Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратасеня: «Сьледчым і судам сапраўдныя доказы непатрэбныя»


Андрэй Пратасеня

Андрэй Пратасеня

Андрэй Пратасеня мог выйсьці на волю яшчэ зь першай хваляй памілаваных на пачатку жніўня, але тады адмовіўся пісаць прашэньне. Лёс склаўся гэтак, што праз тры тыдні яму сказалі зьбіраць рэчы і далі на зборы гэтулькі часу, што не пасьпеў зь сябрамі разьвітацца. Што згадвае Андрэй Пратасеня пра турэмныя парадкі?

Першай вязьніцай, у якой пабываў Андрэй, была турма КДБ «амэрыканка». Пратасеня кажа, што трапіў туды ўжо пасьля пэрыяду, калі там гаспадарылі «людзі ў масках», але яшчэ засьпеў «успышкі» нематываванай жорсткасьці. «Маглі схіліць да зямлі галавой і гэтак штурхануць па лесьвіцы, што можна было і шыю зламаць. Альбо маглі загадаць распрануцца і прысядаць 60 разоў усё хутчэй. Здавалася, што тут такога? Але з пункту гледжаньня нармальнай гуманнасьці гэта яўна недапушчальна. І ўсё ж сапраўдных катаваньняў на маю долю не дасталося», — прызнае Андрэй Пратасеня. На абыходжаньне ў Бабруйскай калёніі, дзе адбываў пакараньне, Андрэй таксама асабліва не наракае. Кажа, што можна было жыць і там. Вязьні ставіліся да палітычных добра, адміністрацыя асабліва не чаплялася. Хоць людзей добрых сярод адміністрацыі, падалося Андрэю Пратасеню, яўна меней за тых, хто адчувае асалоду ад прыніжэньня вязьняў.

І ўсё ж болей Андрэй Пратасеня наракае не на турэмшчыкаў, а на сьледчых і судзьдзяў. Тут Беларусі, паводле былога палітвязьня, трэба будзе вырашаць шматлікія праблемы.

«На сьледзтве я адразу распавёў, што асабіста я рабіў на Плошчы. І мяне вельмі зьдзівіла, што ўрэшце ў справе аказалася тое, чаго я зусім не рабіў. Што, прыкладам, я біўся вудай. На відэа ясна бачна, што гэта не мая вуда і што калі яна да мяне трапіла, я адклаў яе ўбок. Але і сьледчы напісаў, і пракурор гэта падтрымаў, што нібыта я біўся вудай. Бачна, што сьледчыя шмат дзе нацягваюць доказы. Можа, зоркі заслугоўваюць ці нейкія паказчыкі выконваюць? З простага злачынства робяць цяжкае, з эканамічнага — зь вялікімі стратамі, калі ёсьць некалькі чалавек, на іх адразу спрабуюць „павесіць“ бандытызм у групе, і гэтак далей. Вялікае пытаньне і да пракурораў, да судзьдзяў, якія гэтаму патураюць. Уражаньне, што непатрэбныя ім ані паказаньні сьведак, ані дадзеныя экспэртызы, твае паказаньні, характарыстыкі… Не хачу сказаць пра ўсіх, але падобных выпадкаў шмат. Я вось распытваў, цікавіўся і шмат такіх гісторый сустрэў, калі людзей ці незаконна асудзілі, ці перакваліфікавалі і далі ім тэрміны проста нерэальныя».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG