Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яраш Малішэўскі — што пачытаць пра бітву пад Воршай


Яраш Малішэўскі

Яраш Малішэўскі

Трыюмф беларускай зброі на Крапівінскім полі за 5 кілямэтраў ад Воршы ў адной з найбуйнейшых бітваў на тэрыторыі Эўропы пачатку 16-га стагодзьдзя не ўвасоблены ў нацыянальным кінематографе. Ствараць батальныя сцэны перамогі войскаў ВКЛ над маскоўскімі захопнікамі не дазваляла ідэалёгія пашаны да «старэйшага брата». Па гэтай жа прычыне ня створана і безьлічы захапляльных беларускіх гістарычных раманаў. І ўсё ж наш экспэрт Яраш Малішэўскі знайшоў, што пачытаць пра падзеі 8 верасня 1514 году пад Воршай.

Леанід Дайнека. Назаві сына Канстанцінам.

Менск, «Мастацкая літаратура», 2008.

Як прызнаецца сам аўтар, першапачаткова ён хацеў назваць свой раман «Тры Канстанціны», бо іх тут «задзейнічана» ня меней за трох: і наш Астроскі, і два замежных — імпэратары ў Рыме ды Канстантынопалі. Адзін з манархаў зрабіў хрысьціянства дзяржаўнай рэлігіяй у Рымскай імпэрыі, другі бараніў сталіцу Бізантыі ад асманаў. І геаграфія адпаведна тутака шырокая. Наша ВКЛ, Рым, Канстантынопаль, які штурмуюць туркі. Назва скіравана шчэ і ў будучыню, дзе народзяцца новыя Канстанціны. Міцкевіч, Каліноўскі, Езавітаў… А фінал раману — яна, Аршанская бітва. На старонках кнігі — тугі вузел, дзе замяшаны гісторыя, прыгоды, фантастыка і містыка ў розных «вымярэньнях» — ад чацвертага да шаснаццатага стагодзьдзяў. Пераносы герояў у розныя часы. Адным словам, аматарам паразблытваць вузельчыкі знойдзецца немалое поле — рыхтык ля Крапіўны.

«І каб зьвязаць падзеі і стагодзьдзі нейкай залатой ніткай, я і прыдумаў вобраз арла. Недзе высока-высока ў вечнасьці жыве залаты арол волі, які прылятае толькі да тых, хто змагаецца за сваю зямлю, за сваю Айчыну, каб дапамагчы гэтым людзям у іх сьвятой барацьбе».

Зьміцер Дзядзенка. За нашу і вашу чарку і шкварку.

«Паміж». 2007, № 6.

Падыход да хрэстаматыйнае тэмы тут ня надта звыклы. Спроба зазірнуць на вядомыя ўсім падзеі зь іншага, зусім ужо нечаканага боку, зразумела, ня ўсім прыдзецца даспадобы. Тут як заўжды, палезуць дакараньні і за розныя памылкі-недакладнасьці, і за тое, што аўтар насьмеліўся замахнуцца на сьвятое. Але перамога застаецца перамогай, а вось новы погляд, хай сабе і фантастычны, зашкодзіць ёй аніяк ня зможа, хутчэй наадварот. Чаго вартыя чараўнік Твардоўскі з прапановамі, ад якіх ніякавата становіцца, і наш, родны Дамавік, які таксама прапаноўвае дапамогу ачмурэламу ад роспачы ды запою славутаму гетману. Але за значна меншую цану.

«Я табе так скажу, княжа. Усім трэба выжыць — і нам, і вам. Хоць людзі нас і называюць нячысьцікамі, але мы такія ж жыхары гэтага краю, як і вы. Хочаш — называй гэта любоўю да Радзімы, хочаш — боязьзю за сваю скуру. Мне вялікай розьніцы няма… Я табе дапамагу — проста таму, што ўсе мы жывем на гэтай зямлі».

З такім і пагадзіцца, і чарку кульнуць можна. Асабліва, калі становішча не найлепшае. А нячысьцікі, што прыйшлі на дапамогу ВКЛаўскаму войску, сваю справу ведаюць. Ваўкалакі, базылішкі, вадзянікі ды іншыя пярэваратні — уся грамада дапамагала зьнішчаць чужынскую набрыдзь, набліжаючы перамогу.

Ян Вісьліцкі. Ода да караля Жыгімонта.

«Наша вера». № 3(29), 2004.

Калі раней Ян Вісьліцкі, паэт-лацініст XVI стагодзьдзя, традыцыйна ўважаўся за «чыста» польскага культурнага дзеяча, то ў другой палове стагодзьдзя дваццатага да ягонай асобы больш пільна прыгледзеліся дасьледнікі зь земляў, што ляжаць на ўсход ад Буга. І знайшлі багата цікавага. Да прыкладу, вэрсія пра тое, што аўтар знакамітай «Прускай вайны» паходзіў зь мясцовасьці паміж Клецкам і Пінскам, дзе працякае рэчка Вісьліца, мае нямала прыхільнікаў у навуковым сьвеце. Але зараз гаворка не пра тое, а пра паэтаву оду да «найясьнейшага ўладара», у якой немалы акцэнт робіцца на Боскай дапамозе — падобна, зь нябёсаў глядзець абыякава на тое, што рабілася тады на Дняпры, не жадалі. Зрэшты, як той казаў, «Божа мілы, памажы, а ты, дурню, не ляжы». Дурнямі мы не былі, і ўсё ўдала спалучылася — нябеснае і зямное. У суладдзі і плён гэткі атрымаўся тады, 8 верасьня. У самы «дзень нараджэньня Панны Марыі ў год збавеннага ўцелаўленьня Панскага 1514». Нават восеньскі дзень стаўся тады сапраўды веснавым.

Гучыць бязьмежнай славы нязмоўчны гімн,
Паўночны край напоўніў магутны сьпеў;
Трыюмф усьцешны абвяшчае,
Радасьць па ўсёй зямлі разносіць
Якую ў дзень Раства Багародзіцы
Ваяр нязломны выставіў ворагам.

Генадзь Сагановіч. Айчыну сваю баронячы.

Менск, «Навука і тэхніка», 1992.

Для таго, хто жадае ў сьціслай, папулярнай форме даведацца асноўнае пра найвышэйшага гетмана ВКЛ Канстанціна Астроскага, кніга Генадзя Сагановіча — сама тое. Кніга выйшла ў тыя часы, якія сёньня ўзгадваюцца нават зь нейкім недаверам — няўжо такое было на «дзяржаўнай плятформе»? Сёньня, калі псэўданавукоўцамі вядзецца вайна — зь беларускай гісторыяй…

У кнізе — Астроскі і яго час. Той самы, час страчаных магчымасьцяў і росквіту нашае культуры, трагізму і небывалага ўздыму. Той час, які сёньня і нітуецца зь вялікім гетманам. Чалавекам-легендай, у дачыненьні да якога на сто адсоткаў падыходзіць азначэньне: пакласьці жыцьцё на аўтар Айчыны, каб стацца на стагодзьдзі прыкладам таго, «як трэба жыць і працаваць, каб быць пераможцам». Перамогі болей, чым у шасьці дзясятках бітваў над Масквой і татарамі — гэтага досыць, каб цябе назвалі новым Ганібалам, тым, хто гэтак часта трымаў у руцэ зьменлівае вайсковае шчасьце.

«Нацыя жыве, пакуль у ейнай сьвядомасьці жывуць героі. Бязь іх яна памірае».


Ой, у нядзельку параненька. Язэп Найдзюк, Іван Касяк. Беларусь учора і сяньня.

Менск, «Навука і тэхніка», 1993.

Дарма, што спрэчкі наконт слыннае песьні зь цягам часу не сьціхаюць, а наадварот, разгараюцца. І сапраўды, хто ж стварыў песьню — «народ» ці Вацлаў Ластоўскі, на якога шмат што ўказвае? Гэта ж ён, Власт, упершыню амаль сто гадоў таму надрукаваў гэты тэкст. Адкуль усё і пачалося. Загадак тут багата, і падобна, што ў бліжэйшы час меней іх ня стане.

Зрэшты, слава твору ад гэтага ня меншае. Цяжка ўявіць бяз гэтае песьні паўнавартасны рыцарскі фэст, сьвята сярэднявечнай культуры ці валянтэраў ля вогнішча, што намагаюцца адрадзіць занядбаны замак. Гэткая сабе ВКЛаўская візытоўка. Ці то ад «Старога Ольсы», ці то ад хлапчука, што ня надта шчэ грае на разладжанай гітары — ляціць песьня, якая так і забірае ў палон. Палон Беларушчыны.

Ой, у нядзельку параненька
Ўзышло сонейка хмарненька,
Узышло сонца над борам,
Па-над Сялецкім таборам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG