Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля абменных пунктаў беларускіх банкаў ужо фактычна няма чэргаў. Часам дзяжураць адзін-два чалавекі, але валюты ў абменьніках няма. Здаюць яе вельмі рэдка. Як беларусы ў такіх умовах вырашаюць валютнае пытаньне?

Запісвацца на набыцьцё валюты па афіцыйным курсе беспэрспэктыўна — падыходзіць чарга тых, хто стаў яшчэ ў траўні, сьцьвярджае спадар Павал:

«Мой сваяк зьвяртаўся ў адзін з абменьнікаў, дзе стаіць чарга па запісе. Там запісана ўжо 800 чалавек, а ў дзень толькі адзін чалавек атрымлівае валюту, таму яны проста спынілі запіс».

Пытаюся ў касіркі абменнага пункту на чыгуначным вакзале, дзе ёсьць хоць нейкі рух, бо прыяжджаюць людзі зь іншых краінаў:

Карэспандэнтка: «Наагул, народ здае валюту?».

Касірка: «Вельмі мала. Сёньня фактычна за дзень у абменьнік зайшло літаральна тры чалавекі. Хтосьці здаў крыху ўкраінскіх грыўняў, хтосьці крыху расейскіх, і ўсё».

Словы касіркі пацьвярджае і хлопец, які дзяжурыць каля абменьніка:

«Я два з паловай месяцы чакаў сваёй чаргі. Сёньня раніцай яна дайшла. Бываюць у асноўным толькі расейскія рублі. Я з раніцы толькі 1 тысячу рублёў набыў, і ўсё».

Ахвотных распавесьці, якім чынам людзі вырашаюць валютную праблему ў пэрыяд адпачынкаў, аказалася няшмат. Адна спадарыня разгаварылася:
Ясна, што ў абменьнік не хаджу. Таму што трэба быць поўным ідыётам, каб мяняць па курсе, які ў два разы ніжэйшы за рэальны

«Ясна, што ў абменьнік не хаджу. Таму што трэба быць поўным ідыётам, каб мяняць па курсе, які ў два разы ніжэйшы за рэальны. Узгадалі практыку 1990-х гадоў. У кагосьці ёсьць знаёмыя валютчыкі, у кагосьці — індывідуальныя прадпрымальнікі, у кагосьці — ахвотныя адпачыць за мяжой. Мяняць валюту ў такіх людзей — не праблема».

Карэспандэнтка: «А яны не баяцца праверак, праслухоўваньня тэлефонаў?».

«Стараесься альбо праз добра знаёмых людзей гэта рабіць, альбо сьпісвацца праз скайп. У мяне ёсьць знаёмы, які карыстаецца сайтам prokopovi.ch: мяняў праз банк. А потым розьніцу даплачвалі самі. То бок выйсьце заўсёды можна знайсьці. Проста дзейнічаць трэба асьцярожна. Ну, а на „мянтоў“, я думаю, чуйка заўсёды ёсьць у народа».

У рэгіёнах таксама людзі знаходзяць выйсьце. У Воршы, да прыкладу, існуе, як яго празвалі ў народзе, «Віетнамбанк». Пра яго распавядае аршанец Павал:

«Гэта два домікі ў цэнтры Воршы, дзе пражываюць пераважна выхадцы зь Віетнаму, якія засталіся яшчэ з савецкага часу, калі прыехалі на ільнокамбінат. І яны кругласутачна выходзяць з пад’езду, стаяць у пад’езьдзе і прапануюць свае паслугі па абмене валют. Пару дзён таму курс куплі быў 8 тысяч, калі буйная партыя — 8200 рублёў за даляр. А продаж — 8400».

Карэспандэнтка: «А міліцыянты пра гэта ведаюць? Няма апасеньняў, што могуць „накрыць“, канфіскаваць грошы?».

«Самае дзіўнае, што міліцыя і мясцовы КДБ знаходзяцца ад гэтага „Віетнамбанку“ літаральна за 500 мэтраў. Бываюць розныя гісторыі, як затрымлівалі віетнамцаў, канфіскоўвалі валюту. Але я асабіста сьведкам такога ня быў, гэта на ўзроўні чутак».

Такім чынам, пакуль урад корміць народ абяцаньнямі, што хутка сытуацыя на валютным рынку стабілізуецца, а экспэрты прагназуюць, колькі зьявіцца курсаў валют, людзі самі знайшлі спосаб, як абыходзіць забароны і абмежаваньні.
XS
SM
MD
LG