Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Год таму загінуў заснавальнік сайту  «Хартыя-97» Алег Бябенін


Алег Бябенін

Алег Бябенін

Роўна год таму, 3 верасьня 2010 году, Алега Бябеніна знайшлі павешаным на ягоным лецішчы непадалёк ад Менску. Праваахоўныя органы адразу заявілі, што адбылося самагубства. Аднак шмат што ў гэтай справе застаецца нявысьветленым і дагэтуль, кажуць калегі Бябеніна і незалежныя экспэрты.

Рэдактар сайту charter’97 Натальля Радзіна, якая вымушаная была зьехаць ад перасьледу беларускіх уладаў у суседнюю Літву, сказала «Свабодзе», што яна цяпер яшчэ больш перакананая — Алега Бябеніна забілі:

«У афіцыйную вэрсію ягонай сьмерці я, вядома, ня веру. І ніколі не паверу. Увесь гэты год, які прайшоў пасьля сьмерці Алега, яшчэ раз пацьвердзіў маё меркаваньне, што гэта было забойства. І ў ніякім выпадку гэта не было самагубствам».

Натальля Радзіна
Натальля Радзіна кажа, што забойства яе калегі стала знакавым:

«Я так разумею, што са сьмерці Алега і пачалася выбарчая прэзыдэнцкая кампанія ў Беларусі. Гэта была спроба націснуць на людзей, запалохаць іх. Асабліва тых, хто вырашыў удзельнічаць у камандзе Андрэя Саньнікава. І тое, як гэта адбылося, не выклікае ніякага сумневу, што гэта было забойства».

Праваабаронца Алег Воўчак кажа, што «шмат пытаньняў гэтай справы засталіся сьледзтвам нераскрытымі»:

Алег Воўчак
«Для самагубства ў чалавека павінен быць нейкі матыў. Ён звычайна пакідае нейкія разьвітальныя словы, запіску. Але яе так і не знайшлі.

І другое, пра што я заўжды казаў. Крымінальную справу ў гэтым выпадку патрэбна было ўзбуджаць неадкладна. І па гарачых сьлядах расьсьледаваць усе вэрсіі — палітычную, асабістую ці нейкую іншую».

Алег Воўчак спадзяецца, што абставіны гэтай цьмянай справы яшчэ будуць дасьледавацца:

«Нам шмат чаго невядома. Фактаў пра тое, каго правяралі на магчымы ўдзел у гэтай справе, невядома. Мы ня ведаем нават поўнага тэксту заключэньня экспэртаў АБСЭ, якія прыяжджалі ў Менск. Што яны тут вывучалі? І што вывучылі? Таму ў справе Бябеніна, як гэта кажуць, усё пакрыта цемрай. Пакуль».

Трагічныя падзеі пачатку верасьня мінулага году ўзгадвае Натальля Радзіна:

«Алег спачатку зьнік. Яшчэ ў чацьвер мы зь ім размаўлялі, у яго было мноства плянаў. Таксама ён зьбіраўся сустрэцца і зь іншымі калегамі. І раптам ён нечакана зьнікае. І мы ня можам яго знайсьці ўвесь вечар чацьвярга і ўвесь дзень пятніцы. Мы тэлефануем у шпіталі, моргі, родныя літаральна вар’яцеюць. І нарэшце сябры Алега і яго родныя знайшлі яго цела на лецішчы. Як расказвалі Зьміцер Бандарэнка, Фёдар Паўлючэнка, Аляксандар Атрошчанкаў, якія там былі, яны насамрэч бачылі сьляды гвалтоўнай сьмерці».

Дарэчы, мандат, які атрымалі экспэрты АБСЭ на працу ў Беларусі, не дазваляў ім правесьці асобнае расьсьледаваньне, а толькі праверыць і ацаніць матэрыялы расьсьледаваньня, праведзенага беларускім бокам.
Алег Бябенін і Зьміцер Бандарэнка на акцыі ў падтрымку палітзьняволеных у Дзень гораду. Менск, 1998.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG