Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму вызваляюць палітвязьняў?


Вызвалены з-за кратаў яшчэ чатыры палітзьняволеныя. У чым прычыны такога кроку? Ці ёсьць сувязь паміж гэтым вызваленьнем і прапановай аб круглым стале? Ці сапраўды да кастрычніка ўсе вязьні будуць на волі?

Удзельнікі: кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі «БелаПАН» Аляксандар Класкоўскі і галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты «Салідарнасьць» Аляксандар Старыкевіч.

Аляксандр Класкоўскі
Аляксандар Старыкевіч
Валер Карбалевіч


Прычыны вызваленьня палітзьняволеных


Валер Карбалевіч: «Тры тыдні таму былі вызваленыя дзевяць палітвязьняў, у чацьвер — яшчэ чатыры. Адначасова былі спынены крымінальныя справы ў адносінах да шэрагу ўдзельнікаў падзеяў 19 сьнежня. У чым прычыны такой, так бы мовіць, „міласэрнасьці“? Расправа над удзельнікамі Плошчы выконвала функцыю застрашваньня. Вызваленьне палітвязьняў азначае, што гэтая задача выкананая і грамадзтва застрашанае? Здаецца, цяпер сацыяльная напружанасьць нарастае з-за эканамічных чыньнікаў, таму страх трэба павялічваць. А тут наадварот, нейкая адліга. Як гэта ўсё патлумачыць?».

Аляксандр Класкоўскі: «Відавочна, рэжым унутрана, мэнтальна ніколькі не мяняецца. Аднак на яго моцна ціснуць форсмажорныя чыньнікі. Па-першае, капец фінансам. Па-другое, карыстаючыся тым, што масты на Захад спаленыя, Расея прыціскае да сьценкі. Гэта прымушае Лукашэнку празь «не хачу» выпускаць палітвязьняў, ініцыяваць дыялёг з тымі, каго ён называў «адмарозкамі».

Аляксандар Старыкевіч: «Натуральна, што Лукашэнка трымаў бы ўсіх удзельнікаў Плошчы, калі б мог, па 20 гадоў у вязьніцы. Аднак, выглядае, улада моцна пралічылася ў сваіх сцэнарах і вымушаная даваць задні ход.
Натуральна, што Лукашэнка трымаў бы ўсіх удзельнікаў Плошчы, калі б мог, па 20 гадоў у вязьніцы.

Бо Менск апынуўся сам-насам з Масквой. Менавіта каб пазьбегнуць такой сытуацыі, рэжым тры гады таму пачаў дыялёг з Захадам. У выніку рэжым вярнуўся да таго ж, толькі ў горшым становішчы. Таму Лукашэнка вымушаны рабіць аднабаковыя крокі, вызваляць палітвязьняў».

Вызваленьне палітвязьняў і круглы стол


Карбалевіч: «Ці ёсьць сувязь паміж гэтым вызваленьнем і прапановай аб круглым стале? І ці зьвязана гэта толькі з вонкавымі чыньнікамі?»

Класкоўскі: «Унутраны чыньнік, безумоўна, прысутнічае. Ва ўладаў вельмі сьвярбяць рукі ўзмацніць рэпрэсіі напярэдадні меркаванай „гарачай восені“. Але ёсьць разуменьне, што існуе ліміт на рэпрэсіі і далей перагінаць кій, заціскаць гайкі рызыкоўна, бо можна сарваць разьбу. Таму ўлады пачалі больш гнуткую гульню.

Прапанова аб дыялёгу скіраваная найперш на Захад. Бо ўнутраная апазыцыя мацнейшай ня стала. А Захад ставіць умову вызваленьня палітвязьняў. І вось цяпер з інфармацыі пра таемны візыт у Менск баўгарскага міністра замежных спраў высьвятляецца, што ёсьць пэўныя абяцаньні Лукашэнкі Брусэлю. Ва ўсялякім разе, ход падзей ускосна пацьвярджае гэтую вэрсію».

Карбалевіч: «Шмат было камэнтароў, што падзеі 19 сьнежня паказалі: беларускі рэжым ня здольны на тонкую гульню, адзіная палітыка — гэта дубінкай па галаве ўсім нязгодным. А вось жа высьвятляецца, што нейкая тонкая гульня адбываецца».

Старыкевіч: «Я б не абсалютызаваў нейкія рэчы: цалкам здольны ці цалкам няздольны. Дакладней было б сказаць, што рэжым схільны да грубай гульні, і нейкая тонкая гульня сканчаецца грубымі прыёмамі.

Няясна, што можа быць прадметам гэтых перамоваў. Заява Лукашэнкі пра круглы стол прагучала як дэклярацыя. Не зразумелы ні фармат перамоваў, ні тэмы.

Я чуў адну вэрсію, нібыта ўкід у мэдыі інфармацыі пра таемныя перамовы Лукашэнкі з баўгарскім міністрам зроблены міністрам замежных спраў Польшчы Сікорскім. Тым самым ён, гаворачы шахматнай мовай, паставіў Лукашэнку „відэлец“. Яго пазбаўляюць магчымасьці цягнуць час, раздаючы за зачыненымі дзьвярыма абяцаньні і потым іх не выконваючы».

Чаму вызваляюць порцыямі?


Карбалевіч: «Тры тыдні таму вызвалілі дзевяць палітвязьняў, цяпер — яшчэ чатырох. Чакаецца, што днямі вызваляць яшчэ 2–3 чалавек. Чаму вызваляюць порцыямі? Якога эфэкту хочуць дасягнуць?».

Класкоўскі: «Існуе некалькі матываў такой тактыкі. Па-першае, цяпер вызваляюць тых, хто напісаў прашэньне. Гэта рабілася пераважна пад ціскам. Прашэньні — гэта выйгрышны для ўладаў момант у піяраўскім пляне. Можна абвясьціць, што яны раскаяліся, таму ніякія не героі.

Па-другое, улады хочуць зьмікшаваць эфэкт вызваленьня вязьняў для свайго электарату. Каб не казалі, што „бацька“ даў слабіну. Па-трэцяе, каб Захад павёўся, закідаецца такая прынада. Маўляў, мы можам і астатніх выпусьціць. Але прызначайце нейкую цану.
Поле расчышчаецца ад шараговых удзельнікаў падзей 19 сьнежня, каб сканцэнтравацца на торгу вакол галоўных фігур, кандыдатаў у прэзыдэнты.

Па-чацьвёртае, улады ладзяць перадпродажную падрыхтоўку. Поле расчышчаецца ад шараговых удзельнікаў падзей 19 сьнежня, каб сканцэнтравацца на торгу вакол галоўных фігур, кандыдатаў у прэзыдэнты».

Старыкевіч: «Калі б іх выпусьцілі ўсіх разам, то ўлады б расьпісаліся ў тым, што яны не вінаватыя. А так іх вызваляюць часткамі. Спачатку вышлі тыя, хто напісаў прашэньне. Потым вызваляць тых, хто не пісаў.

А таксама — каб пацягнуць час і мець магчымасьць таргавацца з Захадам. Але гандаль палітвязьнямі не атрымаўся. ЭЗ стаіць на пазыцыі, што вязьні павінны быць вызвалены без усялякіх умоў».

Лукашэнка пагадзіўся адпусьціць палітвязьняў — што далей?


Карбалевіч: «МЗС Баўгарыі паведаміў, што міністар замежных спраў Баўгарыі Мікалай Младэнаў сустрэўся з Лукашэнкам у Менску на мінулым тыдні і падрыхтаваў ліст з прапановамі вышэйшаму кіраўніку ў справах зьнешняй палітыкі ЭЗ Кэтрын Эштан, а таксама міністрам замежных спраў. Паводле ліста, Лукашэнка пагадзіўся адпусьціць палітвязьняў да пачатку кастрычніка. Як можна гэта пракамэнтаваць? Вось сп. Старыкевіч кажа, што ЭЗ адмовіўся весьці торг. Але таемны візыт баўгарскага міністра ў Менск — хібе гэта ня торг?».

Класкоўскі: «Акрамя грошай (крэдытаў, інвэстыцый), Менску патрэбна процівага, абсяг для геапалітычнага манэўру, каб процістаяць ціску Масквы. Каб навесьці хоць ня вельмі трывалы, умоўна кажучы, пантонны мост з ЭЗ. Думаю, Эўропа рада ўхапіцца за нейкую магчымасьць і пачаць гульню зь Менскам. Бо наступ Масквы ЭЗ трывожыць.

Пытаньне ў тым, каб не атрымалася дэжавю, каб Эўропа зноў ня трапіла ў тую ж пастку. Патрэбная нейкая „дарожная мапа“. Каб моркаўкі беларускаму рэжыму давалі толькі за канкрэтныя крокі».

Старыкевіч: «Калі торг і ідзе, то дакладна не на ўмовах афіцыйнага Менску. Мы ведаем, што паабяцаў Лукашэнка ЭЗ, але ня ведаем, што Брусэль абяцае Менску. Думаю, на такіх перамовах гаворка ідзе пра дыялёг пасьля вызваленьня палітвязьняў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG