Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандру Малчанаву не дазволілі навучацца ў ПТВ


Мікола Статкевіч у калёніі працуе на лесапілцы за 18 тысяч у месяц. Маці Зьмітра Новіка забаранілі спатканьне з сынам у дзень ягонага 30-годзьдзя. Аляксандру Малчанаву не дазволілі навучацца ў ПТВ. Ад Зьмітра Буланава тры тыдні няма лістоў.

Маці Зьмітра Новіка, які адбывае пакараньне ў шклоўскай калёніі, на наступным тыдні зьбіраецца падаць скаргу ў Генэральную пракуратуру:

«Мала таго што тэлефанаваньні забаранілі, я не атрымліваю ўжо тры тыдні лістоў ад сына. Спатканьне забаранілі — у Дзімы 16 верасьня дзень народзінаў, 30 гадоў, і я зьбіралася ехаць, але спатканьне забаранілі».

Карэспандэнтка: «А прычыну патлумачылі?»

«Сказалі, быццам бы ў яго парушэньні. Я ведаю цудоўна свайго сына, і не ў ягоных інтарэсах — парушаць. Задумаўся начальнік калёніі, калі я тэлефанавала, а потым сказаў, што Дзіма без дазволу пакінуў нейкае памяшканьне. Я кажу: прычына ў адным — ён адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні».
Задумаўся начальнік калёніі, калі я тэлефанавала, а потым сказаў, што Дзіма без дазволу пакінуў нейкае памяшканьне. Я кажу: прычына ў адным — ён адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні.

Марына Адамовіч, грамадзянская жонка Міколы Статкевіча, які таксама сядзіць у Шклоўскай калёніі, распавяла, што ў пятніцу Міколу наведаў адвакат. Марына таксама вельмі занепакоеная адсутнасьцю сувязі зь Міколам — больш за тры тыдні ад яго няма лістоў:

«На мяне выходзіла шмат розных людзей, якія казалі, што на Міколу ў калёніі аказваецца ціск. Лістоў і тэлефанаваньняў няма ня толькі мне, але і старому ягонаму бацьку, якому 84 гады. Лісты Міколы Віктаравіча зачытваюцца перад усім атрадам, потым зьнішчаюцца, і на атрад накладаецца пакараньне. Сапраўды рэальна быў сьпілаваны турнік на зоне з-за ліста, у якім Мікола апісаў, як яго віншавалі з Днём народзінаў. Там былі такія кранальныя рэчы… Крыміналу там не было абсалютна. Цёпла віншавалі яго, хто шакалядку падарыў, хто — яблык. А чалавек, якому ніхто не дасылае перадачы, падараваў акрайчык хлеба. Мікола гэта апісаў, і за гэта турнічок і сьпілавалі…»

Мікола Статкевіч цяпер працуе на лесапілцы. Ягоны заробак — 18 тысяч у месяц.

Спадарыня Валянціна, маці Алега Гнедчыка, якога 1 верасьня памілавалі, і які таксама адбываў пакараньне ў Шклове, расказала:

«А ў нас што, лепей было? Уявіце, у мінулую пятніцу паехаў адвакат у калёнію, а яго не пусьцілі. І яна ўжо зьбіралася ехаць у гэтую пятніцу. А ў чацьвер ён пад вечар тэлефануе і кажа, што ўжо ў цягніку. Маўляў, выйшаў на працу, а па абедзе кажуць: „Зьбірай рэчы“».

Яго ж таксама пазбавілі перапіскі, тэлефанаваньняў, у ШЫЗА пасадзілі, у карцэр на трое сутак. Што там адбываецца — аднаму Богу вядома. Ён кажа: «Мама, ну навошта я буду табе распавядаць, каб ты расстроілася, ужо ўсё скончылася».
Мама, ну навошта я буду табе распавядаць, каб ты расстроілася, ужо ўсё скончылася.

Клаўдзія Буланава тры тыдні таму наведала сына ў Магілёўскай калёніі. І з таго часу ад Зьмітра — ніводнага ліста.

«Лістоў мы чамусьці не атрымліваем, у поўнай прастрацыі, ня ведаем, што там і як там. Тыдні тры ніякіх ні лістоў, ні тэлефанаваньняў».

Ад Аляксандра Малчанава, які таксама адбывае пакараньне ў Магілёўскай калёніі № 15, лістоў няма, але, на радасьць маці Галіны Андрэеўны, ён стаў часта тэлефанаваць:

«Саша тэлефанаваў 31 жніўня, 2 верасьня, будзе тэлефанаваць яшчэ 5 і 7 верасьня. Расказаў, што хацеў пайсьці вучыцца ў ПТВ на дрэваапрацоўку, але яму адмовілі. Патрабавалі зноў напісаць прашэньне аб памілаваньні, але ён сказаў, што ні за што не напіша».
Мікола Статкевіч
Нарадзіўся 12 жніўня 1956 году ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну Менскай вобласьці ў сям'і настаўнікаў.

1978 г. Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню.

1986 г. Абараніў кандыдацкую дысэртацыю.

Працаваў выкладчыкам Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні.

Люты 1991 г. На знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС.

1991 г. Сябра Цэнтральнай рады і выканаўчага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).

1995 г. Старшыня БСДП (НГ).

1991—1995 гг. Стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.

2000 г. Удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў.

2005 г. Асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю 18—19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін абмежаваньня волі быў скарочаны на год.

Кіраўнік аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).
Дзьмітры Новік
Нарадзіўся 16 верасьня 1981 году ў Баранавічах. Скончыў там школу № 13, потым вучыўся ў Менску ў Акадэміі фізычнай культуры, служыў у войску. Ажаніцца зьбіраўся сёлета. Зь сям’і ў яго толькі хворыя маці і бабуля.

Працаваў у ахове: спачатку ахоўнікам у рэстаране, потым — у службе бясьпекі амбасады Аб’яднаных арабскіх эміратаў.

Затрыманы позна ўвечары 23 сьнежня дома ў Баранавічах як падазраваны па крымінальнай справе пра масавыя беспарадкі; абвінавачаньне выстаўленае 30 сьнежня. Знаходзіцца пад вартай у "амэрыканцы" (СІЗА КДБ).
Дзьмітры Буланаў
26 гадоў. Пакутуе на шэраг хранічных хваробаў, сярод іх рэўматызм, небясьпечныя алергічныя рэакцыі; праз гэта яго жыцьцё цяпер пад пагрозай.

Нарадзіўся ў Менску 25 жніўня 1984 году. Скончыў менскі мэдычны каледж № 2, два гады працаваў мэдбратам у інфэкцыйным шпіталі.

Вучыўся ў Інстытуце сучасных ведаў на факультэце мастацтваў, вывучаў выканаўчае майстэрства.

Палітыкай не займаўся, сябрам палітычных партыяў і рухаў ніколі ня быў.

Падчас разгону мірнай акцыі 19 сьнежня яго затрымалі і зьбілі, расьсеклі галаву. Асуджаны на 10 сутак арышту. Пасьля вызваленьня з ізалятара на Акрэсьціна быў затрыманы паўторна 12-га студзеня 2011 г. толькі за тое, што адмовіўся ісьці на допыт без афіцыйнай позвы.

Утрымліваецца ў турме на вуліцы Валадарскага.
Аляксандар Малчанаў
Нарадзіўся 22 чэрвеня 1988 году ў Барысаве. Вучыўся ў Барысаўскай школе № 22. У першай палове 2000-х гадоў быў "зуброўцам". Вучыўся ў вечаровай школе і на курсах маляроў. Потым паступіў у Міжнародны гуманітарна-эканамічны інстытут у Менску.

Пасьля акцыі пратэсту на Плошчы быў затрыманы 6 студзеня ў сябе дома ў Барысаве. Яму выстаўленае абвінавачаньне па справе аб масавых беспарадках.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG