Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што такое восень? Гэта...


Што прынясе Беларусі восень? Якія наступствы будзе мець пакет антыкрызісных мер, абнародаваны ўладамі пры канцы жніўня? Наколькі імаверна, што незадаволенасьць народу выплюхнецца на вуліцы? Што будзе азначаць магчымае вызваленьне палітычных вязьняў, чуткі пра якое зьявіліся на гэтым тыдні? Над гэтымі пытаньнямі ў “Праскім акцэнце” разважаюць эканаміст, кіраўнік цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка, грамадзкая актывістка, юрыст Дар'я Каткоўская і палітоляг Юры Чавусаў.

Дракахруст: Што такое восень? - сьпяваў Юры Шаўчук. Вось я і прапаную паспрабаваць знайсьці адказ на гэтае пытаньне – чаго нам чакаць ад восені, «што жа будзе з радзімай і з намі»?

Напрыканцы лета ўлады нарэшце паведамілі свой адказ, па меншай меры ў эканамічнай сфэры – быў абнародаваны эскіз мераў, якія ўлада зьбіраецца зрабіць у барацьбе з эканамічным крызісам. Якія эканамічныя наступствы будуць мець гэтыя меры? Вось старшыня нацбанку Ермакова абяцае, што вышэй як 10 тысяч за даляр курс не сягне, што ня можа ня радаваць. Затое, абяцаюць, той самы запаветны даляр зьявіцца ў абменьніках. Чаго яшчэ чакаць?

Практычна мы выходзім на 200 даляраў сярэдняга заробку


Заіка: Зараз пойдзе хуткая балянсіроўка цэн па новым курсе, такі інфляцыйны скачок адбудзецца ў бліжэйшыя тыдні і месяцы. Таксама адбудзецца зьніжэньне заробкаў. Зараз ёсьць вялікі дысбалянс паміж патокамі прыбыткаў і выдаткаў, вельмі высокія цэны, насельніцтва скарачае спажываньне і практычна мы выходзім на 200 даляраў сярэдняга заробку. Прафсаюзы маўчаць, саюзы спажыўцоў маўчаць. Я думаю, што таксама будзе павялічвацца сацыяльная напружанасьць.
Інфляцыйны скачок адбудзецца ў бліжэйшыя тыдні і месяцы

Дракахруст: Дар'я, вы ў блогу на нашым радыё пісалі пра магчымыя наступствы працягу цяперашняга стану для бізнэсу, для камэрцыйных кампаній. Ну, а калі будуць зробленыя тыя меры, пра якія кажа ўрад - гэта палепшыць сытуацыю?

Я ня веру ў курс 10 тысяч рублёў за даляр


Каткоўская: Безумоўна палепшыць. Адзінае, што я ня веру ў курс у 10 тысяч рублёў за даляр, калі Ермакова кажа пра 10 тысяч, гэта значыць, што менш, чым за 10 тысяч прадаваць яго нельга.
Дар'я Каткоўская

Але ў любым выпадку для камэрцыйных кампаній, для іх супрацоўнікаў гэта будзе лепш, бо там заробкі даўным-даўно налічваюцца ў далярах і выплачваюцца па курсу Нацбанку. Так што для супрацоўнікаў фірмаў-імпартэраў збліжэньне курсу Нацбанку і рэальнага курсу - гэта плюс. Чым меншай будзе дэльта паміж імі, тым лепш будзе для эканомікі, хаця я ня веру ў 1.5-2 месяцы і ня вельмі веру ў тое, што гэта эскіз. Гэты эскіз быў агучаны яшчэ ў траўні, але тады ад яго адмовіліся. І я зараз ня бачу палітычнай волі, каб гэты эскіз быў рэалізаваны цягам 1.5-2 месяцаў.

Дракахруст: Юры, калі такія добрыя наступствы чакаюцца ад гэтых мераў, дык чаго зь імі цягнулі? Ці там будзе спалучэньне добрых і кепскіх момантаў?

Да лічбаў, якія агучвае Ермакова, трэба ставіцца гэтак жа, як да лічбаў, якія агучвае Ярмошына


Чавусаў: Як слушна заўважыла Дар'я, гэта ня першы такі антыкрызісны плян, які агучваецца ўрадам. І значэньне гэтых плянаў у першую чаргу псыхалягічнае. Урад ведае, што рабіць, Нацбанк ведае, што рабіць. Такім чынам усяляецца ўпэўненасьць у сярэднюю клясу. Але да лічбаў, якія агучвае сп-ня Ермакова, трэба ставіцца гэтак жа, як да лічбаў, якія агучвае сп-ня Ярмошына. Старшыня Нацбанку хацела б, каб курс быў прыблізна каля 10 тысяч, а ці атрымаецца гэта, залежыць ад таго, ці знойдуцца грошы, каб хоць неяк трымаць гэты курс. Улады ліхаманкава будуць шукаць грошы як па ўсім сьвеце, гэтак і ў краіне - крэдыты, інвэстыцыі, ну і кішэнях шэраговага беларуса.
Пошук грошай і распродаж прадпрыемстваў будуць знакамі гэтай восен

Сп-р Заіка сказаў, што падзеньне рэальных даходаў насельніцтва будзе працягвацца. На мой погляд, гэта безумоўна, таму што для ўраду Беларусі гэта фактычна адзіная магчымая крыніца, дзе можна эканоміць і не баяцца, што ўся сыстэма лясьнецца.

Гэты ліхаманкавы пошук грошай будзе вызначаць характар гэтай восені. Іншая справа, што банкрутам грошы не пазычаюць, а што да інвэстыцый, то нават расейскі бізнэс без палітычнага загаду зараз сюды ня йдзе. Застаецца адно - распродаж прадпрыемстваў. Менавіта пошук грошай і распродаж прадпрыемстваў будуць знакамі гэтай восені.

Дракахруст: Наступнае маё пытаньне – якраз наконт таго, што «кішэня беларуса фактычна адзіная магчымая крыніца, дзе можна эканоміць і не баяцца, што ўся сыстэма лясьнецца». Да якой мяжы?

Так выглядае, што ў цяперашняй сытуацыі ў сэнсе эканамічнай палітыкі выбар існуе толькі паміж кепскім і яшчэ горшым. Але як на гэта адрэагуе грамадзтва? Можа, яно неяк прыцярпелася, зьмірылася з тым, што, паводле біблейнага, «прайшлі 7 гадоў тлустых, прыйшлі 7 гадоў худых»? Незадаволенасьці, роспачы, нават агрэсіўнасьці хапае і ёсьць з чаго. Але ці ператворацца гэтыя пачуцьці ў нешта больш выразнае, скіраванае, скажам, на ўладу ці на каго іншага? Ці гэтае бурчэньне так і не пакіне кухні і курылкі? Вось, напрыклад, былы кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў упэўнены, што да канца году ўжо здарыцца нават перадача ўлады. Дар'я, вы зь ім згодны?

Бурчэньне будзе нарастаць, але тэмп яго росту не дазваляе мне лічыць, што да канца году адбудуцца сапраўдныя зьмены


Каткоўская:
Гэта гучыць вельмі добра, я б хацела, каб так было, але я не згаджуся з тым, што так будзе. Я люблю быць аптымістам, але мой досьвед і мае разуменьне падказваюць мне, што гэта ня скончыцца так хутка. Наколькі я магу назіраць тых людзей, зь якімі я маю стасункі па працы і ў сваім будзённым жыцьці (я не кажу пра актывістаў і тых, хто працуе ў "трэцім сэктары"), я пакуль бачу, што бурчэньне не нарастае такім тэмпам, каб да канца году адбылася перадача ўлады. І звонку няма рычагоў, каб націснуць, каб гэтая перадача ўлады адбылася настолькі хутка.

Сп-р Чавусаў казаў пра псыхалягічныя моманты. Ну, вось сп-р Саньнікаў слушна скарыстаў момант для псыхалягічнага ціску, робячы такія заявы. Гэта правільна і так і трэба рабіць, але тое што я бачу... -- не, бурчэньне будзе нарастаць, але тэмп яго росту не дазваляе мне лічыць, што да канца году адбудуцца сапраўдныя зьмены.

Дракахруст: Леанід, а якая ваша ацэнка? Перадача ўлады ці не, але гэтай восеньню, калі адбудзецца "вяртаньне ў рэчаіснасьць" і будуць 200 даляраў сярэдняга заробку -- ці можа гэтае абурэньне выплюхнуцца на вуліцу ў выразных палітычных формах?

Чакаць, што Саньнікаў выйдзе на волю, і ўсе імгненна кінуцца шукаць новага прэзыдэнта - нерэалістычна


Заіка: Я ня думаю, што ёсьць эканамічны грунт для таго, каб сытуацыя стала нецярпімай з пункту гледжаньня ўзроўню спажываньня. Людзі ўжо рэструктурызавалі свае выдаткі, беларусы, хатнія гаспадаркі адаптуюцца хутчэй, чым урад.
Леанід Заіка

Лукашэнка таксама хлопец недурны. Ён правёў гэтую нараду і сказаў, што праз месяц-паўтара мы зробім адзіны абмены курс. Гэта можна зрабіць, гэта было зроблена ў 1999 годзе і атрымалася някепска. І калі гэта будзе зроблена, наступіць усеагульная радасьць. 90% менчукоў, якія, паводле выразу Лукашэнкі, "пішчаць, як чакаюць даляраў", будуць вельмі радыя. Выйдзе Аляксандар Рыгоравіч і скажа: "Што вы хацелі, тое я вам і зрабіў".'

Да таго ж, калі глядзець на разьмеркаваньне даходаў, то беларусы, якія працуюць на экспартнаарыентаваных прадпрыемствах, гэта каля 75 буйных прадпрыемстваў, і зараз пачуваюцца някепска. Іх прадпрыемствы заліваюцца валютай.
Улада пакуль трымае сытуацыю пад кантролем, пакуль сытуацыя з разьбы не сарвалася.

Гэтым таксама можна маніпуляваць і нівэляваць народную занепакоенасьць да такога ўзроўню, што яна наагул не праявіцца.

Таму чакаць, што Андрэй Алегавіч выйдзе на волю, і ўсе імгненна кінуцца шукаць новага прэзыдэнта, яго абяруць і ўсе астатнія кандыдаты стануць чальцамі ўраду - гэта нерэалістычна і казаць пра гэта сэнсу няма.

Улада пакуль трымае сытуацыю пад кантролем, пакуль сытуацыя з разьбы не сарвалася. Мае дасьледаваньні нашага бізнэсу паказваюць, што ён зараз някепска зарабляе, асабліва на экспарце. У Беларусі зачыняюцца крамы, якія гандлююць мясам, добра ідзе на экспарт малочная прадукцыя. Пры дапамозе дэвальвацыі адбылося разьмеркаваньне як сукупнага нацыянальнага прадукту, гэтак і сэктаральных прыбыткаў. Я не чакаю сур'ёзных выступаў пратэсту.

Дракахруст: Юры, а вы згодны з калегамі? Вось сп-р Заіка назваў лічбу - 200 даляраў сярэдняга заробку. Але ж напрыканцы мінулага году сапраўды было 500. І тут больш чым удвая менш. Людзі ходзяць па крамах, па рынках, жахаюцца ад цэнаў, зьнікаюць пэўныя тавары. І пры тым усё будзе ціха спакойна?

У Менску, ды і па ўсё Беларусі, зьмяніўся дух часу, Лукашэнку больш ня любяць


Чавусаў: Тая карціна, якую намаляваў сп-р Заіка, яна несуцяшальная, гэта такая Малдова з эгіпецкімі пірамідамі: усё насельніцтва зарабляе 200 даляраў, а нейкія экспартнаарыентаваныя прадпрыемствы, якіх вельмі мала, маюць звышдаходы. У межах той аналёгіі, якую вы, сп-р Юры, задалі ў нашай размове - пра 7 гадоў тлустых і 7 гадоў худых, варта прыгадаць, што тады, у старажытным Эгіпце, пра які гаворыцца ў Бібліі, справа скончылася там, што мы б зараз назвалі палітычным крызісам.
Юры Чавусаў

Сп-р Саньнікаў кажа, што зьмена ўлады можа здарыцца да канца гэтага году. Але тое самае ён казаў і ў мінулым годзе.

А калі сур'ёзна, то зьбядненьне народу сапраўды катастрафічнае, асабліва яскрава гэта назіраецца ў Менску. Але веснавы шок пакуль зьмяніла стратэгія адаптацыі, пераразьмеркаваньне выдаткаў у межах сямейных бюджэтаў. Пакуль людзі занятыя прыстасаваньнем да сёньняшняга стану эканомікі ў спадзяваньні, што яшчэ аднаго такога абвалу, як было ўвесну, у Беларусі ня здарыцца. Пратэстныя настроі пашыраюцца, незадаволенасьць уладай павялічваецца, але пакуль што ўсё гэта знаходзіць выйсьце ў непалітычных сфэрах - мы назіраем рост злачыннасьці, спантанныя, кропкавыя пратэсты.

Колькасьць іх безумоўна будзе расьці, і павялічыцца верагоднасьць спантаннага бунту - з-за канфлікту ў чарзе па каўбасу, ці на нейкім рынку, ці на памежным пераходзе, празь які людзі вязуць тавары за мяжу ў спадзяваньні зарабіць нейкую капейчыну. Але для апазыцыі спрыяльных умоваў для акцыяў пратэсту не назіраецца.

Я б сказаў, што апазыцыі зараз трэба займацца не антыкрызіснай, а палітычнай агітацыяй. Бо народ хоча ведаць, хто вінаваты і што рабіць.

Варта адзначыць яшчэ адзін момант. Мы шмат кажам пра эканоміку, але ў Менску, ды і па ўсёй Беларусі, зараз зьмяніўся дух часу. Лукашэнку больш ня любяць, гэта ўжо не рыторыка апазыцыі, а факт.

У нулявыя гады мы прызвычаіліся да тэзісу сацыёлягаў і палітолягаў пра рацыяналізацыю падтрымкі Лукашэнкі, што працуе так званы сацыяльны кантракт. Зараз гэты кантракт разбалянсаваўся, а ранейшага рэсурсу харызматычнай падтрымкі не аказалася. Разьлік больш не працуе, любові да кіраўніка дзяржавы больш няма, грошай няма, застаецца адзіны рэсурс у Лукашэнкі - гэта звычка, легітымнасьць вечнага кіраўніка дзяржавы, які і ў тлустыя, і ў худыя гады вечна кіруе краінай. Гэта адзінае, на чым зараз улада трымаецца. І для Лукашэнкі гэта глыбокая псыхалягічная траўма. Адна справа - быць проста прэзыдэнтам меншасьці, прэзыдэнтам у сытуацыі эканамічнага крызісу, і зусім іншая справа - быць прэзыдэнтам, якога народ ня любіць. І ён ведае, што народ яго ненавідзіць.

І сёньня найбольшая небясьпека не ў эканоміцы, а ў сьветаўспрыняцьці Лукашэнкі, у тым, як ён трактуе гэтую сытуацыю, як ён мяркуе яе вырашаць. І варыянты тут могуць быць самыя небясьпечныя.
Быць прэзыдэнтам, якога народ ня любіць - для Лукашэнкі гэта глыбокая псыхалягічная траўма.

Дракахруст: Самай вялікай сэнсацыяй апошняга часу стала паведамленьне агенцтва Reuters пра тое, што Лукашэнка хутчэй за ўсё да канца верасьня вызваліць усіх палітвязьняў. Якіх усіх? Ну відаць тых, каго лічыць палітвязьнямі Захад. Наколькі вам падаецца праўдападобнай гэтая інфармацыя? Якія ўнутрыпалітычныя і зьнешнепалітычныя наступствы будзе мець такі крок?

Вызваленьне палітвязьняў будзе працягнутае, але яно зацягнецца да наступных парлямэнцкіх выбараў


Чавусаў: Досьвед 2008 году паказвае, што вызваленьне палітвязьняў магчымае, ў тым ліку і тых палітвязьняў, якія зьяўляюцца асабістымі ворагамі кіраўніка дзяржавы. Але я не падзяляю аптымізму наконт хуткасьці такога вызваленьня. Нагадаю, што зусім нядаўна Лукашэнка казаў, што ў нас сядзяць 3-4 чалавекі, маючы напэўна кандыдатаў у прэзыдэнты і вядомых палітыкаў. Казулін сядзеў 2 гады, і гэтыя 2 гады - 2006-2008 - дыялёг з Эўропай на глебе славутых 12-ці прапановаў ЭЗ працягваўся, ён разьвіваўся, нягледзячы на тое, што палітвязьні знаходзіліся за кратамі. Я не думаю, што да кастрычніка гэтае абяцаньне будзе выкананае.

Зь іншага боку, вы сказалі - вызваленьне тых, каго Захад лічыць палітвязьнямі. Палітвязьняў у нас шмат. Гэта ня толькі тыя, якіх пасадзілі па справе 19 сьнежня, але гэта і сп.сп. Дашкевіч і Лобаў, якія былі асуджаныя за нібыта гвалтоўнае злачынства, і сп. Бяляцкі, ўзяты за краты зусім нядаўна, і сп. Аўтуховіч, і нарэшце анархісты, якія ёсьць палітвязьнямі, але Захад іх вязьнямі сумленьня не прызнае.
Такім чынам прастора для дыялёгу ў Лукашэнкі, для размоваў пра вызначэньне таго, каго Захад лічыць палітвязьнямі -- гэтая прастора даволі вялікая. Таму мой прагноз: вызваленьне палітвязьняў будзе працягнутае, але яно зацягнецца да наступных парлямэнцкіх выбараў. Недзе каля году гэты працэс будзе цягнуцца, бо гэта -- галоўны рэсурс у руках Лукашэнкі, гандаль людзьмі. Бясцэнны рэсурс у ягонай сытуацыі.

Дракахруст: Леанід, а якія адказы на гэтыя пытаньне: ці будуць вызваленыя палітвязьні і як хутка, і калі яны будуць вызваленыя, то як зьменіцца сытуацыя, ці можа яна, фігуральна кажучы, вярнуцца ў 18 сьнежня? Захад сказаў, што палітвязьні - гэта не прымальна, іх выпусьцяць і ізноў пачнецца дыялёг, магчыма грошы дадуць.

Падзеі 19 сьнежня і пасьля - гэта пастка Крамля, ў якую Лукашэнка ўляцеў


Заіка: Я пісаў пра тое, што падзеі 19 сьнежня і пасьля - гэта пастка Крамля, ў якую Лукашэнка ўляцеў. Ён цалкам адрэзаў сябе ад заходняга, эўрапейскага, амэрыканскага палітычнага істэблішмэнту, ён у гэтым выпадку прайграў. Я і раней казаў, што чым раней Лукашэнка выпусьціць гэтых людзей, тым хутчэй ён зможа аднавіць нармальную сытуацыю. Зараз у яго адзін шлях - у Крэмль, а там - палкоўнік Пуцін. І ў прынцыпе ён, зразумела, павінен пазбавіцца ад гэтага грузу.

Дракахруст: Леанід, а ці ня можа так быць, што Лукашэнка зараз ад гэтага грузу пазбавіцца, а Захад вырашыць, што гэта сьведчаньне слабасьці Лукашэнкі і што далейшы моцны ціск прывядзе да такой жа прыгажосьці, як зараз ў Трыпалі?

Лукашэнку важней аднавіць раўнавагу паміж ЭЗ і Масквой


прастора для дыялёгу ў Лукашэнкі, для размоваў пра вызначэньне таго, каго Захад лічыць палітвязьнямі -- гэтая прастора даволі вялікая
Заіка: Я так ня думаю. Для Лукашэнкі Захад - не манна нябесная. Ён ідэалягічна і псыхалягічна адчужаны ад яго. Лукашэнку важней аднавіць раўнавагу паміж ЭЗ і Масквой. Апошні год ён быў вымушаны гуляць на баку Крамля, ён падпісаў 17 дакумэнтаў пра мытны саюз, ён стаў займацца АДКБ і г.д. Лукашэнка - самадастатковы палітык. Наўрад ці яго можна разбалянсаваць спасылкамі на тое, што Захад палічыць яго слабым.

Практычна ён усё ж кантралюе краіну, кантралюе асноўныя працэсы, ён разумее, што няўнасьць палітвязьняў, таго ж Саньнікава - гэта акцыя ў падтрымку пакутнікаў-дэмакратаў. Хай яны будуць на свабодзе. Якая шкода будзе ад іх? Ніякай абсалютна.

Лукашэнку важней вызваліцца ад гэтай крамлёўскай пасткі, ад людзей, якія сталі закладнікамі яго памылковых рашэньняў. Яго падставілі, яго падвялі, ім маніпулявалі. Таму ён і абвясьціў "круглы стол ", ён зьбіраецца весьці эканамічна пісьменную манетарную палітыку, ён зьбіраецца ісьці на ўнутрыбеларускі дыялёг, на які запрашае эўрапейцаў і расейцаў. Ён аднаўляе свае дамінаваньне.

Дракахруст: Дар'я, а вы згодны з Леанідам?

Каткоўская: Не згаджуся. Калі адказваць на першае пытаньне - калі і як, то мне бліжэй пункт гледжаньня сп-ра Чавусава, я думаю, што вызваленьне будзе цягнуцца дастаткова доўга, маленькімі партыямі, праграма-максымум для Лукашэнкі -- гэта выціснуць з максымальнай колькасьці вязьняў просьбы аб памілаваньні і толькі апошнім крокам будзе вызваленьне тых людзей, якія гэтыя лісты ніколі не напішуць. Я нават не магу даць прагноз, пад якім соўсам гэта будзе зроблена. Мне бачыцца, што працэс будзе цягнуцца прынамсі да вясны. Вызваленьне гэтых невялічкіх порцый будзе рабіцца тады, калі трэба будзе зьняць нейкую напружанасьць. Што да "круглага стала", то я не магу нават згадзіцца з тым, што ён быў прапанаваны. Пакуль гэта ўсё маніпулятыўныя заявы, якія не маюць пад сабой сур'ёзнага грунту, гэта проста зацягваньне працэсу з тым, каб паглядзець, якія бонусы можна з гэтага выгандляваць.

Дракахруст: Дар'я, вы калі адказвалі на маё пытаньне пра прагноз грамадзкіх настрояў, адзначылі, што ёсьць істотныя адрозьненьні ў адчуваньнях, уяўленьнях, успрыняцьці паміж актывістамі і астатнім насельніцтвам. Дык вось калі гэтае вызваленьне палітвязьняў адбудзецца - гэта стане падзеяй для ўсяго грамадзтва ці адно для кола іх аднадумцаў і прыхільнікаў, а астатняе грамадзтва гэта і не заўважыць?

Вызваленьне палітвязьняў будзе падзеяй і перамогай для невялікай часткі грамадзтва


Я думаю, вызваленьне палітвязьняў будзе падзеяй і перамогай. Калі закладнікі, захопленыя тэрарыстамі, выходзяць жывыя і здаровыя - гэта перамога
Каткоўская: Я думаю, вызваленьне палітвязьняў будзе падзеяй і перамогай. Калі закладнікі, захопленыя тэрарыстамі, выходзяць жывыя і здаровыя - гэта перамога. Але згаджуся з вамі - падзея і перамога для невялікай часткі грамадзтва. Іншыя не тое, каб гэта не заўважаць, гэта можа быць успрынята як знак надзеі на тое, што палепшыцца эканамічная сытуацыя. Усё роўна думкі будуць пра страўнік: калі гэта адбываецца, значыць ёсьць пэўная надзея, што нам нехта дапаможа, будуць зробленыя грашовыя ўліваньні ў эканоміку, а гэта значыць, што будзе нейкая стабілізацыя.

Бо па настроях не сярод актывістаў, а ў звычайным грамадзтве, я бачу, што думкі большасьці скіраваныя на вяртаньне стабільнасьці: так, мы незадаволеныя, мы гатовыя ўжо ня толькі на кухні, але ў тралейбусе сказаць пра сваё незадавальненьне, але калі даць сёньня выбар, я мяркую, што большасьць выбрала б вяртаньне ў ранейшую стагнацыйную стабільнасьць, а не крок наперад, на іншы ўзровень.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG