Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: Галіну Стараселец зноў аштрафавалі


Сёньня суд Цэнтральнага раёну Гомеля паўторна прызнаў Галіну Стараселец вінаватай у брыдкаслоўі ў грамадзкім месцы і чарговы раз пакараў 105-тысячным штрафам.

Спадарыню Стараселец міліцыя выпадкова затрымала 3 ліпеня на вуліцы абласнога цэнтру пасьля таго, як тут скончылася маўклівая акцыя пратэсту «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку». Жанчына размаўляла з сынам па мабільным тэлефоне. Міліцыянты затрымалі жанчыну й абвінавацілі ў лаянцы. Ноч яна правяла ў ізалятары часовага ўтрыманьня.

4 ліпеня судзьдзя Алена Цалкова аштрафавала Галіну. Аднак па яе скарзе абласны суд адмяніў пастанову, бо не былі дапытаныя сьведкі з боку абвінавачанай, а прозьвішча міліцэйскага сьведкі ў пратаколе і ў судзе адрозьнівалася.

Гэтым разам адміністрацыйную справу нанава разглядала судзьдзя Марына Дамненка. Яна зноў прызнала спадарыню Стараселец вінаватай у лаянцы.

Паказаньні сьведкі наконт таго, што ў момант затрыманьня Стараселец сапраўды размаўляла праз мабільнік з сынам, судзьдзя адрынула, а сьведчаньне міліцыянта Аляксандра Сюзева, які вінаваціў жанчыну ў лаянцы, прызнала праўдзівым.

Пакараная жанчына лічыць, што суд над ёю выглядаў цынічным фарсам, таму яна наважана абскардзіць і сёньняшнюю пастанову на штраф.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG