «Зь іх у Заходняй Беларусі 16 537. І калі пачалася вайна, да верасьня 1941 году было эвакуавана толькі 540 чалавек».

Колькі загінула ад чэкісцкай кулі?

Паводле НКВД, большасьць арыштаваных нібыта засталася ў турмах, 775 уцяклі ў дарозе, 76 былі вызваленыя «налётам банды», працягвае Ігар Кузьняцоў. Дарэчы, выпадак гэты ўнікальны: начальнік турмы ў Наваградку Кручкоў пад вартай перавёў вязьняў на чыгуначную станцыю — яна была зусім блізка, — іх пасадзілі ў вагоны, але невядомыя напалі на варту і вызвалілі людзей. Трэба сказаць, што цяпер у Наваградку чыгункі няма, а раней існавала вузкакалейка. Турэмную камяніцу збудавалі палякі насупраць ваяводзкай управы. За савецкім часам у ёй месьціўся райаддзел міліцыі. Адметную сваёй архітэктурай пабудову разбурылі ў сярэдзіне 1980-х гадоў.

Дык колькі вязьняў загінула ад чэкісцкай кулі на пачатку вайны? НКВД называў зусім невялікую лічбу — 530. Праўда, існавала яшчэ графа «незаконна расстраляных канвоем у дарозе» — гэта яшчэ 714 чалавек, кажа гісторык Ігар Кузьняцоў. Ён працягвае — калі акругліць, то:

«1200 чалавек былі расстраляныя. Але гэтая лічба зусім не адпавядае рэчаіснасьці. З 23 чэрвеня да 5–6 ліпеня было расстраляна ня менш за сем-восем калёнаў зьняволеных. У адной калёне было мінімум паўтары тысячы, у найбольшай — каля чатырох тысяч».

Як стралялі ў гарадзенскай турме

Расстрэльвалі і непасрэдна ў турэмных сьценах, кажа гісторык Ігар Кузьняцоў:

«Калі пачалася вайна, то нават пры адсутнасьці дырэктыўных указаньняў пэрсанал турмы прымаў рашэньне сам. Шмат выпадкаў было, калі нямецкая авіяцыя бамбавала, ахова часткова была перабітая, зьняволеныя разьбягаліся».

Пра такі выпадак у гарадзенскай турме расказвае журналіст Андрэй Пачобут. Ён, дарэчы, кажа, што яшчэ перад вайной у турме расстрэльвалі вязьняў:

«Гэта адзіны пэрыяд, калі на тэрыторыі турмы выконвалі сьмяротныя прысуды. Разам з тым пад Горадняй ёсьць месца, дзе хавалі забітых. Гавораць пра лес „Сакрэт“. Але дакладна ніхто ня ведае, не ўдалося даведацца — дзе сапраўды хавалі ахвяраў рэпрэсіяў. Дарэчы, Інстытут нацыянальнай памяці ў Польшчы праводзіць крымінальнае расьсьледаваньне ў гэтай справе: расстрэл зьняволеных гарадзенскай турмы ў чэрвені 1941 году. Немцы хутка прасоўваліся, і кіраўнік Гарадзенскага райкаму партыі прыняў рашэньне аб тым, каб расстраляць зьняволеных».

Загад сталі выконваць каля 14-й гадзіны, кажа Андрэй Пачобут:

«Супрацоўнікі НКВД і НКДБ заходзілі ў камэру і стралялі з аўтаматаў. Такім чынам тры ці чатыры камэры зьняволеных былі забітыя. Але пасьля быў налёт нямецкай авіяцыі, гэта напалохала энкавэдэшнікаў, і яны вырашылі ўцякаць. Дзякуючы гэтаму большасьць у турме ацалела. Бомбы пачалі падаць на тэрыторыю турмы, развалілася адна сьцяна, зьняволеныя сталі ўцякаць».
Гарадзенская турма

Сёлета Андрэй Пачобут, які працуе на польскую «Газэту выборчу», тры месяцы праседзеў за кратамі. Яго пасадзілі ў гарадзенскую турму на час сьледзтва і суду. Журналіста абвінавачвалі, што ён у сваіх публікацыях зьневажаў прэзыдэнта Лукашэнку і паклёпнічаў на яго. Першае абвінавачаньне было скасаванае судом, другое прызнанае: тры гады зьняволеньня з адтэрміноўкай на два гады за паклёп на Лукашэнку. Андрэя Пачобута выпусьцілі ў судовай залі, і цяпер ён працягвае — пра тое, як слухалі гісторыю з расстрэлам у гарадзенскай турме сёньняшнія вязьні:

«Я, дарэчы, там сядзеў, калі была сямідзясятая гадавіна гэтых падзеяў. Калі я распавядаў гэтую гісторыю ў турме, гэта на ўсіх рабіла ўражаньне. Таму што кожны сабе ўяўляў, як гэта: мы сядзім — крокі аховы, адчыняюцца дзьверы... І ў наступнай камэры сядзіць чалавек і чакае, як расчыняць дзьверы і пачнуць па ім страляць з аўтаматаў. Гэтая гісторыя стала гітом, мяне прасілі потым яе распавесьці яшчэ, калі новыя людзі прыходзілі».

У Заходняй Беларусі камэры перапоўненыя

Горадня ў той час знаходзілася ў Беластоцкай вобласьці, у якой існавалі чатыры турмы — таксама ў самім Беластоку, у Ломжы (абодва гэтыя гарады сёньня ў Польшчы) і ў Ваўкавыску. Астрогі ў Заходняй Беларусі былі перапоўненыя. За два дні да пачатку вайны НКВД арыштаваў больш за 24 000 «членаў контррэвалюцыйных арганізацый» і іх сямейнікаў, якіх, па некаторых зьвестках, пагрузілі ў цягнікі для адпраўкі ў Сібір. Пасьля гэтай апэрацыі НКВД лічба зьняволеных у гарадзенскай турме адразу павялічылася ў два разы — да 3500. У беластоцкай іх таксама стала ўдвая больш ад нормы — амаль 2200. Каля 4000 трымалі за кратамі ў Берасьці.

У турмах заходняй часткі Беларусі, як сьведчаць гісторыкі, нямала вязьняў сапраўды змаглі ўратавацца. Вядома, што начальнік турмы ў Ломжы Гаркевіч сам вызваліў частку людзей, напрыклад, тых, хто сядзеў за спазьненьне на працу, за што пры Сталіне каралі ў крымінальным парадку. Астатніх замкнулі ў камэрах, пасьля чаго ахова пакінула горад.

Ахоўнікі замкнулі і пакінулі зьняволеных таксама ў іншых турмах Заходняй Беларусі: у Беластоку, Берасьці, Кобрыне, Пружанах, у Баранавічах, Слоніме, Лідзе. Дарэчы, дакумэнтальна засьведчана, што нямецкія бомбы сапраўды пашкодзілі астрогі ў Берасьці і Горадні, у апошнім пад разбуранымі мурамі загінула частка арыштаваных.
Турма ў Вялейцы. Здымак з сайта vialejka.org

Падсумоўвае гарадзенскі журналіст Андрэй Пачобут:

«Так атрымалася, што — напрыклад, у Беластоку, у Берасьці — немцы захапілі горад, ахова ўцякла, і людзі выходзілі на волю. А, напрыклад, у Ашмянах была выбіта цэлая турма: усіх расстралялі і закапалі ў падворку. Прыйшлі немцы, адкапалі, і ўсе мясцовыя бачылі — што такое саветы».

Невядома тым часам, што стала з канвоем вязьняў, які ў ноч з 22-га на 23-га чэрвеня рушыў з Ваўкавыску на Баранавічы, як было загадана зь Менску.

Зь Нясьвіскага астрогу таксама зьняволеных пад вартай павялі да бліжэйшай чыгуначнай станцыі Гарадзея, але ў дарозе іх абстралялі нямецкія самалёты, і вязьні, хто ацалеў, паўцякалі.

714 «незаконна расстраляных канвоем у дарозе

Менш пашчасьціла вязьням турмаў на ўсходзе Беларусі, дзе ахова мела больш часу, працягвае Андрэй Пачобут, які сам высьвятляў лёс ахвяраў глыбоцкай турмы, якая знаходзілася ў былым кляштары ў Беразьвеччы:

«Больш далёкія турмы — там была эвакуацыя, фармавалі этапы з зэкаў і пешшу гналі на ўсход. Калі людзі падалі, НКВД іх дабіваў. Быў такі этап з глыбоцкай турмы. Акрамя таго, зь менскай турмы быў так званы „шлях сьмерці“ да Чэрвеня, калі людзей па дарозе забіваў і потым спрабаваў забіць усіх НКВД».
Калёнія ў Глыбокім. Здымак з сайта westki.info

А зараз вернемся да лічбы з дакумэнтаў НКВД: 714 «незаконна расстраляных канвоем у дарозе», якую нам назваў гісторык Ігар Кузьняцоў. Унікальнай, бадай, сталася спроба прыцягнуць да адказнасьці выканаўцу гэтага расстрэлу — начальніка глыбоцкай турмы Прыёмышава. Вайсковы пракурор віцебскага гарнізону Глінка дакладваў:

«Учора, 4 ліпеня, мною арыштаваны і аддадзены пад суд былы начальнік турмы Глыбоцкага раёну Вілейскай вобласьці, цяпер начальнік Віцебскай турмы, сяржант дзяржбясьпекі, член ВКП(б), які 24 чэрвеня вывеў з Глыбоцкай турмы ў Віцебск 916 асуджаных і сьледча-зьняволеных. Па дарозе гэты начальнік турмы Прыёмышаў у розны час у два прыёмы перастраляў 55 чалавек, а ў мястэчку каля Улы, падчас налёту самалёта праціўніка, ён даў распараджэньне канвою, якога было 67 чалавек, перастраляць астатніх. У гэтых незаконных расстрэлах ён сам прымаў удзел з рэвальвэрам у руцэ».

Як паведамляў вайсковы пракурор Глінка, усяго было «перастраляна 714 зьняволеных. Намі па асабістых справах устаноўлена, што сярод гэтых зьняволеных больш за 500 чалавек зьяўляліся падсьледнымі, і, нягледзячы на гэта, без усякіх падстаў яны ўсё ж былі незаконна перастраляныя».

Дакладная запіска ваенпракурора Глінкі ад 5 ліпеня 1941 году пра начальніка турмы Прыёмышава, на чый загад былі забіты 714 зьняволеных, мае досыць красамоўнае заканчэньне: «Начальнік упраўленьня НКУС па Віцебскай вобласьці тав. Матаўкін і намесьнік наркама НКУС Беларусі тав. Пташкін цяпер мяне просяць, каб я гэтага Прыёмышава вызваліў ад судовай адказнасьці. Такія паводзіны гэтых асобаў лічу абуральнымі. Пракурор Віцебскага гарнізону ваен'юрыст 3-га рангу Глінка».

Турма і здароўе


Пазбаўленьне сну як адно з найбольш цяжкіх катаваньняў

Беларускія праваабаронцы зьвярнуліся да замежных місій з заклікам скантактавацца зь беларускімі афіцыйнымі органамі, каб атрымаць права ўваходу ў закрытыя пэнітэнцыярныя ўстановы і пракантраляваць сытуацыю з палітвязьнямі. Падставай сталі апошнія сыгналы ад вязьняў пра бесчалавечнае ўтрыманьне іх у месцах зьняволеньня. Размова, у прыватнасьці, пра скаргі асуджанага Горацкай калёніі палітвязьня Зьмітра Дашкевіча пра тое, што яго стала пазбаўляюць сну і трымаюць у халоднай камэры.

Зьміцер Дашкевіч
Паводле экспэртаў Камітэту супраць катаваньняў ААН, пазбаўленьне сну лічыцца адной з найбольш простых і адначасна эфэктыўных формаў катаваньня. Пасьля двух-трох дзён бяссоньня ў чалавека зьяўляюцца што далей то мацнейшыя галаўныя болі, рэзь у вачах, цягліцавыя спазмы, якія потым могуць пераходзіць у пакутлівыя курчы, так што ўзьнікае адчуваньне, нібы цябе разрывае на часткі. Катаваньне бяссоньнем можа выклікаць незваротныя псыхічныя працэсы, чалавек робіцца падатны на любыя ўзьдзеяньні.

«Дашкевічу не даюць спаць і трымаюць у халоднай камэры»

Такую заяву для журналістаў зрабіла занепакоеная паплечніца і нявеста Зьмітра Дашкевіча, намесьніца кіраўніка Маладога фронту Наста Палажанка.

Наста Палажанка
«Зьміцер здолеў паведаміць і прасіў агучыць, што ён зазнае катаваньні на тэрыторыі Горацкай калёніі. Прыкладам, ён распавёў пра тое, як намесьнік начальніка ў апэратыўнай працы Аляксандар Лапатка не даваў яму спаць уначы, выводзячы яго на калідор і прымушаючы стаяць усю ноч. Паколькі Дашкевіч быў стомлены, ён раніцай адмовіўся ісьці на працу, а за гэта яго чарговым разам пакаралі карцэрам на 10 сутак. Таксама Зьміцер кажа, што ў камэрах настолькі холадна, што даводзіцца праз кожную гадзіну падымацца і паўгадзіны адціскацца, каб неяк сагрэцца. Дайшло да таго, што вось зараз, летам, Зьміцер папрасіў даслаць яму ў бандэролі пальчаткі», сказала Наста Палажанка.

Пра тое, што катаваньні адсутнасьцю сну ўжывае і адміністрацыя іншых калёніяў, заяўляе таксама колішні асуджаны Бабруйскай калёніі, актывіст АГП, а цяпер кіраўнік грамадзкай арганізацыі абароны правоў вязьняў «Плятформа» Андрэй Бандарэнка:

«Я таксама апынаўся ў падобнай сытуацыі, а таму мне вельмі добра вядомыя адчуваньні Зьмітра. Па-першае, гэта моцны псыхалягічны ўдар, калі табе не даюць спаць працяглы пэрыяд часу. Ты ня сьпіш, у тым ліку і таму, што сярод ночы адчуваеш, што замярзаеш. Ты ўстаеш, пачынаеш рабіць адцісканьні, пакуль не прывядзеш тэмпэратуру цела ў норму. Але пасьля ты пачынаеш яшчэ больш астываць, бо твая вопратка мокрая. Такім чынам, табе даводзіцца праз кожныя 15 хвілін уставаць і рабіць фізычныя практыкаваньні. Пасьля гэтага адміністрацыя калёніі ўжывала жорсткія рэчы. Яна пакрысе ўключала ацяпленьне, і асуджаныя засыналі ў абдымку з батарэямі. А ўначы батарэі ўключаюцца на поўную моц, і людзі прачынаюцца з апёкамі».

Што да Зьмітра Дашкевіча, то неабходна дадаць, што падчас яго ўтрыманьня пад сьледзтвам у жодзінскім СІЗА ён меў праблемы зь лёгкімі, настолькі сур’ёзныя, што турэмныя мэдыкі нават падазравалі ў яго напачатку сухоты. Палітвязьня, аднак, не лячылі і спачатку нават не прымалі ад сваякоў неабходныя мэдыкамэнты. Ці праводзілі ў дачыненьні да хлопца катаваньні бяссоньнем — невядома. Але, як вынікае зь лістоў нашых слухачоў ды чытачоў, колішніх падсьледных Жодзінскай турмы, экспэрымэнты са сном зьняволеных — гэта адна з найбольш распаўсюджаных мэтодык тамтэйшай адміністрацыі.

«Адсутнасьцю сну катуюць рэгулярна»

Колішні сядзелец гэтай установы Ігар М. (прозьвішча рэдакцыя мае) піша:

«Самае цяжкае з катаваньняў для большасьці вязьняў — гэта пазбаўленьне сну.

З-за перапоўненасьці камэраў і недахопу спальных месцаў зьняволеныя вымушаныя спаць па чарзе. Часта людзі, якія трапілі ў такую камэру ўпершыню, першыя пару дзён у чаргу на сон не ўключаюцца. Афіцыйна час сну — ад 22 да 6 гадзінаў. З 6.00 да 22.00 у душнай перапоўненай камэры стомленаму псыхічна чалавеку забаронена класьціся на ложак. Каб удзень падсьледным было не да сну, іх выводзяць у калідор і ставяць на расьцяжку. Пасьля расьцяжак у людзей так баляць усе суставы, што ў выніку яны ўжо ня могуць легчы на ложак і засынаюць, седзячы за сталом.

Убачыўшы, што хтосьці сьпіць, ахоўнікі-кантралёры вырубаюць у камэры электраэнэргію, каб іншыя арыштанты не маглі сагрэць ваду ці гарбату электракіпяцільнікам. Такім чынам людзей у камэрах імкнуцца нацкаваць адных на адных».


Вязьні, якія пакутуюць з-за адсутнасьці сну, падчас праверак мусяць шыхтавацца, набіраць паветра ў грудзі і ў адзін голас гучна вітаць начальства. За тое, што падчас праверкі падсьледны ня так голасна разам зь іншымі гукне «Здравствуйте, товарищ начальник!», могуць накіраваць у карцэр. Спаць у карцэры арыштант мусіць тварам да дзьвярэй, каб у твар біла сьвятло ад лямпы. Усю ноч грымяць жалезныя калідорныя дзьверы, празь якія вядуць на этап, і гэты шум не дае заснуць. Калі ж засынаеш удзень на падлозе, караюць дадатковымі расьцяжкамі і суткамі карцэру«.

Прэс-канферэнцыя з нагоды правоў чалавека: Алена Танкачова, Юрась Чавусаў і Дзіна Шаўцова
Праваабаронца Алена Танкачова бачыць праблему ў тым, што пасьля закрыцьця офісу АБСЭ летась у сьнежні — офіс у адпаведнасьці са сваім мандатам мог наведваць беларускія вязьніцы — сытуацыя вакол утрыманьня вязьняў у Беларусі застаецца цалкам закрытай.

Алена Танкачова заклікае беларускі «Чырвоны крыж» і грамадзкія назіральныя камісіі наведаць турмы, дзе ўтрымліваюць палітвязьняў, і даць грамадзтву справаздачу аб тым, што там адбываецца. Пра рэакцыю «Чырвонага крыжу» — у наступных праграмах.

Для даведкі: У 1984 годзе Генэральная Асамблея ААН прыняла Канвэнцыю супраць катаваньняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжальных для годнасьці чалавека відаў абыходжаньня. Аднак пратакол аб кантролі за выкананьнем канвэнцыі дзяржавамі-падпісанткамі непасрэдна ў месцах зьняволеньня ратыфікаваны ў невялікай колькасьці краін. Таму дагэтуль катаваньні так і не пастаўленыя па-за законам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG